Творчая сустрэча з фатографамі Артурам Бондарам і Аксанай Юшко. Пятніца, офіс БАЖ
21 красавіка а 17 гадзіне ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” запрашае на творчую сустрэчу з Артурам Бондарам і Аксанай Юшко — сусветнавядомымі і паспяховымі фатографамі.
Яны падзеляцца сваім досведам стварэння калектыўных і персанальных праектаў, раскажуць пра сусветныя тэндэнцыі ў сучаснай фотажурналістыцы.
Аксана Юшко — фрыланс-фатограф, у журналістыцы з 2007 года, жыве ў Маскве. Пераможца 2015 NPPA Magazine Lifestyle Story, 2014 Prix Bayeux Calvados за вэб-журналізм, 2013 BURN MAGAZINE, фіналіст фестывалю дакументальнай фатаграфіі Chiang Mai ў Тайландзе ў 2013, Anthropographia Human Rights 2012, Lens Culture International 2011, Conscientious Portfolio Competition 2010 г., The Aftermath project 2010 і інш. Супрацоўнічае з расійскімі і замежнымі выданнямі. У цяперашні час працягвае працу над персанальнымі і групавымі праектамі ў Расіі і за мяжой.
Удзельніца многіх выстаў і фестываляў у Расіі, Велікабрытаніі, Фінляндыі, Францыі, Іспаніі, Германіі, ЗША, Мексікі, Японіі і інш. Персанальны сайт.
Артур Бондар — фатограф, нарадзіўся і вырас ва Украіне. У цяперашні час жыве ў Маскве. Вывучаў дакументальную фатаграфію і правы чалавека ва ўніверсітэце Нью-Ёрка, NYU Tisch School of the Arts ў 2012, удзельнік Eddie Adams Workshop ў ЗША, майстар-класа Noor-Nikon ў Румыніі ў 2011, удзельнік многіх фестываляў і выстаў па ўсім свеце. Пераможца Фонду дакументальнай фатаграфіі ЗША ў 2013–2014 гг.., уладальнік стыпендыі Magnum Foundation па правах чалавека ў 2012, Гранта National Geographic 2011 і пераможца «Фатограф года 2012» ва Украіне.
У цяперашні час працягвае працу над персанальнымі і групавымі праектамі ва Украіне, Расіі і за мяжой. З’яўляецца аўтарам трох кніг: «Барыкада», «Подпісы Войны» і «Цені зоркі Палын». Артур Бондар з’яўляецца ўдзельнікам адукацыйнай праграмы міжнароднага фотаагенцтва VII Photo Agency і супрацоўнічае з такімі выданнямі, як The New Yorker, Time, The New York Times, Le Monde, The Times of London, the Wall Street Journal, deVolkskrant, Helsingin Sanomat і інш. Персанальны сайт.
Творчая сустрэча адбудзецца ў пятніцу 21 красавіка а 17 гадзіне ў офісе ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” (вул. Камсамольская, 7, офіс 32).
Уваход вольны