Кастусю Мардзвінцаву – штраф 20 базавых, Таццяне Севярынец – 25
Яшчэ двое ўдзельнікаў віцебскай фотасесіі аштрафаваныя.
Як перадае служба маніторынгу ГА «БАЖ», спачатку суддзя Алена Цыганкова збіралася правесці суд у закрытым рэжыме ў сваім кабінеце. Каб трапіць на слуханні, журналістам давялося звяртацца да старшыні суда: толькі пасля гэтага ў кабінет упусцілі 5 чалавек (па колькасці крэслаў).
Суддзя не задаволіла хадайніцтва Мардзвінцава на ўдзел у працэсе перакладчыка.
Яна высвятляла таксама, ці быў ва ўдзельнікаў фотасесіі дазвол на правядзенне групавых фотаздымкаў.
Кастусь Мардзвінцаў атрымаў штраф памерам 20 базавых велічынь, Таццяна Севярынец — 25.
Такім чынам, ужо пяцёра ўдзельнікаў фотасесіі з сямі ідэнтыфікаваных міліцыяй атрымалі штрафы. Нагадаем, што 28 лістапада судзілі Змітра Казакевіча, Алену Сцяпанаву (20 базавых велічынь кожны) і Алену Шабуню — 18 базавых.
У судзе 1 снежня высветлілася, што пратакол складзены ўжо і на жыхара Віцебска Пятра Берлінава — шараговага мінака, які далучыўся да фотасесіі. Суд над ім адбудзецца 3 снежня.
На праваабаронцу Паўла Левінава пратакола пакуль няма — ён заявіў, што будзе заключаць дамову з абаронцам, і таму яго візіт у міліцыю да маёра Рыбакова перанесены», — паведмаляе Радыё «Свабода».