• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Сілавікі выклалі «базы падпісантаў незалежных медыя».Што гэта і як абараніць сябе?

    У базе больш за 46 тысячаў тых, хто лайкаў у інстаграме «Нашу Ніву», і больш за 220 тысячаў тых, хто ставіў лайкі «Люстэрку». «Наша Ніва» распавяла, як збіраюцца такія базы, як абараніцца ў Інстаграме і як цалкам выдаліць свой акаўнт.

    «Наша Ніва» слітыя базы падпісантаў

    Калаж «Нашай Нівы»

    У каналах, звязаных з ГУБАЗіК і дзяржаўнымі прапагандыстамі, з’явіўся «спіс падпісантаў экстрэмісцкіх рэсурсаў». Ён апублікаваны ад імя «неабыякавага грамадзяніна, на жыццё якога змагары паўплывалі ў дрэнны бок», але мы мяркуем, што гэта справа рук ГУБАЗіК — яны першыя і пачалі распаўсюджваць гэтую інфармацыю.

    У каналы выклалі дзве табліцы з назвамі «Наша Ніва» (лепш не спампоўвайце файлы, некаторыя антывірусы бачаць у іх шкодныя ўбудаванні). Першая — гэта акаўнты, якія лайкалі нашы публікацыі ў інстаграме за ўвесь час, яна налічвае больш за 46 тысяч радкоў. Другая — гэта ўсе людзі, якія нешта каментавалі, больш за 10 тысяч акаўнтаў.

    У табліцы ёсць імя акаўнта, яго ID, «біяграфія», указаны горад, а для некаторых таксама e‑mail і тэлефонны нумар.

    Апошнія, імаверна, «убіваліся» ўручную сілавікамі са сваіх унутраных базаў, бо на старонках акаўнтаў яны не пазначаныя. Электронныя адрасы і тэлефонныя нумары ёсць толькі на першых радках табліцы — робіцца гэта для запалохвання, бо большасць людзей не стане гартаць табліцу з некалькімі дзясяткамі тысячаў радкоў да канца.

    Дата збору звестак невядомая, але апублікавалі яе сёння — самі губазікаўцы кажуць пра «стан паўгода таму». Табліца, відавочна, сабраная машынным шляхам — гэта дазваляе зрабіць механізм API Insta­gram.

    Ці ёсць у з’яўленні падобных спісаў віна незалежных медыя? Не. Нас ніхто не ўзломваў, уся апублікаваная інфармацыя па змоўчанні адкрытая.

    Змагацца з гэтым, на жаль, немагчыма — нават калі мы зробім акаўнт закрытым, то не здолеем адфільтраваць сярод дзясяткаў тысячаў нашых падпісчыкаў акаўнты губазікаўцаў.

    Ці ёсць тут новыя пагрозы?

    Не.

    Сілавікі збіралі базы падпісантаў незалежных медыя і раней. Калі вы нешта робіце ў сацсетках, то варта мець на ўвазе, што гэта так ці іначай можа стаць публічным або вядомым сілавікам — у гэтым уся сутнасць сацыяльных сетак. Таму калі вы знаходзіцеся ў Беларусі або вяртаецеся туды, то варта быць гранічна асцярожным. А падпіска на «экстрэмісцкія» медыя заўжды пагражала беларусам адміністратыўнай справай.

    Новых пагрозаў мы ў гэтым не бачым. Тое, што спісы выклалі публічна, нагадвае пра небяспекі, якія пагражаюць беларусам. Гэта дазваляе рэалістычна ацэньваць выклікі.

    Што рабіць, калі я ў спісе?

    Насамрэч тое самае, што і раней. Гэты спіс апублікаваны, каб запужаць беларусаў.

    Калі вы проста лайкалі нешта ў інстаграме, то вам можа пагражаць адміністратыўны пратакол. Абараніцца ад гэтага немагчыма.

    Калі вы ў Беларусі і пакідалі нейкі каментар, то ў інструкцыі напісана, як яго выдаліць. Пры гэтым вам можа пагражаць як адміністратыўная, гэтак і крымінальная адказнасць у залежнасці ад зместу каментара. Абараніцца ад гэтага немагчыма.

    Калі вы за мяжой, але збіраліся вяртацца ў Беларусь, то вас можа чакаць затрыманне на мяжы. У залежнасці ад таго, што менавіта вы рабілі ў сацсетках, вы можаце атрымаць адміністратыўку або крыміналку.

    Такім чынам, варта вельмі асцярожна ставіцца да таго, што вы публікуеце, і разумець, што праз інтэрнэт-актыўнасць у вас могуць узнікнуць праблемы ў рэальным жыцці.

    Як абараніцца?

    Па-першае, вы можаце змяніць імя акаўнта, змяніць профіль і прыбраць фота. Для гэтага зайдзіце ў ваш профіль. Націсніце «Рэдагаваць профіль». Адкрыецца меню, дзе вы можаце змяніць усе бачныя іншым звесткі. Напрыклад, націсніце на «імя карыстальніка». Увядзіце любое іншае імя і захавайце змены.

    ID акаўнта не зменіцца, і вас усё роўна можна будзе адшукаць нават калі вы ў «злітых» спісах, але ад часткі правакацыяў гэта вас абароніць.

    Па-другое, закрыйце акаўнт. Для гэтага зайдзіце ў акаўнт і націсніце сімвал «тры лініі». Пасля ўвайдзіце ў налады — на вялікі жаль, у інстаграме няма беларускай, таму інтэрфейс праграмы па-руску.

    Пасля зайдзіце ў меню «канфідэнцыйнасць акаўнта» і націсніце «закрыць акаўнт».

    Цяпер за вамі будзе складаней сачыць — спіс падпісчыкаў і вашых падпісак, як і вашы публікацыі, будуць схаваныя ад тых, каго вы не ўхвалілі.

    Мы адназначна раім закрыць профілі і прыбраць уласнае фота з аватаркі людзям, якія знаходзяцца ў Беларусі — гэта неідэальнае рашэнне, але яно моцна ўскладняе жыццё сілавікам.

    Па-трэцяе, вы можаце выдаліць акаўнт цалкам. Для гэтага спачатку зайдзіце ў налады і націсніце «Цэнтр акаўнтаў».

    Меню «Цэнтра акаўнтаў» Meta

    Далей адкрыецца меню наладаў «Цэнтра акаўнтаў». Націсніце «Асабістая інфармацыя». Далей з’явіцца меню «Асабістая інфармацыя». Абярыце «Валоданне і кіраванне акаўнтам».

    Абярыце «Дэактывацыя і выдаленне». І націсніце на акаўнт, які вы хочаце выдаліць. Далей увядзіце пароль, абярыце «прычыну выдалення» — яна можа быць любой. Далей націсніце «пацвердзіць». Вашы звесткі цалкам выдаляцца цягам месяца.

    Дзеля таго, каб зрабіць аднаўленне цалкам немагчымым, перанясіце акаўнт на іншы нумар і e‑mail. Пра гэта падрабязна напісана ў інструкцыі па выдаленні фэйсбука.

    Пасля выдалення ваш акаўнт будзе недаступны, знікнуць лайкі і каментары. Праз месяц вы можаце стварыць новы акаўнт на той жа тэлефон і мэйл (каб не чакаць — перанясіце стары акаўнт на іншыя тэлефон і мэйл да выдалення).

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці