Набор на навучанне ў Беларускім Калегіюме ў 2022–2023 годзе (дэдлайн 14 кастрычніка)
Навучанне па індывідуальнай праграме. У аснове — работа на даследчых / творчых семінарах (выкладчыкі — Ігар Бабкоў, Ірына Дубянецкая, Ганна Севярынец, Вінцук Вячорка, Павал Баркоўскі), а таксама на лекцыях і майстар-класах вядомых інтэлектуалаў, навукоўцаў, журналістаў, творчых асобаў.
Беларускі Калегіюм — першая ў незалежнай Беларусі платформа дадатковай адукацыі, заснаваная ў 1997 годзе.
Чаму вучаць і чаму вучыцца ў Беларускім Калегіюме? Вучыцца думаць. Крытычна і самастойна. Думаць у беларускім кантэксце, з беларускай перспектывы. Думаць Беларусь.
У фокусе — гуманітарныя і сацыяльныя навукі: філасофія і літаратурная крытыка, сацыяльная і інтэлектуальная гісторыя, даследаванні культуры і сацыялогія, урбаністыка, работа ў медыя і візуальных фарматах ды інш.
Курсы лекцый — трансдысцыплінарныя. Яны аб’ядноўваюць матэрыялы і падыходы розных кірункаў і арыентаваныя на праблематызацыю, пастаноўку пытанняў, работу з новым матэрыялам.
Навучэнцы — студэнты старэйшых курсаў ВНУ, магістранты і аспіранты, маладыя навукоўцы, людзі, якія ўсвядомілі недастатковасць фармальнай адукацыі і хацелі б вучыцца глыбей і далей — разам з сябрамі і калегамі.
Навучанне — індывідуальнае. Гэта значыць, што пасля паступлення ў Калегіюм можна выбраць: альбо разам з усімі прайсці двухгадовую праграму заняткаў, альбо скласці ўласны план работы, творачы з наяўных курсаў і майстар-класаў, работы ў семінарах і праектах індывідуальную навучальную праграму.
Навучанне ў Калегіюме займае два гады. У асобных выпадках індывідуальная праграма можа быць як карацейшая, так і даўжэйшая.
Праграмы не дублююць праграмы дзяржаўных і недзяржаўных універсітэтаў.
Сертыфікат Беларускага калегіюма не замяняе дыплом аб вышэйшай адукацыі.
Навучанне бясплатнае.
Да ўдзелу ў конкурсе запрашаюць студэнтаў/ак старэйшых курсаў або асобаў з вышэйшай адукацыяй. Калі вы студэнт/ка малодшых курсаў, у асобных выпадках можам зрабіць выключэнне.
На навучанне прымаюць праз конкурс заявак — калі ласка, падбайце пра змястоўнае запаўненне анкеты.
У 2022–2023 годзе навучанне ў Калегіюме цалкам дыстанцыйнае. Арганізатары асабліва звяртаюць увагу на гэтую магчымасць студэнтаў з сярэдніх і малых гарадоў, вёсак і мястэчак Беларусі.
Пачатак заняткаў — 18 кастрычніка 2022 года.
Студэнты Калегіюма маюць асаблівае права быць запрошанымі на шматлікія падзеі: адкрытыя лекцыі, майстар-класы, семінары, фестывалі, размовы і інш.