«За адданасць прафесіі» — штогадовы конкурс ГА «БАЖ» (да 9 верасня)
На конкурс прымаюцца публікацыі, тэле- і радыёрэпартажы, якія былі надрукаваныя альбо выйшлі ў эфір з 1 верасня 2017 года па 31 жніўня 2018 года і мелі грамадcкі розгалас.
Прэтэндэнта на дыплом «За адданасць прафесіі» (журналіста, выдаўца ці распаўсюдніка СМІ) можа вылучыць любая суполка ГА «БАЖ» альбо ён можа вылучыцца самастойна.
Для гэтага неабходна падаць у Гомельскую філію ГА «БАЖ» (e‑mail: bianko.mikalai@gmail.com) нарыс, артыкул, карэспандэнцыю альбо рэпартаж, якія выклікалі грамадcкі рэзананс.
У заяўцы ўказаць, у якім СМІ яны былі змешчаны і калі, зрабіць спасылку на публікацыю. Назваць таксама імя, імя па бацьку, прозвішча намінанта, род яго занятку. Заяўкі прымаюцца да 9 верасня 2018 года. Вынікі будуць падведзены напрыканцы верасня.
Конкурс з уручэннем дыплома «За адданасць прафесіі» быў запачаткаваны Гомельскай філіяй ГА «БАЖ» у 2009 годзе на знак памяці журналіста і выдаўца Уладзіміра Вербавікова.
Шлях Уладзіміра Вербавікова ў журналістыцы пазначаны дзвюма вызначальнымі падзеямі. Першая – праца ў «раёнцы» ў Нароўлі ў той самы год, калі адбылася катастрофа на Чарнобыльскай АЭС. Другая – заснаванне і рэдагаванне недзяржаўных газет ужо ў Гомелі. Спачатку гэта была «Гомельская думка», а пасля яе закрыцця, дакладней здушэння – «Вольны час». Апошнюю газету Уладзімір Вербавікоў прадбачліва зарэгістраваў «пра запас». «Вольны час» – выданне не для коміксаў і «лёгкага чытання», а для вольных і думаючых людзей, якія гатовыя набліжаць час волі.
2 траўня 2008 года Уладзімір Вербавікоў заўчасна пайшоў з жыцця. Праз год Гомельская гарадская арганізацыя БАЖ запачаткавала конкурс «За адданасць прафесіі» – на знак памяці выдаўца і рэдактара. Такую назву конкурсу вырашылі даць, улічыўшы ўпартасць і настойлівасць, з якімі Уладзімір Вербавікоў рабіў сваю справу, нягледзячы на шматлікія перашкоды. Узята пад увагу і такая акалічнасць: на 1‑м рэспубліканскім Фестывалі недзяржаўнай прэсы ў 2000 годзе газета «Гомельская думка» атрымала дыплом лаўрэата ў намінацыі «За адданасць прафесіі».
Мэты конкурсу:
— Адзначыць і зрабіць вядомымі грамадскасці выдаўцоў, рэдактараў, журналістаў, карэспандэнтаў, аператараў, фатографаў, распаўсюднікаў друкаваных СМІ, якія сумленна працуюць, нягледзячы на перашкоды.
— Выказаць падтрымку і салідарнасць з калегамі, якія пацярпелі ад уціску і дыскрымінацыі на прафесійнай глебе і праявілі мужнасць, адстойваючы свае правы на прафесійную дзейнасць.