Школа журналістыкі рашэнняў (заяўкі да 25 мая)
Ці чулі вы пра такі жанр журналістыкі як журналістыка рашэнняў? А ці ведаеце, чаму менавіта гэты накірунак аднойчы стала развіваць газета The New York Times? Ці чаму публікацыі ў гэтым жанры падвышаюць наведвальнасць сайтаў і папулярнасць выданняў? Пра ўсё гэта мы пагаворым на трэнінгу па журналістыцы рашэнняў, які супольна ладзяць Культурна-адукацыйны цэнтр ЦЭХ і чэшская арганізацыяй Transitions.
Журналістыка рашэнняў — гэта пайсці на некалькі крокаў далей і занурыцца на некалькі ўзроўняў глыбей у асвятленне праблем грамадства. Адрозніваецца ад класічнай тым, што не толькі расказвае пра існаванне праблемы.
Журналістыка рашэнняў спалучае дэталёвы і комплексны аналіз праблемы, элементы следчай журналістыкі і паказвае на гісторыях канкрэтных людзей працэс вырашэння сістэмных праблем грамадства. Матэрыялы гэтага жанру — не толькі пра тое, што праблема вырашаецца, але і пра тое, як яна вырашаецца, чаму гэтае вырашэнне працуе, ці наадварот: чаму нешта не спрацоўвае.
Такім чынам чытач атрымлівае комплекснае разуменне сітуацыі і можа не толькі ставіцца да праблем, што асвятляюцца, больш крытычна, але і разумець сваю ролю ў іх вырашэнні.
Адметныя рысы гэтага падыходу — пошук доказаў эфектыўнасці / неэфектыўнасці рашэнняў і іх глыбокі сістэмны разбор, якія падаюцца ў форме зразумелых чытачу жыццёвых гісторый. Але адначасова жанр шукае адказы на наступныя складаныя пытанні:
-
Якія мадэлі вырашэння праблемы спрацавалі?
-
Як гэтыя мадэлі працуюць і чаму яны мелі поспех?
-
«Што гэтыя людзі робяць па-іншаму, і ці могуць яны быць прыкладам для вырашэння падобных праблем у іншых месцах / акалічнасцях?»
Поруч з інфармацыйным кампанентам, важная і сацыяльна значная рыса журналістыкі рашэнняў — тое, што яна дапамагае грамадству вучыцца на пазітыўным ці негатыўным досведзе і робіць унёсак у вырашэнне праблем. Добрыя прыклады журналістыкі рашэнняў змяняюць тон і характар грамадскай дыскусіі, пераводзяць яе з канфрантацыйнага ці пасіўна-негатыўнага рэчышча ў дзейнасць, скіраваную на паляпшэнне сітуацыі.
Гэта не пра тое, каб напісаць чарговы артыкул, маўляў, усё дрэнна, ці прасунуць пэўную сацыяльна-палітычную павестку. Гэта пра тое, каб зрабіць людзей мацнейшымі, больш інфармаванымі і здольнымі на пазітыўныя змены.
Што такое журналістыка рашэнняў на прыкладзе New York Times, як ствараюцца праекты, чаму гэты жанр падвышае папулярнасць медыя і пашырае аўдыторыю і як журналістыка можа паляпшаць грамадства — пра ўсё гэта мы пагаворым на трэнінгах па журналістыцы рашэнняў ад TOL. Праграма прадугледжвае магчымасць прайсці стажыроўку ў замежных медыя ў Еўразвязе і ЗША, а таксама атрымаць мікрагрант на праекты ў гэтым жанры пры падтрыманні экспертаў з Solutions Journalism Network.
Каб пакінуць заяўку на ўдзел, калі ласка, запоўніце форму да 25 мая. Падрабязнасці пра час і акалічнасці праведзення трэнінга, а таксама яго праграму адабраныя удзельнікі атрымаюць асобным лістом. Увага: колькасць месцаў абмежаваная!