Казахскі журналіст памёр у кіеўскай лякарні. 13 дзён таму ў яго стралялі
2 ліпеня а 3‑й ночы па Кіеве ў лякарні памёр казахскі журналіст-апазіцыянер Айдас Садыкаў. Журботную навіну ў сацсетках паведаміла яго жонка Наталля. Спадар Айдас стаў ахвярай кілера.
Сёння раніцай Наталля Садыкава напісала на сваёй старонцы ў Facebook пра заўчасную смерць свайго мужа:
«Мой горача любімы муж, бацька нашых траіх дзяцей, вялікі сын казахскага народа. Айдас аддаў сваё жыццё за Казахстан, прыняў пакутніцкую смерць ад рукі кілераў. Трынаццаць дзён Айдас змагаўся за жыццё ў рэанімацыі, але цуду не здарылася. Яго смерць на сумленні Такаева».
Нагадаем, 18 чэрвеня ў Шаўчэнкаўскім раёне Кіева невядомы падышоў да аўто казахскага журналіста-апазіцыянера і стрэліў у 56-гадовага мужчыну. Побач з Айдасам сядзела яго жонка, але яна не пацярпела.
Спадар Садыкаў з сям’ёй пераехаў з Казахстана ў Кіеў ў 2014 годзе. На радзіме журналіст падвяргаўся крымінальнаму пераследу, як ён сцвярджае, па палітычных матывах. Сужанцы не адмовіліся ад журналійскай дзейнасці: яны вялі ўласны Youtube-канал Бәсе, дзе крытыкавалі ўлады Казахстана і алігархаў.
Увосень 2023 года Айдас і Наталля Садыкавы былі абвешчаныя казахскімі ўладамі ў вышук па абвінавачанні ў распальванні варожасці.
18 чэрвеня на рэсурсе выйшла відэа пад назвай «Прэзідэнт Казахстана стаў марыянеткай расійскіх агентаў уплыву».
Кіеўская пракуратура распачала дасудовае расследаванне па артыкуле «Замах на наўмыснае забойства».