«За адданасць прафесіі» — юбілейны конкурс ГА «БАЖ» (да 15 верасня)
У 2019 годзе Гомельская філія ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” у 10-ы раз праводзіць конкурс “За адданасць прафесіі” ў гонар выдаўца і журналіста Уладзіміра Вербавікова.
Як падаць заяўку на ўдзел у конкурсе?
На конкурс прымаюцца публікацыі, тэле- і радыёрэпартажы сябраў ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”, якія былі надрукаваныя альбо выйшлі ў эфір з 1 верасня 2018 года па 31 жніўня 2019 года і мелі грамадcкі розгалас.
Прэтэндэнта на дыплом «За адданасць прафесіі» (журналіста, выдаўца ці распаўсюдніка СМІ) можа вылучыць любая суполка ГА «БАЖ» альбо ён можа вылучыцца самастойна.
Для гэтага неабходна падаць у Гомельскую філію ГА «БАЖ» (e‑mail: baz.homiel@gmail.com) нарыс, артыкул, карэспандэнцыю альбо рэпартаж, якія выклікалі грамадcкі рэзананс.
У заяўцы трэба ўказаць, у якім СМІ яны былі змешчаны і калі, зрабіць спасылку на публікацыю. Назваць таксама імя, імя па бацьку, прозвішча намінанта, род яго занятку. Заяўкі прымаюцца да 15 верасня 2019 года. Вынікі будуць падведзены напрыканцы верасня.
Інфармацыя пра конкурс імя Уладзіміра Вербавікова
Конкурс з уручэннем дыплома «За адданасць прафесіі» быў запачаткаваны Гомельскай філіяй ГА «БАЖ» у 2009 годзе на знак памяці журналіста і выдаўца Уладзіміра Вербавікова.
2 траўня 2008 года Уладзімір Вербавікоў заўчасна пайшоў з жыцця. Праз год Гомельская гарадская арганізацыя БАЖ запачаткавала конкурс «За адданасць прафесіі». Такую назву конкурсу вырашылі даць, улічыўшы ўпартасць і настойлівасць, з якімі Уладзімір Вербавікоў рабіў сваю справу, нягледзячы на шматлікія перашкоды.
Мэты конкурсу:
-
Адзначыць і зрабіць вядомымі грамадскасці выдаўцоў, рэдактараў, журналістаў, карэспандэнтаў, аператараў, фатографаў, распаўсюднікаў друкаваных СМІ, якія сумленна працуюць, нягледзячы на перашкоды.
-
Выказаць падтрымку і салідарнасць з калегамі, якія пацярпелі ад уціску і дыскрымінацыі на прафесійнай глебе і праявілі мужнасць, адстойваючы свае правы на прафесійную дзейнасць.
За 10 гадоў існавання конкурсу “За адданасць прафесіі” пераможцамі станавіліся рэдактар беларускай службы InformNapalm.org і журналіст «Новага Часу» Дзяніс Івашын, блогер Андрэй Павук, журналістка Таццяна Бублікава, радыёжурналісты Мікола Бянько і Юлія Сівец, фрылансеры Ларыса Шчыракова і Кастусь Жукоўскі, відэааператар Аляксандр Баразенка, тэлежурналіст Яўген Меркіс і многія іншыя.