• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Няма сіл? Як аднавіцца пасля зімы — парады спецыяліста

    Фота: pexels.com

    Пасля доўгай зімы хочацца хутчэй прывесці сябе ў форму і пачаць жыць паўнавартасным жыццём. Але пакуль адны людзі пацеюць на бегавых дарожках у трэнажорных залах, запісваюцца да касметолагаў, мяняюць прычоскі і ўбранні, іншыя з цяжкасцю прымушаюць сябе падняцца раніцай і пайсці на працу.

    — Не разумею, дзе ўзяць сілы на трэніроўкі, — піша адзін з чытачоў Еўрарадыё. — Адчуваю сябе, як разраджаны тэлефон, зарадка ад якога засталася дома.

     Справа не толькі ў зіме, але і ў дадатковых кантэкстах, ад якіх мы адчуваем сябе дрэнна, — каментуе сітуацыю псіхолаг Ганна Матуляк. — З аднаго боку, гэта можа быць вайна і агулам змрочныя навіны за дзень, з другога — асабістыя цяжкасці, напрыклад, развод, праблемы з дзецьмі, дакументамі і гэтак далей. Усё гэта трэба ўлічваць.

    Па словах спецыялісткі, працэс аднаўлення пасля зімы мусіць быць далікатным і комплексным. Ні ў якім разе нельга «гвалтаваць» свой арганізм цяжкімі практыкаваннямі.

    Уключаемся паступова.

    Ганна Матуляк. Фота: з асабістага архіва

    Спачатку — да лекара

    Каб зразумець, чаму няма энергіі, трэба высветліць, ці ёсць для гэтага нейкія фізіялагічныя або біялагічныя прычыны.

    Таму добра, калі пасля зімы ў вас знойдуцца сілы схадзіць у паліклініку. Варта здаць аналізы, праверыць узровень гармонаў і іншых важных рэчываў, дзякуючы якім працуе ваш арганізм.

    Калі апынецца, што нечага не хапае, доктар выпіша неабходныя медыкаменты, дзякуючы якім энергіі стане больш, і далей можна будзе ўмацоўваць арганізм ужо іншымі метадамі.

    Звярніцеся да псіхатэрапеўта

    Калі аналізы ў паліклініцы пакажуць, што з вашым арганізмам усё добра, але энергіі ўсё адно няма, звярніце ўвагу на сваё псіхічнае і псіхалагічнае здароўе.

    Напрыклад, ёсць шмат розных формаў дэпрэсій, якія не выглядаюць, як класічная клінічная форма са стратай сэнсу жыцця, немагчымасцю падняцца з ложка і нават пачысціць зубы.

    Гэта могуць быць больш лёгкія, не так ярка выяўленыя формы, якія тым не менш таксама ўплываюць на ваш стан і патрабуюць умяшання спецыяліста.

    Сон, ежа, прагулкі

    Звычайна, калі дрэнна, хочацца атрымаць нейкі універсальны рэцэпт, які адразу ж падыме з ложка. Але так, на жаль, не працуе.

    Тым не менш існуюць тры асноўныя правілы, якія могуць паскорыць працэс.

    Падтрыманне рэжыму сну, правільнае харчаванне, прагулкі на свежым паветры ці хоць якая-небудзь мінімальная фізічная актыўнасць — вось тое, што вам патрэбна. Калі няма нейкіх больш глыбокіх і сістэмных прычын вашага дрэннага самаадчування, пры выкананні гэтых правілаў пачнуць з’яўляцца сілы.

    У любой незразумелай сітуацыі ідзіце да людзей

    Сувязі з людзьмі вельмі дапамагаюць нам адчуваць сябе лепш і атрымліваць сілы і энергію.

    Паглядзіце вакол сябе, ацаніце сваё асяроддзе. Падумайце, да каго з родных, сяброў або калег вы можаце звярнуцца па падтрымку. Патэлефанаваць, напісаць, сустрэцца — проста пагаварыць з кімсьці пра свой стан.

    Да людзей трэба ісці ў любой незразумелай сітуацыі. Гэта ўніверсальны сродак, але і тут могуць быць праблемы.

    У выпадку, калі вы адчуваеце, што вам складана камусьці давяраць, адкрывацца, дэманстраваць сваю чуллівасць, тэрапія можа стаць добрай альтэрнатывай.

     

    Не хочацца да людзей — пабудзьце з сабой

    А часам бывае так, што важна наадварот, пабыць з сабой. Напрыклад, калі мы гаворым пра пастаянны інфармацыйны перагруз, адасабленне (не адзінота, ад якой вы пакутуеце яшчэ больш), можа дапамагчы сабрацца з сіламі, разабрацца з патрэбамі, адчуць і максімальна іх потым задаволіць.

    У такі перыяд можна атрымліваць асалоду ад любімай музыкі, глядзець старыя фільмы, якія заўсёды вас цешылі, з’ездзіць у нейкае зацішнае месца, напрыклад, на прыроду.

    Падтрымлівайце інфармацыйную гігіену

    Можна выконваць усе рэкамендацыі спецыялістаў, але не адчуваць сябе лепш. Мы жывем у вельмі насычаным інфармацыйным полі. Часам прычына дрэннага самаадчування — у пастаянным чытанні навін, якія ўзмацняюць трывогу і неспакой.

    Мы ўсе гаворым пра тое, што трэба падтрымліваць інфармацыйную гігіену, але забываемся на гэта і не можам адключыцца ад таго, што адбываецца. Калі хочаце сябе лепш адчуваць, рабіце перапынкі.

    Пабудзьце з сабой. Фота: pixabay.com

    Клапаціцеся пра кагосьці

    Для некаторых людзей вельмі важным можа быць клопат пра кагосьці — чалавека або гадаванца. Калі побач ёсць хтосьці меншы або той, хто мае патрэбу ў даглядзе, клопат пра яго можа дапамагаць трымацца на плаву, дадаваць жыццёвага сэнсу і энергіі, каб рухацца далей.

    Рабіце тое, што падабаецца

    У кожнага чалавека ёсць свой спектр таго, што напаўняе яго энергіяй, дорыць добрае самаадчуванне і гэтак далей. Падумайце, што звычайна прыносіць вам радасць.

    І музыка, і кіно, і падарожжы даюць нам новы эмацыйны вопыт.

    Правядзіце эксперымент. Напрыклад, вы адчуваеце, што не хочаце ісці на канцэрт ці ехаць на экскурсію. Паспрабуйце сябе ўгаварыць і паставіцца да гэтага, як да неабходных лекаў. А ў працэсе праназіраць за сваім эмацыйным водгукам.

    Калі вы адчуеце сябе добра, атрымаеце задавальненне — значыць гэта сігнал аб тым, што важна прыкладаць намаганні, каб выцягваць сябе і надалей.

    Калі водгуку ў працэсе не з’явіцца, значыць пакуль не варта прымушаць сябе нешта рабіць і ператвараць намаганні ў гвалт над сваім арганізмам і псіхікай.

    У любым выпадку, важна спрабаваць, правяраць, а ў выпадку неабходнасці звяртацца па дапамогу да спецыялістаў. Метаду, які адназначна працуе для ўсіх, дапамагаючы прачнуцца пасля зімы, не існуе.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці