Што адбываецца з сацсеткамі ў 2024 годзе? Расказвае медыятрэнер Дзяніс Васількоў
Гэты матэрыял для тых, хто стаміліся, разгубленыя, але маюць неабходнасць прысутнасці ў сацсетках. Не прынцыпова, асабісты ў вас брэнд, НДА або агенцтва па продажы рэкламы.
Пра аўтара: Дзяніс Васількоў – у мінулым журналіст і рэдактар, працаваў у буйных беларускіх рэдакцыях. З адукацыі археолаг, па прызванні – даследчык і інтэрпрэтатар медыя і сацыяльных сетак. Узначальваў SMM-аддзелы ў медыя і IT, цяпер медыятрэнер, незалежны кансультант медыя і НДА па пытаннях SMM, рэкламы і падкастынгу.
Я вывучаю сацсеткі і працую з імі апошнія 15 гадоў і за гэты час назіраў рознае. Бягучы этап не назавеш бумам ці рэвалюцыяй. Усё развіваецца звыклым і зразумелым спосабам. Але для таго, каб разабрацца і зразумець, часу толькі менее. Інтэрнэт забіты парадамі наконт таго, як прасоўваць штосьці ў інтэрнэце, а ў выніку на вачах добра калі 5% з таго, што прасоўваецца.
2024 год – гэта:
- яшчэ больш генератыўнага кантэнту;
- яшчэ больш карыснага і экспертнага кантэнту;
- хочаш развіцця – развівайся па прынцыпах медыя;
- вертыкальныя відэа не «магчыма», а must have;
- менш хаосу: выразныя мэты, зразумелыя задачы, вымерны вынік.
І першае, што скажу: не верце нікому. Нават мне. Стаўце рэальныя цэлі, эксперыментуйце, даследуйце, занатоўвайце вынікі, аналізуйце, памыляйцеся і выбірайце працоўны ды аптымальны для сябе варыянт.
Дзе і што посціць?
Кантэнт – кароль. Менавіта тое, што вы публікуеце і ў якой колькасці, мае значэнне ў выніку. Сацсеткі са сваімі алгарытмамі – усяго толькі радкі кода, якія шукаюць, каму б паказаць ваш скарб. І так здараецца, што, калі ён не выклікае эмоцый і дзеянняў, яго і не пабачаць.
Дзе шукаць ідэі?
Падглядайце за калегамі – з іншых рэгіёнаў, на іншых мовах, некалькі гадоў таму. Усё роўна, калі выходзілі лепшыя і працоўныя рашэнні, – прысвоіўшы і перапрацаваўшы ідэі, вы можаце натхніцца для новых ідэй.
А навошта ўвогуле?
Мэта прысутнасці ў сацсетках павінна быць зразумелая вам і вашым калегам. Зыходзячы з яе, зможаце ставіць задачы і фармаваць чаканні. Але базавая база – карысны кантэнт. Калі тое, што вы робіце, дапамагае вырашыць праблему, – гэта будуць чытаць і глядзець. Праблем у сучаснага чалавека шмат, свая знойдзецца для кожнай і кожнага. Зразумейце, якія праблемы вы вырашаеце.
А што алгарытмы?
Алгарытмы выконваюць сваю працу амаль ідэальна. Далей будзе яшчэ лепей. Кожны і кожная будзе плаваць у сваёй цёплай ванначцы з кантэнтам, куды часам будзе падлівацца нешта новенькае і злівацца старое. Многія хочуць атрымаць універсальны адказ на пытанне: «Як хакнуць алгарытм і атрымаць мільённыя ахопы?» На жаль (або на шчасце), рэцэпт адзін: шмат цікавага кантэнту. Кантэнт можа быць неідэальным, ён можа быць эксперыментальным. Але калі ваш кантэнт можа прыцягнуць самы дарагі рэсурс у 2024 годзе – чалавечую ўвагу, – поспех вам забяспечаны.
Каму гэта патрэбна?
Можна спадзявацца на алгарытм, але ведаць сваю мэтавую аўдыторыю вельмі важна. Як жывуць, што слухаюць, дзе адпачываюць, што ядуць і як размаўляюць. Без гэтых ведаў стварыць класны кантэнт, які алгарытм падхопіць і цудоўным чынам выкіне на бераг людской увагі, не атрымаецца.
Цяпер, калі адваліліся ўсе, каму гэтая тэма нецікавая, можна пераходзіць да мякаці – самага важнага.
Канкурэнцыя, стомленасць і няўважлівасць; гук вымкнуты; экран невялікі і цьмяны; 2 секунды.
Гэта коратка пра ўмовы, у якіх знаходзіцца кантэнт на прыладах карыстальнікаў. Чым лепш вы ўяўляеце ўмовы спажывання таго, што вы публікуеце, тым лепей будзе ўсім.
Атачаем кантэнт кантэнтам.
З часам усё большую ролю будзе граць магчымасць вырабляць хутка, шмат і лёгка (= без доўгіх узгадненняў, перакідвання, з празрыстымі фармулёўкамі асноўных ідэй). Каб сёння выпусціць відэаінтэрв’ю на YouTube, трэба не проста зняць, змантаваць і апублікаваць яго, але і зрабіць некалькі пераўпаковак у тэкставым выглядзе – для інстаграма і тэлеграма, зрабіць расшыфроўку на сайт для тых, хто не глядзіць відэа, нарэзаць рылсаў, цік-токаў і шортаў з інтрыгуючымі кавалкамі, ды яшчэ і па-добраму зрабіць класны ўчэплівы тызер.
Пераўтвараемся ў «кантэнтнага Мідаса».
Медыяспажыванне павялічваецца штогод, а сярэдні час на спажыванне адной адзінкі кантэнту – памяншаецца. Каб аўдыторыя хоць неяк заўважыла вашу прысутнасць, сацсеткі неабходна напампоўваць сваім кантэтам. Быць Мідасам у свеце кантэнту – гучыць не так ужо фатальна.
Усё можна ператварыць у кантэнт: дастаткова паглядзець на тое, што адбываецца з вамі і вакол вас з розных бакоў. Падкіну ідэю. У вас навідавоку абавязкова ёсць бізнэс або брэнд, за якім вы сочыце, падглядваеце, камунікуеце (пішаце каментары, лайкаеце, шэрыце). Правядзіце «дэканструкцыю» таго, што вы бачыце. Гэта пад сілу ўсім. Адкрываеце дакумент, апісваеце кантэнт перад вачыма. Тут важна не прапусціць ніводнай дэталі – і тады ўдалы мікс з мноства фактараў падштурхне вас да ідэі таго, як аптымізаваць уласны кантэнт па аналогіі з найлепшымі практыкамі. І ў кожнага гэта будзе нешта сваё.
«Супрацоўнічаем» з нейрасеткамі.
У 2024 годзе будзе яшчэ больш кантэнту, створанага пры дапамозе нейрасетак. Пры дапамозе, а не поўнасцю. Гэта выдатны інструмент, каб натхніцца, зрабіць нешта руціннае, штосьці дапрацаваць. Пабрэйншторміць, скараціць ці перапісаць, развіць думку. Карацей, вучым промпты.
Думаем па-медыйнаму, прапануем экспертнасць, не ігнаруем навіны.
Кожны акаўнт – гэта медыя, са сваёй структурай ці пакуль без яе. Думаць як медыя няпроста, але ёсць у каго вучыцца і за кім падглядаць. Прафесіяналізацыя працягнецца.
Кропля, якая будзе супрацьстаяць мору згенераванага інфармацыйнага шуму, – карысны экспертны кантэнт. Варта шукаць спосабы ствараць алмазы, а не пясок.
У 2024‑м нам давядзецца быць «навінамі» і ўбудоўвацца ў навіны. Падморгванне чытачу ці гледачу праз рэферэнсы да таго, што адбываецца ў рэальнасці, будуць ацэненыя па заслугах. Без розніцы, прадаяце вы ровары, пілуеце пазногці, ратуеце жывёл або збіраеце данаты на добрыя справы.
І ўніверсальнае пажаданне на ўсе часы: падумайце аб фарматах, якія вам самім падабаюцца і вы ведаеце, як іх прыдумляць, здымаць ды прасоўваць. Адаптаваць жа можна ўсё пад усё.
Не грэбуем вертыкальнымі відэа.
Амаль у кожнага чалавека ў кішэні – пераносная персанальная мабільная прылада з аперацыйнай сістэмай і экранам высокай разрознасці aka смартфон. Мы ніколі яшчэ не былі так блізка да людзей, для якіх штосьці ствараем. Калі вы пакуль не здымаеце вертыкальныя відэа – варта прыглядзецца, узяць кансультацыю і паспрабаваць зняць ды змантаваць нешта сваё, каб ацаніць, як гэта працуе.
Лічым усё, што можна палічыць.
Амаль усе сацыяльныя сеткі даюць зразумелую аналітыку па кантэнце і аўдыторыі, каб кантэнтмэйкеры маглі зразумець, што з апублікаванага працуе, а што – не.
***
Падсумуем. Што адбываецца ў сацсетках у 2024 годзе? Цяпер у кожнага ёсць свая персанальная сацсетка для самых розных запатрабаванняў. Чалавечае жыццё працягвае «дыгіталізавацца». Праз тое нам будзе яшчэ больш здавацца, што мы маем патрэбу ў нечым сапраўдным, натуральным, нялічбавым. Куды гэта нас завядзе? Праверым праз год.