Як стаць добрым фатографам: парады Аляксандра Саенкі
Гродзенскі фатограф, сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў, Аляксандр Саенка неаднаразова станавіўся пераможцам міжнародных фотаконкурсаў, фіналістам незалежнага конкурсу Belarus Press Photo.
Як фрылансер Аляксандр супрацоўнічае з рознымі незалежнымі СМІ, сярод якіх «Еўрарадыё», «Белсат», яго здымкі ў агенцтве БелаПАН паказваюць увесь спектр жыцця Гродна.
Аляксандр Саенка раіць чалавеку, што толькі прыйшоў у фотажурналістыку, выразна і сумленна адказаць сабе на пытанне: навошта ён ў яе прыйшоў? Калі гэта з‑за грошаў — іх не будзе. Трэба быць фанатам і мець яшчэ штосьці, не звязанае з фота, тады, магчыма, атрымаецца “выцягнуць” і карміць сям’ю.
Дзесяць парадаў ад Аляксандра Саенкі як зрабіць лепшае фота героя рэпартажу:
1. Адразу “з парога” не пачынаць фатаграфаваць герояў, нават калі ў вас мала часу. Па магчымасці, пагутарыць з імі, выпіць гарбаты.
2. Імкнуцца не думаць штампамі
3. Калі Вас чакае партрэт, вывучыць ў інтэрнэце, як чалавек выглядае на іншых фота, каб даведацца з якіх ракурсаў ён лепш глядзіцца.
4. Часта дапамагае, калі кажаш што першыя кадры будуць пробныя. Чалавек расслаблены і атрымліваюцца добрыя партрэты.
5. Зрабіць па магчымасці шмат рознапланавых партрэтаў, каб выкарыстоўваць іх у розны час і па сітуацыі, бо часта зняць ужо паўторна няма магчымасці, а свежая карцінка заўсёды патрэбна.
6. НЕ забываць пра правілы кампазіцыі і залатога сячэння.
7. Выкарыстоўваць розныя пункты падчас здымкаў: ляжце, залезьце на лесвіцу і так далей.
8. Калі герой, напрыклад, пісьменнік, не трэба даваць яму ў рукі малаток. Змясціце яго у звыклы асяродак, дзе ён “расслабіцца” і ў вас можа атрымацца душэўны партрэт.
9. Заўсёды лавіце цікавыя эмоцыі і выразы твару.
10. І галоўнае: будзьце пазітыўнымі, тады героі будуць больш спакойна і прыязна ставіцца да вас.
Каб больш даведацца, як стаць добрым фотажурналістам і атрымаць веды па фотажурналістыцы ў Гродна, Аляксандр Саенка раіць запісацца ў «Медыя-студыю» пры «Цэнтры дадатковай адукацыі».