Пачынаецца прыём заявак на прэмію турэмнай літаратуры імя Францішка Аляхновіча
Прэмію ўручаюць за за найлепшы твор, напісаны аўтарамі і аўтаркамі, якія трапілі ў зняволенне.
У 2013 годзе Беларускі ПЭН-цэнтр сумесна з «Радыё Свабода» заснаваў прэмію імя Францішка Аляхновіча за найлепшы твор, напісаны ў зняволенні. Сярод уладальнікаў гэтай узнагароды было нямала журналістаў.
Так, у 2021 годзе спісе лаўрэатаў ў тым ліку значыліся журналіст і медыяменеджэр Андрэй Аляксандраў са зборнікам «Вершы з‑за кратаў», сузаснавальнік вядомых онлайн-выданняў kyky.org і «The Village Беларусь» Аляксандар Васілевіч з казкамі пад агульнай назвай «Тата і пінгвін» (гэтыя гісторыі пра ўнутраную свабоду былі напісаныя ў мінскім СІЗА), а таксама нашанівец Андрэй Скурко з казкамі і вершамі для сына.
Тэматыка твораў, што могуць прэтэндаваць на прэмію, не абмежаваная. На разгляд прымаюцца дакументальныя і мастацкія творы на беларускай і рускай мовах, як апублікаваныя, так і ў выглядзе рукапісу, створаныя ў зняволенні і дасланыя на працягу года. Права намінацыі маюць таксама ўсе сябры Беларускага ПЭН-цэнтра.
Падвядзенне сёлетніх вынікаў прэміі імя Францішка Аляхновіча адбудзецца ў Дзень зняволенага пісьменніка 15 лістапада. Разглядаюцца творы, апублікаваныя цалкам або часткова ў перыяд з лістапада 2021 года па лістапад 2023-га.
Арганізатары заклікаюць сяброў і прыхільнікаў зняволеных збіраць і захоўваць літаратурныя сведчанні з‑за кратаў і запрашаюць зняволеных удзельнічаць у стварэнні літаратуры памяці.
Творы або спасылкі на іх можна дасылаць на адрас info@penbelarus.org з пазнакай «Прэмія Аляхновіча». Арганізатары плануюць уручыць прэмію імя Францішка Аляхновіча адразу, як дазволіць сітуацыя ў краіне, і спадзяюцца, што гэта адбудзецца ў найбліжэйшай будучыні.
Дадатковую інфармацыю пра прэмію імя Францішка Аляхновіча і яе лаўрэатаў можна знайсці на адпаведнай старонцы на сайце Беларускага ПЭНа.