«Ратуй сябе! Антыкрызісны курс для журналістаў і медыя на рэлакацыі і ў Беларусі» (заяўкі да 12 снежня)
Запрашаем на курс беларускіх медыясупрацоўнікаў, якія знаходзяцца зараз у Беларусі, Грузіі і Украіне і дбаюць пра тое, як падчас крызісу не толькі застацца ў прафесіі, але і пашырыць свае журналісцкія кампетэнцыі, каб быць запатрабаванымі на медыярынку.
Курс цалкам практыкаарыентаваны. Пройдзе ў анлайн і афлайн фармаце з удзелам экспертаў з Грузіі і Украіны.
Вы даведаецеся, як:
— медыя і журналістам легалізавацца ў Грузіі і Украіне, а таксама вырашыць тыя бытавыя «дробязі», ад якіх залежыць камфортнае жыццё;
— псіхалагічна адаптавацца і засвоіць асновы самападтрымкі ў крызісных умовах;
— бяспечна камунікаваць ды прытрымлівацца правілаў камп’ютарнай бяспекі;
— пачаць супрацоўніцтва ў якасці фрылансера з рэдакцыямі ва Украіне ды Грузіі;
— знаходзячыся за мяжой, не згубіць адчуванне лакальнай інфармацыйнай павесткі ў Беларусі і сувязь са сваёй аўдыторыяй;
— пачаць і раскруціць уласны медыяпраект.
Для ўдзельнікаў курса прадугледжаныя дадатковыя юрыдычныя ды псіхалагічныя кансультацыі.
АПІСАННЕ КУРСА
Цягам курса адбудзецца 7 вэбінараў у снежні 2021-лютым 2022 года раз на тыдзень па серадах з 15 снежня 2021 года па 9 лютага 2022 з перапынкам на калядныя святы.
Заняткі будуць праходзіць з 18.30 да 20.00 па беларускім часе.
Удзельнікі, якія паспяхова завершаць курс, атрымаюць магчымасць прыняць удзел у трохдзённых афлайн-сесіях па пашырэнню прафесійных кампетэнцый у Тбілісі (25–27 лютага) і Львове (11–13 сакавіка).
Заяўкі прымаюцца да 12 снежня 2021 года, 23.59. Колькасць месцаў абмежаваная.
Удзельнікі, якія паспяхова пройдуць конкурсны адбор, не пазней за 13 снежня атрымаюць запрашэнне і спасылку на першы вэбінар.
Калі засталіся пытанні, пішыце нам: ratujsiabie@gmail.com