Як беларусам атрымаць міжнародную абарону ў Польшчы
Для людзей, якія сталі ахвярамі палітычнага пераследу і не могуць вярнуцца на радзіму, у Польшчы прадугледжаная спецыяльная працэдура. Па ёй можна бестэрмінова знаходзіцца ў краіне, працаваць, выязджаць за мяжу і весці бізнэс. Гаворка ідзе пра міжнародную абарону. Mostmedia расказвае, каму яна пасуе, у чым яе плюсы і як яе атрымаць.
Інфармацыя актуальная на 28 кастрычніка 2022 года.
Міжнародная абарона— спецыяльная працэдура па легалізацыі ў Польшчы для тых, хто абгрунтавана асцерагаецца пераследу ў свой адрас у краіне паходжання па прычыне:
расы;
нацыянальнасці;
веравызнання;
палітычных перакананняў;
прыналежнасці да пэўнай сацыяльнай групы.
Што дае міжнародная абарона
Статус міжнароднай абароны ў Польшчы — бестэрміновы, ён не пазбаўляе заяўніка грамадзянства, але дазваляе пастаянна пражываць у Польшчы, працаваць, адкрываць ІП, выязджаць за мяжу, атрымліваць сацыяльныя выплаты ад дзяржавы і дапамогу ў вывучэнні польскай мовы, а пасля, пры жаданні, атрымаць грамадзянства.
У Польшчы міжнародная абарона ўключае дзве формы: статус бежанца і дадатковую абарону. Заяўнік падае адну заяву, а орган па справах замежнікаў прымае рашэнне, якую форму абароны даць у гэтым выпадку. Статус дадатковай абароны даецца заяўнікам значна часцей, чым статус бежанца.
Важна! Маючы статус міжнароднай абароны, вы не зможаце ездзіць у Беларусь або наведваць консульскія ўстановы — бо гэта будзе сведчыць пра тое, што вам нічога не пагражае і абарона вам не патрэбная.
Без візы, якая дае доступ да рынку працы (напрыклад, гуманітарнай), пасля падачы на міжнародную абарону вы не зможаце працаваць да таго моманту, пакуль не атрымаеце станоўчага рашэння і не аформіце карту побыту — гэта зойме каля 6 месяцаў.
Як беларусу атрымаць міжнародную абарону ў Польшчы
Трэба даказаць органу па справах замежнікаў, што вы не можаце вярнуцца ў Беларусь. Спіс магчымых доказаў не абмежаваны:
— пратаколы затрыманняў, пастановы аб штрафах, даведкі з праваабарончых арганізацый;
— фота‑, відэа‑, аўдыя— або пісьмовыя паказанні сведкі;
— скрыншоты перапіскі ў тэлеграме, вашы публікацыі ў сацсетках, артыкулы са СМІ.
Чым больш доказаў па сутнасці падасце — тым лепш.
Як выглядае працэдура падачы і атрымання міжнароднай абароны ў Польшчы?
Для пачатку запоўніць заяву і падаць яе ў памежную службу Польшчы. Зрабіць гэта можна падчас перасячэння мяжы, а ў самой Польшчы — у любым блізкім да вас аддзяленні памежнай службы або ў міграцыйным аддзеле ў Варшаве па адрасе Taborowa 33.
У аддзяленні памежнай службы трэба запоўніць падрабязную анкету пра абставіны вашай справы (анкету, а таксама перакладчыка вам дадуць на месцы), здаць адбіткі пальцаў, прайсці агляд доктара і атрымаць часовае пасведчанне асобы — TZTC.
На час разгляду вашай заявы (гэта ў сярэднім 6 месяцаў) памежнікі забіраюць ваш пашпарт, а таксама пашпарты членаў вашай сям’і, калі яны ўпісаныя ў вашу заяву. Усе пашпарты адпраўляюць на дэпазіт у Варшаву на Taborowa 33. Замест іх вам і членам вашай сям’і выдадуць часовыя пасведчанні асобы TZTC.
Чакаць рашэння па сваёй справе — каля шасці месяцаў.
Што рабіць пасля станоўчага рашэння аб прадастаўленні абароны?
Наступным крокам будзе афармленне карты часовага побыту. Пасля, на падставе статусу аб міжнароднай абароне, вы зможаце аформіць карту сталага побыту і грамадзянства Польшчы.
Пасля атрымання станоўчага рашэння трэба падаць ва ўпраўленне па справах замежнікаў у Варшаве на Taborowa 33 (поштай, заказным лістом або наведаўшы асабіста) наступныя дакументы:
запоўненыя заявы на карту побыту для кожнага члена сям’і, які атрымаў статус дадатковай абароны, прыкласці да кожнай заявы па два фота 3,5 х 4,5;
запоўненую заяву аб адмове ад права на абскарджанне. Узор заявы ёсць у гэтай памятцы на старонцы 15.
Дакументы адпраўляюцца на гэты адрас:
Szef Urzędu do spraw cudzoziemców
Ul.Taborowa 33
02–699 Warszawa
Прыкладна праз месяц вас выклічуць на здачу адбіткаў пальцаў ва ўпраўленне па справах замежнікаў у Варшаве. Тады ж вы зможаце забраць свой пашпарт з дэпазіту. А яшчэ праз адзін-два месяцы пасля гэтага будзе гатовая карта побыту.