Праца з траўматычным матэрыялам: журналіст мусіць умець пераключацца на іншыя тэмы
Фатаграфіі і відэа трагічных падзеяў з’яўляюцца сведчаннем-дакументам чалавечай гісторыі. Аднак, нягледзячы на высокую каштоўнасць для навінаў, траўматычныя выявы патрабуюць вельмі асцярожнага выкарыстання, бо могуць стаць рызыкоўнымі для маральнага ладу тых, хто з імі працуе.
Выявы з зонаў канфліктаў, з месца злачынства або прыроднай катастрофы звычайна жудасныя і трывожныя. Распаўсюд камер высокай дакладнасці на працягу апошняга дзесяцігоддзя істотна падвысіў аб’ём і графічны характар матэрыяла, які паступае ў рэдакцыі. Нават, калі апісаныя падзеі адбыліся недзе вельмі далёка, журналісты, пагружаныя ў плынь адкрытых, гвалтоўных і хвалюючых малюнкаў, могуць адчуваць, што матэрыял прасочваецца ў іх псіхічную прастору. Тыповымі становяцца рэакцыі кшталту агіды, занепакоенасці, бездапаможнасці; кантэнт можа перайсці з вонкавай працы ў форму навязлівых думак і праблемаў са сном.
Даследаванні паказваюць, што прагляд абмежаванай колькасці траўматычных выяваў выклікае, у большасці выпадкаў, максімум, эпізадычны шок; супрацоўнікі СМІ — гэта высокаўстойлівая да шоку група. Аднак узрастае небяспека таго, што псіхолагі называюць другаснай, або вікарнай траўматызацыяй, калі ўздзеянне паўтараецца — эфект павольнага пагружэння. Рызыка таксама ўзрастае, калі журналіст мае асабістае дачыненне да падзеяў у кадры — напрыклад, калі распавядаецца пра раненне кагосьці са знаёмых.
Уздзеянне цяжкіх выяваў можа быць звязана з шокам. Яшчэ ў 2013 годзе “Амерыканская псіхіятрычная асацыяцыя” дапоўніла свае правілы па посттраўматычным стрэсе, прызнаўшы, што працяглая праца з траўматычнымі выявамі з’яўляецца фактарам рызыкі для журналістаў, паліцыі і іншых катэгорый прафесій, якія рэгулярна працуюць з такімі выявамі.
Ніжэй прыводзяцца шэсць практычных парадаў ад dartcenter.org, якія мусяць дапамагчы журналісту знізіць траўматычную нагрузку:
- Усведамляйце, з чым менавіта вы працуеце. Успрымайце траўматычныя выявы быццам бы радыяцыю, таксічную субстанцыю, якая мае эфект залежнасці ад дозы. Журналісты і гуманітарныя работнікі, гэтак жа як і супрацоўнікі атамных станцый, маюць працу, якую трэба выканаць; разам з тым, яны павінны прымаць разумныя меры, каб мінімізаваць непатрэбнае ўздзеянне. Часам праблемай можа стаць частата прагляду, а не агульны аб’ём, таму пралічыце, як размеркаваць нагрузку ад траўматычных матэрыялаў і знайдзіце “час прастою”, калі вы адключыцеся ад такога ўздзеяння.
- Пазбягайце непатрэбнага паўторнага ўздзеяння матэрыяла. Перагледзьце ваш працэс адбору і пазначэння назваў, тое, як вы арганізоўваеце лічбавыя файлы і папкі; пазбягайце непатрэбнага прагляду. Калі вы спраўджваеце здымкі, суадносячы іх з іншым адзнятым матэрыялам з розных крыніц, рабіце пісьмовыя заўвагі наконт адметных рысаў, верагодна, гэта дапаможа зменшыць неабходнасць пераправеркі адносна першапачатковай выявы. І ніколі не перадавайце матэрыял калегам без папярэджання пра змест файла.
- Эксперыментуйце ў выбудоўванні дыстанцыі паміж вамі і працоўнымі выявамі. Некаторыя канцэнтруюцца на пэўных дэталях у выяве, напрыклад, на адзенні, і пазбягаюць іншых дэталяў, напрыклад, разглядаць твары людзей. Паспрабуйце прымяніць часовую маску/эфект размытасці на вобласці выявы, якія могуць шакаваць. Рэдактарам відэа рэкамендуюць не ўжываць функцыю лупы пры абрэзцы здымкаў гвалтоўных нападаў, гібелі; ці ўжываць яе вельмі абмежавана. Распрацуйце ўласныя шляхі абыходу экспліцытнага матэрыялу.
- Адаптуйце вакно прагляду. Паменшыце памер акна ці адрэгулюйце настройкі экрана, што дапаможа прыглушыць уздзеянне выявы. Па магчымасці адключыце гук — часта ён уздзейнічае наймацней.
- Рабіце частыя перапынкі. Паглядзіце на што-небудзь прыемнае, пахадзіце, пацягніцеся, выйдзіце ў прыроднае асроддзе (на свежае паветра, у парк). Усё гэта дазволіць паменшыць рэакцыю цела на стрэс. Асабліва не працуйце з цяжкімі выявамі перад сном, інакш больш верагодна, што выявы застануцца на паверхні свядомасці. (І асцярожна з алкаголем — ён парушае сон і паглыбляе начныя кашмары).
- Стварыце асабісты план самадапамогі. Магчыма, у вас ёсць спакуса працаваць у некалькі разоў больш, калі наспявае рэзанансны рэпартаж. Але важна пакідаць месца для перадыху і адпачынку па-за працай. Даследаванні паказваюць, што лепей спраўляюцца з выклікамі траўмы высокарэзістэнтныя людзі — тыя, хто больш схільны рэгулярна займацца спортам, падтрымліваць знешнія інтарэсы і хобі і ўкладаць свой час у сацыяльныя сувязі.
Некалькі дадатковых парадаў для рэдактараў і мэнэджараў СМІ:
- Кожнага члена каманды трэба кансультаваць наконт нармальных рэакцый у выпадку траўмы. Члены каманды павінны ўсведамляць, што людзі могуць спраўляцца са стрэсам па-рознаму, што ўздзеянне можа акумулявацца з часам. Гэта датычыцца ўсіх супрацоўнікаў, у тым ліку тэхнічнага персаналу.
- Увядзіце ясныя правілы наконт захавання і распаўсюду графічнага матэрыяла. Каментары, файлы і міжнародная камунікацыя, якія адносяцца да траўматычных выяваў, павінны выразна пазначацца і распаўсюджвацца толькі для тых, каму патрэбны гэты матэрыял. Нікога не трэба прымушаць глядзець відэа, якое ніколі не будзе транслявацца ў СМІ.
- Асяроддзе. Па магчымасці працоўныя месцы, дзе апрацоўваюць матэрыял з гвалтоўнымі выявамі, павінны выходзіць вокнамі на адкрытую прастору; у пакоі размяшчайце расліны і іншыя прыродныя элементы, якія могуць дапамагчы адмежавацца ад здымкаў.
Прэс-служба ГА “БАЖ” пацікавілася ў калег, як яны ацэньваюць такія парады і ці маюць штосьці дадаць да іх.
— Парады слушныя. Але, мне падаецца, яны накіраваныя ў першую чаргу на рэдактароў ці тых, хто працуе з выявамі ці відэа ўжо ў рэдакцыі, то бок абмінае журналістаў, якія працавалі на месцы здарэння, а потым не аддалі свой матэрыял мантажору ці рэдактару, а працягнулі апрацоўваць яго, — гаворыць журналістка Настасся Шамрэй, якая ў 2011‑м годзе працавала на месцы выбуху ў мінскім метро.
— Я лічу, што абавязкова трэба ўсведамляць, што журналіст, хоць і стрэсаўстойлівы, але звычайны чалавек. Ад прысутнасці на месцах здарэнняў, трагедый ці інш. таксама атрымлівае шок. Таму па вяртанні ў рэдакцыю з траўматычных здымак абавязкова трэба даць праглядзець матэрыял вопытнаму калегу, які не прысутнічаў на месцы здарэння. Каб хтосьці свежым вокам мог ацаніць, ці не дае шакаваны журналіст у публікацыю выявы, якія не адпавядаюць этычным нормам, якія будуць і надалей траўмаваць людзей.
Рэпарцёрам у рэдакцыі абавязкова трэба загадзя абмяркоўваць, як асвятляць трагедыі, этычныя правілы, тэхнічныя падыходы. З разлікам, што ў стрэсавай сітуацыі, нават аднойчы праслуханы інструктаж на 5 хвілін, можа палепшыць працу рэпацёра ў разы.
Важна таксама умець абстрагавацца ад матэрыялу. Журналіст — не ёсць ягоны матэрыял. Акрамя ўмення пры апрацоўцы матэрыялу не заглыбляцца ў дэталі, не павялічваць выявы, я б яшчэ параіла не чытаць каментары. І пазбягаць па магчымасці чытання, выслухоўвання спрэчак па тэме. Акрамя, натуральна, прафесійных парадаў калегаў у прафесійных колах.
Таксама я раю журналістам ні ў якім разе не завісаць на дадзенай тэме. Нават калі ты прафесіянал у гэтым, карысна час ад часу пісаць “пра коцікаў”. І, я лічу, пасля траўматычных тэмаў абавязкова трэба брацца за тэмы, якія натхняюць.
Варта абавязкова звяртацца да калегаў, юрыстаў, псіхолагаў, пры патрэбе. Ну і канешне ж рэгулярна хадзіць у адпачынак. І адключаць інтэрнэт, каб абсалютна выпадаць з інфармацыйнага поля на непрацяглы час. Вельмі карысная рэч, я лічу.
— Сярод парадаў Дарт-цэнтра ёсць і вельмі добрыя, але ёсць і такія, з якімі я нават не ведаю, як працаваць, — гаворыць вядомы беларускі фотарэпарцёр Аляксандр Васюковіч. — Магчыма, яны добра стасуюцца да працы рэдактараў, але дакладна не журналістаў. Журналіст не можа не канцэнтравацца на дэталях, ён акурат павінен гэта рабіць. Ён не можа знізіць яркасць манітора, паменшыць памер акна альбо выключыць гук. Наадварот, ён павінен уважліва і глыбока паглядзець на ўсе свае фотаздымкі альбо відэа.
Калі ж браць мяне асабіста, то на мяне найбольшае ўражанне за ўсю маю працу зрабілі здымкі Любові Кавалёвай, маці абвінавачанага ў мінскім тэракце і расстралянага. Гэты быў той момант, калі мне асабіста было вельмі цяжка працаваць. Бо падчас нейкіх драматычных падзеяў ты адчуваеш, што яшчэ можаш нечым дапамагчы ў вырашэнні праблемы: напісаць пра гэта, прыцягнуць увагу грамадства. А гэта быў выпадак, калі ты здымаеш чалавека і разумееш, што ўжо нічога ўжо зрабіць не можаш.
Самая ж добрая парада, на мой погляд, што журналісту трэба навучыцца пераключацца і адыходзіць ад сваіх тэм пасля працы. Напрыклад, нейкую фізічную працу рабіць, каб маральна разгрузіцца. Я вельмі часта раблю такім чынам і раю гэта калегам.