Журналісцкія байкі: Як радыёстанцыя «Беларуская маладзёжная» адзначыла 1 красавіка
«...Я была адхіленая ад выканання абавязкаў галоўнага рэдактара на 2 тыдні, тады ж была адхіленая ад эфіру група, якая працавала ў эфіры. Скандал быў неймаверны»...
«Уся наша рэдакцыя неяк наважылася ў сваім трохгадзінным эфіры па-сапраўднаму адзначыць 1 красавіка. Адзін з жартаў быў, я лічу, абсалютна бліскучай рэжысёрскай работай. Абвяшчалася, што за Кальцавой дарогай знойдзена “поле цудаў”, і на тым полі цудаў такая страшэнная колькасць каштоўнасцяў сярэднявечча, што археолагі не спраўляюцца ўсё выкопваць. І што, маўляў, можна ўзяць рыдлёўку і ліхтарык, збор – у столькі-та, аўтобусы чакаюць на плошчы каля філармоніі…
Гэта перамяжоўвалася сведчаннямі гісторыкаў, экспертаў, якія расказвалі пра каштоўнасць тых выкапняў, пра тое, якія ўзнагароды чакаюць і г.д. І гэта спрацавала, як па Уэлсе — “Война миров”. Народ проста ламануўся званіць і ўдкладаняць па ўсіх магчымых тэлефонах дзяржаўнага радыё: а які час адпраўлення аўтобуса, а ці можна браць з сабою ваду, а ў якіх аб’ёмах… Поўны жах. Поўны тэлефонны хаос у студыях.
Але самае галоўнае, што гэтая ўся “гульня са слухачамі” перамяжоўвалася абвесткамі голасам “а‑ля Левітан”: “Чакайце паведамленне ТАСС…” Толькі пасля прыйшло асэнсаванне, наколькі сур’ёзнымі могуць быць наступствы. Спыняліся канвееры, людзі чакалі паведамлення ТАСС….
Самое тое “паведамленне ТАСС” урэшце звялося да таго, што гэта ўсё жарт, і сёння 1 красавіка. Але перад тым, як яно прагучала, прыйшло патрабаванне ўключыць на першай праграме Авальную залу, дзе адбывалася пасяджэнне Вярхоўнага Савета. І таму роўна апоўдні “БМ” пераключылі з 1 праграмы на 2‑ю, і слухачы засталіся ў поўным неразуменні – што адбылося, куды што падзелася, дзе паведамленне? А ажыццяўленне “драматургічных задумаў” адбывалася ўжо на 2‑й праграме.
Пасля заканчэння перадачы пачаліся “чорныя гадзіны”: я была адхіленая ад выканання абавязкаў галоўнага рэдактара на 2 тыдні, тады ж была адхіленая ад эфіру група, якая працавала ў эфіры. Скандал быў неймаверны.
Але, я думаю, яшчэ пройдзе час, і гэтая старонка ўвойдзе ў якую-небудзь нефармальную кнігу гісторыі беларускага радыёвяшчання…»
Жанна ЛІТВІНА