“НГО внутряшка” — анлайн-канферэнцыя пра ўнутраныя працэсы грамадскіх арганізацый
Асамблея НДА Беларусі, Офіс еўрапейскай экспертызы і камунікацый, Арт Сядзіба і Праваабарончы цэнтр “Вясна” запрашаюць 25 чэрвеня на анлайн-канферэнцыю пра грамадскі сектар “НГО внутряшка”.
25 чэрвеня з 16.00 да 22.00 на прасторах YouTube вы зможаце далучыцца да вэбінараў і дыскусій пра ўнутраны стан беларускіх актывістаў і актывістак і паглядзець на грамадскі сектар знутры, які ён ёсць, на болі і сумневы, перамогі і поспехі, думкі і ваганні людзей, якія там працуюць.
Канферэнцыя “НГО внутряшка” створана для працаўнікоў і працаўніц грамадскіх арганізацый, ініцыятыў, лідараў і лідэрак, валанцёраў і валанцёрак.
Гэтай падзеяй мы хочам паказаць магчымыя спосабы развіцця кар’еры ў НДА, процідзейнічаць выгаранню актыву грамадскіх арганізацый, паказаць магчымыя спосабы аднаўлення рэсурснага стану, як самастойна, так і ў арганізацыі.
Праграма анлайн-канферэнцыі “НГО внутряшка”:
16:00 – 17:00 Дыскусія “Кар’ера ў НДА: ці гэта магчыма?”
З гісторый нашых спікераў і спікерак – Алеся Бяляцкага, Валерыі Ваўкагонавай, Станіславы Гусаковай і Уладзіміра Каржа – вы даведаецеся як развівацца і расці ў адной арганізацыі, а калі дзеля росту варта памяняць НДА. Як прапрацаваць у адной арганізацыі 20 гадоў і не засумаваць, а таксама як выйсці на міжнародны ўзровень і пацвердзіць сваю экспертнасць у іншых краінах.
17:00 – 18:00 Дыскусія “Сышлі з сектара. Здрада ці развіццё”
Прыходзь на анлайн-дыскусію, на якой спікеры і спікеркі – Уладзь Сташкевіч, Віка Біран, Аня Клімовіч, Ірына Іванова – раскажуць, як яны выбіралі паміж НДА, бізнесам і IT, паміж развіццём і аднатыпнымі праектамі. Ты пачуеш гісторыі пра тое, як сысці з сектара, але застацца верным сваёй НДА, як сумяшчаць актывізм і новую працу.
18:00 – 19:00 Воркшоп “Мае калегі выгарэлі – што рабіць” + презентацыя чат-бота па антывыгаранню.
Эмацыйнае і прафесійнае выгаранне — нярэдкая з’ява ў трэцім сектары. На жаль, не ўсе актывісты і актывісткі могуць яго распазнаць і своечасова прадухіліць. Таму лідарам і лідаркам грамадскіх арганізацый важна ўмець убачыць прыкметы выгарання ў іншых.
З дапамогай псіхалагіні і арганізацыйнай кансультанткі з Эстоніі Ёланты Ціхановіча пастараемся разабрацца, як выявіць выгаранне ў калегі ці каляжанкі, як яго прадухіліць і не заразіцца выгараннем самому/самой.
19:00 – 20:00 Дыскусія “Жаночае лідарства: міф ці рэальнасць”
Палова планеты — жанчыны, але большасць кіруючых пасад у свеце займаюць мужчыны. Чаму так і ці няма тут сусветнай змовы? Давайце разбірацца разам!
Як быць лідаркай у краіне, дзе “канстытуцыя не пад жанчыну”? Ці праўда, што жанчыны добрыя выканаўцы, але кепскія кіраўніцы? Запрашаем на дыскусію з беларускімі лідаркамі з розных сфераў і гарадоў.
20:00 – 21:00 Вэбінар “Тымбілдынг — забава або эфектыўная налада працэсу працы каманды”
Запрашаем пагаварыць пра эфектыўны і прадуманы тымбілдынг. Тымбілдынг – яго хтосьці павінен прадумаць і спланаваць або досыць проста замовіць сауну?
На вэбінары прадстаўніцы 3 арганізацый — Жывая бібліятэка, RADA, кааператыў “Лістоўка”, — падзеляцца сваімі інструментамі пабудовы каманды, раскажуць ці магчымы тымбілдынг у анлайне ці ў той час, калі каманда працуе дыстанцыйна.
21:00 – 22:00 Fuckups падчас аддаленай працы. 5 гісторый НДА.
У сувязі з эпідсітуацыяй беларуская грамадзянская супольнасць сутыкнулася з незапланаваным пераходам у анлайн. Якія выклікі напаткалі прадстаўнікоў і прадстаўніц арганізацый у анлайне? Вас чакае цэлая гадзіна гісторый пра правалы актывістаў. Прыходзьце вучыцца на памылках іншых, каб не трапіць у няёмкую сітуацыю ў будучыні.
Каб не прапусціць цікавыя дыскусіі, рэгіструйцеся і атрымлівайце нагаданне пра падзеі канферэнцыі.