Прэс-тур па арганічных фермерскіх гаспадарках. Рэгістрацыя да 27 жніўня
Экалагічная ўстанова «Агра-эка-культура» запрашае журналістаў у прэс-тур па гаспадарках беларускіх фермераў. Прэс-тур адбудзецца 3 верасня 2019 года. Для ўдзелу ў прэс-туры неабходна зарэгістравацца, запоўніўшы гугл-форму .
Рэгістрацыя да 27.08.2019 года.
Тэма прэс-тура: «Кантрольная закупка: сертыфікаваная арганічная гаспадарка як эталон чысціні прадукцыі».
Мерапрыемства арганізавана ў рамках праекта, які фінансуецца Шведскім агенцтвам па міжнародным развіцці і супрацоўніцтве (Sida) і Кааліцыяй «Чыстая Балтыка» (Coalition Clean Baltic) пры інфармацыйнай падтрымцы Беларускай асацыяцыі журналістаў (ГА «БАЖ»).
У прэс-туры прымуць удзел эксперты па пытаннях арганічнай сельскай гаспадаркі.
Падчас прэс-тура вы даведаецеся:
• Як жывуць і працуюць арганічныя фермеры ў Беларусі.
• Як арганізавана сертыфікаваная арганічная фермерская гаспадарка знутры.
• Чаму арганічнае? Чым адрозніваюцца арганічныя метады ад тэхналогій інтэнсіўнай агравытворчасці? Чаму гэта не вяртанне ў мінулае, а крок да будучыні? Як арганічныя фермеры ператвараюць негатыўнае ўздзеянне сельскай гаспадаркі на прыроду ў пазітыўнае?
• Што асаблівага робяць арганічныя фермеры для якасці і смаку прадукцыі, здароўя спажыўцоў.
• З якімі праблемамі сутыкаюцца і як бачаць перспектывы развіцця галіны, якая падтрымка ад дзяржавы і спажыўца ім неабходная.
• Як фермеры фармуюць кошты і шукаюць сваіх пакупнікоў, якая дынаміка попыту.
• Чаму важная кааперацыя фермераў і спажыўцоў.
• Ці можна, пазнаёміўшыся з арганічным фермерствам, стаць самому сабе інспектарам па якасці прадукцыі? На што звяртаць увагу падчас закупак у гаспадарках і на рынках.
І вядома, асабістыя гісторыі: чаму людзі вырашаюць займацца арганічнай сельскай гаспадаркай, хоць лягчэй зарабіць, выкарыстоўваючы ядахімікаты? Ці цяжка быць арганічным фермерам? Чаму арганічнаму фермеру трэба быць творчым, адукаваным чалавекам з шырокім кругаглядам?
Запрашаем вас убачыць усё на свае вочы, паспрабаваць, панюхаць і задаць пытанні непасрэдна вытворцам арганічнай прадукцыі ў іх гаспадарках!
Пра фермераў і іх гаспадаркі:
Дзмітрый Лутаеў: апрацоўвае каля 1,7 га. Вырошчвае: гарбузы, салодкую кукурузу, буракі, некалькі розных відаў капусты і салат, кавуны, дыні, памідоры, фасолю і іншыя сезонныя прадукты. 35 арганічных культур. Сертыфікат арганічнай сельскай гаспадаркі Еўрапейскага Саюза. Адзін з заснавальнікаў арганічнага фермерскага кааператыва і першай ў краіне інтэрнэт-крамы арганічных прадуктаў «Консорция» www.consort.by
Алена Сідарава: апрацоўвае 60,94 га. Вырошчвае: дурніцы, суніцы, бружмель, журавіны, памідоры, агуркі, духмяныя травы, цукіні, гарбузы, перцы, збожжавыя, рэалізуе яйкі курыныя. Сертыфікат Еўрасаюза. Працуе з гандлёвымі сеткамі і гіпермаркетамі.
Маршрут:
Ад’езд з Мінска 3 верасня ў 8.30.
11:00 — Гаспадарка №1: АПГ Дзмітрыя Лутаева (в. Сошыца, Бярозаўскі раён, Брэсцкая вобласць).
Экскурсія па гаспадарцы, гутарка з фермерам і экспертамі, для жадаючых магчымасць закупкі. Абед з фермерскімі прадуктамі.
14.00 — Пераезд у гаспадарку №2: «СидСАд» Алены Сідаравай (в. Дашкі, Мінскі раён, Мінская вобласць).
16.00 — Экскурсія па гаспадарцы, гутарка з фермерам і экспертам, для жадаючых магчымасць закупкі. Кава-паўза з фермерскімі прадуктамі.
17.30 — ад’езд у Мінск.
Магчымыя нязначныя зрухі па часе.
Пераезды ажыццяўляюцца ў мікрааўтобусе, у дарозе будуць прапанаваны чай, кава, вада, печыва.
Па пытаннях пішыце: gancharova@gmail.com