• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Што рабіць газеце ў эпоху “пасля вэб-сайта”? Парады ад Таццяны Рэпковай

    “Ніколі ўжо мы не будзем зарабляць грошы так, як мы хацелі і як прызвычаіліся. Звыклы медыясвет распадаецца на нашых вачах”, — пра пераўтварэнні ў свеце СМІ падчас адкрытай лекцыі ў Мінску распавяла вядомы медыяэксперт у галіне друкаванай прэсы Таццяна Рэпкова.

    У сваёй лекцыі “Медыятрэнды 2016: што чакае журналістыку ў бліжэйшай будучыні” эксперт адзначыла, што старыя медыйныя мадэлі з кожным днём губляюць сваю актуальнасць.

    Старая мадэль друкаванага смі, калі асноўны прыбытак складалі наклад і рэклама, яшчэ некаторы час будзе жыццяздольнай. “Але гэта мадэль знікае з такой жа хуткасцю, з якой наступаюць новыя медыя, — гаворыць Таццяна Рэпкова. — Узнікае абсалютна іншая экасістэма, у якой даводзіцца працаваць медыя. Кожны дзень трэба думаць, што можна зрабіць, бо заўтра і гэтая магчымасць можа знікнуць”.

    Медыя-рэцэпт ад Таццяны Рэпковай: акцэнт на мясцовыя супольнасці

    На думку спн. Рэпковай, медыям у новым свеце — свеце пасля камунікацыйнай рэвалюцыі — трэба звярнуць увагу на дзве рэчы. Першае — мясцовыя супольнасці, як іх падтрымліваць, спрыяць  іх стварэнню і развіццю. Другое — сродкі і спосабы эфектыўнага распаўсюду кантэнту.

    Мясцовыя супольнасці. Эксперт лічыць, што журналістыцы ўжо недастаткова проста інфармаваць грамадства. Трэба ствараць супольнасці і ўключацца ў размову, што вядзецца ўнутры гэтых груп.

    Супольнасці” (“местные сообщества” — рус., “com­mu­ni­ty”, “local com­mu­ni­ty” – англ.) — мясцовая грамада, насельніцтва, людзі якія жывуць разам, людзі аб’яднаныя падобнымі інтарэсамі.

    Таццяна Рэпкова прывяла прыклад невялікага мясцовага выдання The Wenatchee World у паўднёва-цэнтральным Вашынгтоне. Місія газеты сфармулявана так: “Прыцягнуць, інфармаваць і натхняць нашыя супольнасці”.

    На думку Рэпковай, гэта ўдалая фармулёўка — актуальная і незалежная ад тэхналогіяў і пляцовак, праз якія медыя выходзіць да чытача. “Не трэба больш гаварыць, “мы друкуем газету”, трэба фармуляваць місію, якая будзе весці выданне наперад гады і дзесяцігоддзі. Мы ўжо не кажам “аўдыторыя”, але гаворым “наша супольнасць”, з якой мы павінны пабудаваць новы ўзровень кантакту,” — кажа Рэпкова.

    Місія і стратэгія зместу

    “Стратэгія зместу” альбо распрацоўка стратэгій фармавання кантэнта павінна ўлічваць ключавыя інтарэсы супольнасці і адпавядаць ім. Эксперт раіць рэдакцыям даваць слова прадстаўнікам кам’юніці ў газеце, напрыклад, прапанаваць пісаць аўтарскія калонкі. “Людзі самі выбіраюць, пра што пісаць. Звычайна гэта тэмы, пра якія яны ведаюць больш, чым журналісты,” — кажа Таццяна Рэпкова.

    Рэпкова прывяла прыклад мясцовага друкаванага выдання ў ЗША. Рэдакцыя газеты высветліла, што панядзелак і аўторак самыя правальныя дні для рэалізацыі накладу.

    «Што рабіць? Скарачаць дні выдання? Не, пераглядзець стратэгію зместу,» — гаворыць Рэпкова. Выданне пераарыентавалася ў бок больш тэматычнай падачы матэрыяла і падзяліла тэмы па днях тыдня:

    Мясцовы бізнес — панядзелак,

    Здароўе — аўторак,

    “Ад фермы да стала” — серада,

    Забавы і стыль жыцця — чацвер і пятніца,

    Адукацыя — субота,

    Мясцовыя навіны — нядзеля.

    Абноўленая стратэгія прынесла вынікі, — стратныя дні сталі для выдання самымі паспяховымі. Наклад у панядзелак і аўторак павялічыўся. Але канешне, гэта справа не аднаго дня ці месяца, — увасабленне новай стратэгіі зместу ў згаданым выданні заняло каля двух гадоў.

    Падчас сваёй лекцыі ў Мінску Таццяна Рэпкова параіла звярнуць увагу на кнігу амерыканскага прафесара Дэна Кэнэдзі, у якой аўтар  пераасэнсоўвае ролю журналістыкі ў пост-газетную эпоху: Dan Kennedy, «The Wired City: Reimag­in­ing Jour­nal­ism and Civic Life in the Post-News­pa­per Age» (Uni­ver­si­ty of Mass­a­chu­setts Press, 2013)

    Як распаўсюджваць кантэнт “пасля вэб-сайта”?

    Паводле Таццяны Рэпковай, у сучасным медыясвеце выдаўцы згубілі кантроль над распаўсюдам кантэнту. “Google, Face­book і Twit­ter цалкам занялі поле навінаў. Мы павінны шукаць сябе і працаваць у гэтай прасторы “па-за навінамі”, — раіць эксперт. Таму выдаўцам і журналістам варта прыняць да ўвагі наступныя меркаванні:

    1. Будучая “навіна” — гэта не артыкул. Журналістам трэба засяродзіцца на экасістэме навінаў.

    2. Трэба шукаць натуральныя кропкі судакранання з супольнасцю, — месцы, праблемы, дзе можна падключыць кантэнт і далучыцца да размовы.

    3. Заўсёды выпрабоўваць новыя ідэі і метады распаўсюду. “Бо тое, што яшчэ ўчора было платным, і дзе  можна было зарабіць, ужо заўтра можа стаць бясплатным”.

    Разам са звыклымі формамі распаўсюду кантэнта, як лічбавыя кіёскі, RSS стужкі, мабільныя дадаткі, live blog­ging (тэкставая трансляцыя) і live stream­ing (наўпроставыя аўдыё- і відэатрасляцыі з месца падзей) Рэпкова параіла рэдактарам сайтаў выкарыстоўваць “віджэты”, — укаранёны на вэб-сайце кантэнт іншых выдаўцоў ці сацыяльных сетак. Размяшчэнне віджэта сацыяльных сетак ці віджэта надвор’я — гэта выгадна для ўсіх. Да ўсяго, гэта дапамагае развіваць супольнасці,” — сказала Таццяна Рэпкова.

    Віджэт” ад анг. wid­getневялікія інфармацыйныя блокі, з пераходнай функцыяй, якія дэманструюць інфармацыю з іншых сайтаў. Гэта можа быць паток паведамленняў з Twit­ter’а, ці іншых сацыяльных сетак, а таксама навіны, надвор’е і г.д.

    Медыяпрастора перасоўваецца ў бок панавання вялікіх сэрвісаў і інтэрнэт выдацоў, якія агрэгуюць навіны і пастаўляюць іх чытачам. “Будучыня — гэта гіперперсаналізаваная дастаўка навін, — кажа Рэпкова. — Цяпер асноўнае змаганне ідзе за тое, хто ў будучыні будзе валодаць кантэнтам”.

    Больш інфармацыі пра апошнія сусветныя тэндэнцыі ў сферы навінавых медыя, можна паглядзець на старонцы Таццяны Рэпковай slideshare.net/trepkova, дзе эксперт дзеліцца сваімі прэзентацыямі і меркаваннямі.

    Таццяна Рэпкова — вядомы медыяэксперт у галіне друкаванай прэсы, заснавальнік Клуба медыяменеджараў.

    Арганізатарамі сустрэчы ў Мінску выступіў Пресс-клуб Беларусь, партнёры мерапрыемства — БАЖMYMEDIAМедиакритика. У суботу, 19 сакавіка, Таццяна Рэпкова правяла майстар-клас для беларускіх журналістаў і рэдактараў.

    Абмяркоўвайце ў каментах!

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці