У Гомелі прайшла вечарына з нагоды 20-годдзя ГА “БАЖ”
14 верасня гомельская філія зладзіла вечарыну да 20-х угодкаў з дня заснавання нашага грамадскага аб’яднання. Удзел у ёй узялі не толькі сябры арганізацыі, але і літаратары з Саюзу беларускіх пісьменнікаў.
Пра гісторыю стварэння філіі ГА “БАЖ” у Гомелі распавялі яе кіраўнік Анатоль Гатоўчыц, а таксама журналісты Ларыса Шчыракова і Марыя Шыманоўская. Тут жа былі паказаны асобнікі друкаваных выданняў, якія рабіліся ў рэгіёне высілкамі сябраў аб’яднання, ў тым ліку газеты “Гомельскі веснік”, “Гомельская думка”, “Рэгіён-весткі”.
Падчас вечарыны ўласныя вершы і пераклады прачытаў паэт і журналіст Вадзім Болбас. Беларускімі песнямі пад гітару прысутных парадавалі гомельскія барды Вальжына Цярэшчанка і Зміцер Вінаградаў.
Нагадаем, што 16 верасня ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” будзе адзначаць 20-годдзе з моманту заснавання недзяржаўнага журналісцкага аб’яднання, сябрамі якога на дадзены момант з’яўляюцца больш за 1000 чалавек.