«Новы час» абвяшчае конкурс маладых журналістаў імя Аляксея Караля
Беларускамоўны штотыднёвік "Новы час" заснаваў конкурс імя Аляксея Караля для маладых журналістаў.
Рэдакцыя «Новага часу» заснавала конкурс маладых журналістаў на знак памяці і павагі да рэдактара Аляксея Караля, які год таму сышоў у лепшы свет. Аляксей Кароль заўсёды з імпэтам падтрымліваў маладых журналістаў. І гэты конкурс ёсць працягам спраў, ідэй і ідэалаў, што рэдактар, журналіст, гісторык і грамадскі дзяяч Кароль пакінуў пасля сябе.
ХТО МОЖА ПРЫНЯЦЬ УДЗЕЛ У КОНКУРСЕ?
Для таго, каб прыняць удзел у конкурсе, не абавязкова мець журналісцкую адукацыю ці досвед журналісцкай працы. Патрэбныя толькі жаданне пісаць, валоданне словам і цікавая тэма. Ваш узрост не павінен быць больш за 30 гадоў.
Калі вы адпавядаеце гэтым крытэрам, чакаем на вашы матэрыялы. Улічыце, калі ласка, што да ўдзелу ў конкурсе прымаюцца толькі арыгінальныя артыкулы на беларускай мове, якія раней нідзе не публікаваліся. Артыкулы павінны быць праілюстраваныя ўласнымі (вітаецца) ці пазычанымі (з пазначэннем крыніцы) фота.
Калі вы жадаеце падзяліцца аўдыё- ці відэасюжэтам альбо нават уласным дакументальным фільмам, калі ласка, дасылайце вашы мультымедыйныя матэрыялы. Мы будзем рады пазнаёміць з вашай творчасцю шырокую аўдыторыю і даць карысныя парады.
КОНКУРСНЫЯ ПРАЦЫ БУДУЦЬ АЦЭНЬВАЦЦА Ў ТРОХ НАМІНАЦЫЯХ:
- найлепшы грамадска-палітычны матэрыял
- найлепшы сацыяльна-эканамічны матэрыял
- найлепшы культурна-гістарычны матэрыял
Матэрыялы прымаюцца да 1 красавіка 2017 года. Вынікі конкурсу будуць падведзены 20 мая 2017 года, а ўзнагароджанне лаўрэатаў адбудзецца 29 мая 2017 года — у Дзень нараджэння Аляксея Караля.
Усе матэрыялы, якія пройдуць папярэдні адбор у рэдакцыі «Новага Часу», будуць размешчаныя ў адмысловым раздзеле конкурсу на нашым сайце novychas.by, а некаторыя з іх будуць надрукаваныя ў газеце «Новы Час» і на галоўнай старонцы сайту (удзел у конкурсе азначае згоду на выкарыстанне твора на сайце novychas.by і/ці ў газеце «Новы Час»).
Трох лаўрэатаў конкурсу імя Аляксея Караля назаве рэдакцыя «Новага часу». Яшчэ трох пераможцаў вызначаць чытачы «Новага часу», шляхам галасавання на сайце novychas.by.
Лаўрэатаў конкурсу чакаюць каштоўныя падарункі, неабходныя ў прафесійнай дзейнасці, і прапанова далейшай самарэалізацыі ў дружнай камандзе «Новага часу».
Для ўдзельнікаў конкурсу будуць арганізаваныя майстар-класы, якія правядуць вядомыя асобы Беларусі, сярод якіх гісторык і публіцыст Ігар Мельнікаў («Захапляльная гісторыя»), паэт, літаратарка і аўтарка Валярына Кустава («Рэаліці-шоў і шчырыя размовы па-беларуску»), праваабаронцы Алесь Бяляцкі і Валянцін Стэфановіч («Нясумныя правы чалавека»); журналіст, намеснік рэдактара «Новага Часу» Сяргей Пульша («Як працаваць з навінамі і аналітыкай»); пісьменніца і аўтарка «Новага Часу» Марыя Мартысевіч («Тэксты пра культуру, якія не пакідаюць чытачоў абыякавымі») і іншыя.
ПАТРАБАВАННІ ДА АФАРМЛЕННЯ МАТЭРЫЯЛАЎ
Усе тэкставыя матэрыялы дасылайце ў электронным выглядзе на пошту «Новага Часу» novychas@gmail.com з пазнакай «КОНКУРС». Адзін канкурсант можа дасылаць некалькі матэрыялаў.
Файл з конкурснай працай павінен утрымліваць назву артыкула і прозвішча аўтара.
Памер тэкстаў не павінен перавышаць 6000 знакаў без прабелаў. Памер фота не менш за 800 на 600 і не больш за 2400 на 1800 пікселяў. Фотаздымкі, дасланыя ў якасці ілюстрацыі працы, павінны быць падпісаныя.
Аўдыё і відэаматэрыялы дасылайце ў выглядзе спасылкі на файлы, размешчаныя ў электронным сховішчы (напрыклад, на гугл-дыск).
Таксама канкурсант мусіць напісаць кароткі аповед пра сябе (не больш за 500 знакаў) і даслаць свой фотаздымак.