Сустрэча прэс-клуба: як знайсці кропкі ўзаемадзеяння журналістам і актывістам Міншчыны?
У мінулыя месяцы кампанія “Будзьма беларусамі!” ладзіла ў розных рэгіёнах Беларусі дыялог паміж тымі, хто актыўна піша, і тымі, хто актыўна дзейнічае на карысць грамадства. У цяперашнім свеце сродкі масавай інфармацыі адыгрываюць ключавую ролю.
Бо менавіта яны фармуюць грамадскую думку і даносяць да сваіх чытачоў/слухачоў неабходныя мэсэджы. Нярэдка здараецца так, што небыякавыя і актыўныя грамадзяне застаюцца са сваімі праектамі і задумамі на ўзбочыне інфармацыйнага поля. А журналісты ў сваю чаргу не заўсёды могуць зразумець, што навіна сапраўды вартая розгаласу. Хто вінаваты? Актывіст з няўцямным прэс-рэлізам ці няўважлівы журналіст? А можа быць матэрыял залежыць ад асабістай прыязнасці рэдактара да пэўнага дзеяча?
Грамадская культурніцкая кампанія “Будзьма беларусамі!” і Цэнтр даследавання грамадскага кіравання “СІМПА” запрашаюць да ўдзелу ў чарговай сустрэчы прэс-клуба журналістаў і актывістаў Мінскага рэгіёна.
Што адбываецца па-за МКАДам? Як актывістам зацікавіць прэсу сваімі кампаніямі, а журналісту ўбачыць сярод мноства падзеяў сацыяльна значную з’яву, каб разам выклікаць шырокі рэзананс у грамадстве? Абмяркуем гэтыя ды іншыя лакальныя праблемы, а таксама паспрабуем знайсці кропкі эфектыўнага супрацоўніцтва на сустрэчы прэс-клуба, якая пройдзе 10 чэрвеня ў Мінску (13:00–17:00)..
Поспехамі і памылкамі, парадамі і “фішкамі” падзеляцца і падкажуць шляхі эфектыўнага супрацоўніцтва тыя, хто мае за плячыма не адзін паспяховы прыклад такога супрацоўніцтва:
Сяргей Сахараў (Мінск), галоўны рэдактар інтэрнэт-часопіса пра Мінск CityDog.by;
Зоя Хруцкая (Маладзечна), загадчык аддзела інфармацыі «Рэгіянальнай газеты», старшыня маладзечанскай філіі БАЖ;
Вікторыя Капская (Слуцк), журналістка газеты «Інфа-кур’ер»;
Алена Аўтушка (Барысаў), грамадская актывістка і журналістка, старшыня Барысаўскай жаночай грамадскай арганізацыі «Правінцыя».
Да ўдзелу запрашаюцца актыўныя грамадзяне, журналісты дзяржаўных і недзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі, блогеры, кіраўнікі НДА, адміністратары гарадскіх паблікаў у сацыяльных сетках, SMM менеджары, арганізатары грамадскіх ініцыятыў і кампаній, фрылансеры.
Удзел у прэс-клубе бясплатны, але неабходна папярэдняя рэгістарацыя да 7 чэрвеня ўключна. Зарэгістраваныя ўдзельнікі атрымаюць далейшую падрабязную інфармацыю пра мерапрыемства.
Мэта сустрэчы – пачуць і зразумець адно аднаго, каб наладзіць дыялог паміж тымі, хто актыўна працуе дзеля паляпшэнняў у грамадстве, і прэсай, якая абірае, пра якую падзею напісаць, а якая не вартая і згадкі.
Па дадатковую інфармацыю звяртайцеся да каардынатара кампаніі “Будзьма беларусамі!” па Мінскім рэгіёне Святланы Чакушкі: (029) 712–18-03, spchakushka@gmail.com.