Пачаўся прыём матэрыялаў на конкурс у абарону жыцця «Жыццё пад сэрцам» (да 15 траўня)
Супольнасць хрысціянскіх журналістаў і блогераў чацвёрты раз абвяшчае конкурс журналісцкіх матэрыялаў “Жыццё пад сэрцам”. Апошні раз вынікі конкурсу падводзіліся ў траўні 2017 года.
На конкурс прымаюцца матэрыялы (відэасюжэты, тэксты, фотарэпартажы), створаныя і апублікаваныя ў беларускіх СМІ, блогах ці рэлігійных сайтах у перыяд з 1 верасня 2017 года па 15 траўня 2019. Тым, у каго няма магчымасці апублікаваць свае матэрыялы у СМІ і блогах, Krynica.info прадстаўляе сваю пляцоўку. Мова конкурсных працаў: беларуская і руская.
Як можна прыняць удзел у конкурсе?
Да ўдзелу ў конкурсе дапускаюцца як прафесійныя журналісты, так і журналісты-аматары, блогеры, якія ў сваіх публікацыях, фота- і/ці відэаматэрыялах закранаюць тэму абароны ненароджанага жыцця і сямейных каштоўнасцей.
Працы будуць прымацца да 15 траўня ўключна. Дасылаць матэрыялы трэба на адрас: slovaby@gmail.com. У тэме ліста неабходна пазначыць “На конкурс”, а ў самім лісце паведаміць дату і месца першай публікацыі, а таксама прозвішча і імя аўтара тэксту. Пралайф-матэрыялы для публікацыі на Krynica.info прымаюцца на адрас krynica.editor@gmail.com.
Намінацыі і ўзнагароджванне
Матэрыялы-пераможцы будуць вызначацца ў наступных намінацыях: лепшы інфармацыйны матэрыял, лепшы аналітычны матэрыял, лепшы мастацка-публіцыстычны матэрыял.
Цырымонія ўзнагароджвання пройдзе 1 чэрвеня 2019 года. Тры пераможцы будуць узнагароджаны грашовымі прэміямі.
У журы конкурсу ўваходзяць: Георгій Рой (настаяцель Свята-Пакроўскага Сабору ў Гродна), Кірыл Бардонаў (вікарый Чырвонага касцёла ў Мінску, былы дырэктар Catholic.by), Святлана Шырвель (журналістка, грамадская дзеячка па абароне сямейных каштоўнасцей).
Удзельнік конкурсу павінен з’яўляцца аўтарам матэрыялу, прадстаўленага ад яго/яе імя на конкурс. Арганізатары конкурсу пакідаюць за сабой права выключыць работы аўтара з ліку конкурсных або прызавых ў выпадку, калі будуць выяўленыя факты парушэння аўтарскіх правоў альбо ў выпадку неадпаведнасці матэрыялу заяўленай тэматыцы.
Дасылаючы свае матэрыялы, аўтар згаджаецца з умовамі конкурсу, а таксама з тым, што яны могуць быць выкарыстаныя арганізатарамі конкурсу для публікацыі ў друкаваным ці электронным выглядзе для прасоўвання гэтага конкурсу ў любым фармаце без выплаты якіх-небудзь узнагарод.