Прэс-тур “Шляхамі Лазіка Ройтшванеца” (13 траўня, Гомель, рэгістрацыя да 10 траўня)
Гомельская філія Беларускай асацыяцыі журналістаў запрашае сябраў арганізацыі 13 траўня ў прэс-тур “Шляхамі Лазіка Ройтшванеца”, які пройдзе па мясцінах, якія згадваюцца ў сусветна вядомым творы “Бурлівае жыццё Лазіка Ройтшванеца”.
Мерапрыемства адбываецца з нагоды 90-годдзя выхаду ў свет забароненай савецкай цэнзурай кнігі Іллі Эрэнбурга пра “гомельскага Швейка” “Бурлівае жыццё Лазіка Ройтшванеца”. У межах прэс-тура будуць узнятыя пытанні захавання памяці пра габрэйскую спадчыну ў Беларусі.
Сатырычны твор Іллі Эрэнбурга “Бурлівае жыццё Лазіка Ройтшванеца” быў надрукаваны ў 1928 годзе ў Парыжы і да 1989 года быў забаронены ў Савецкім Саюзе.
У праграме мерапрыемства:
11.00 – 12.30 – экскурсія па мясцінах Лазіка Ройтшванеца. Праводзіць: пісьменнік Сяргей Балахонаў.
13.00 – 14.00 – Прэс-канферэнцыя з удзелам дырэктара “Гомельскага дзяржаўнага тэатра лялек” Дзмітрыя Гарэліка. На сцэне тэатра ў 2017 годзе з’явіўся спектакль “Бурлівае жыццё Лазіка Ройтшванеца”.
14.00 – 15.00 – выступ Гомельскага ансамбля габрэйскай музыкі пад кіраўніцтвам прызёра Ўсебеларускага конкурсу народнага гумару Сямёна Клейнера.
Для ўдзелу да 10 траўня на адрас bianko.mikalai@gmail.com неабходна падаць заяўку з пазначэннем: імя, прозвішча, СМІ, якое прадстаўляеце. Іншагароднія могуць разлічваць на кампенсацыю выдаткаў за праезд. Заяўкі прымаюцца да 10 траўня.
Тэлефоны для кантактаў: +375293310144 (v), +375295224133 (MTC).
Цытаты з твора Іллі Эрэнбурга “Бурлівае жыццё Лазіка Ройтшванеца”:
“Стоячы на высокім беразе Сажа, гамельчукі даволі працяглы час спрачаліся. Пфэйфэр нават запішчаў:
– Я вам кажу, што гэты “Камуніст” сеў, і ён сеў, і ён сядзіць, а мы можам ісці да сябе спаць. (Добра, што не было тут грамадзянкі Пуке! Потым патлумач каму, што “Камуніст” – гэта звычайны беспартыйны параход, загружаны яйкамі і кіеўскай гастрольнай трупай, які сеў на мель)…”
“У Гомелі, нягледзячы на ўсе нашыя вялікія заваяванні, няма дагэтуль адпаведных труб. Ад змрочнага мінулага атрымалі ў спадчыну гомельцы непрыстойныя бочкі, якія грукочуць на галоўнай вуліцы. Прашу Гомелем за гэта не пагарджаць. Як-ніяк у Гомелі мноства асветніцкіх пачынанняў, два тэатры, цырк, не кажучы ўжо пра кіно. А цалкам распрацаваны праект трамвая? Што ж датычыць трубаў, то гэта дробная дэталь. Ужо наколькі знакамітыя Афіны, а ў Афінах таксама няма гэтых трубаў, так што нечага папракаць непрыстойнымі бочкамі Гомель”.
“Скулка – глупства, скулка ўзыходзіць і заходзіць, як які-небудзь гомельскі камісар”.
“Вядома, у турме не было ні Фенічкі Гершановіч, ні бліскання зорак, ні гастроляў маскоўскай аперэткі. Затое ў турме не было і фінінспектара”.