КДБ прызнаў «экстрэмісцкімі фармаваннямі» медыі Магілёўшчыны
У пералік «экстрэмісцкіх фармаванняў» на сайце Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі ўключаныя рэгіянальныя медыярэсурсы: YouTube-канал 6TV Bielarus, інфармацыйны сайт «Магілёў. Media» («Навіны Магілёўскага рэгіёну»), а таксама іх шматлікія акаўнты ў сацыяльных сетках і месенджарах.
Паводле абвесткі на сайце МУС ад 4 снежня 2023 года, рашэнне «Аб прызнанні групы грамадзян экстрэміскім фармаваннем і забароне ягонай дзейнасці» прынятае Камітэтам дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь 29 лістапада 2023 года і ў гэты ж дзень уступіла ў законную сілу.
У якасці групы грамадзян, якія здзяйснялі «экстрэмісцкую дзейнасць» на згаданых медыярэсурсах, КДБ пералічыў журналістаў з Магілёва: Змітра Салаўёва, Уладзіміра Лапцэвіча і Аляксандра Буракова (старэйшага).
На сёння ўсе трое журналістаў знаходзяцца за межамі Беларусі. Яны былі вымушаныя пакінуць краіну пасля пратэсных падзей 2020 года з прычыны пераследу і ціску за прафесійную дзейнасць.
Паводле дзеючага беларускага заканадаўства, асобы, прызнаныя ўдзельнікамі экстрэмісцкага фармавання, могуць быць прыцягнутыя да крымінальнай адказнасці па артыкулах «Стварэнне экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзел у ім» (арт. 361–1 КК) ці за «Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» (арт. 361–4 КК). Санкцыі паводле гэтых артыкулаў — да 10 гадоў пазбаўлення волі.