Набор на Летнюю Школу Руху «За Свабоду» (да 6 чэрвеня)
Да 6 чэрвеня можна будзе падаць заяўку на ўдзел у Летняй Школе Руху «За Свабоду» «Месца Беларусі ў Еўропе», якая пройдзе з 25 па 30 ліпеня ў Варшаве.
У гэтым годзе ўпершыню Рух «За Свабоду» прадстаўляе двухузроўневае навучанне. Першы этап — гэта тры рэгіяльныя школы ў Беларусі. Першая з гэтай серыі школа пройдзе ў Мінску у пачатку ліпеня, яшчэ дзве — у абласных цэнтрах на захадзе і ўсходзе Беларусі.
Навучанне будзе падзелена на чатыры блокі: палітыка, эканоміка, гісторыя і культура. Сярод выкладчыкаў школаў у прыватнасці будуць эканаміст Сяргей Чалы, гісторык Уладзімір Арлоў, палітолаг Рыгор Астапеня, паэтэса Валярына Кустава, палітолаг Аляксандр Фядута.
Лепшыя ўдзельнікі рэгіянальных школаў працягнуць навучанне ў Варшаве. Там большы акцэнт будзе зроблены на замежных экспертаў, адбудуцца сустрэчы з дэпутатамі сейма Польшчы, прадстаўнікамі польскага мясцовага самакіравання, вядомымі замежнымі экспертамі.
Навучанне ў Школе Руху «За Свабоду» будзе найбольш цікавае тым, хто жадае заставацца «ў трэндзе» еўрапейскіх тэндэнцыяў, арыентавацца ў тым, куды лепей рухацца Беларусі, і чаму трэба навучыцца самому, каб не губляцца сярод «новых» прафесіяў. Студэнты даведаюцца пра тое, як Беларусі і беларусам «заваяваць» Еўропу, як нашу краіну бачаць суседзі, у чым нашы плюсы, мінусы і адметнасць.
Для ўдзелу неабходна запоўніць анкету да 6 чэрвеня ўключна, адно з пытанняў якой гучыць так: «У чым адметнасць Беларусі». На падставе гэтай інфармацыі будзе праведзены конкурсны адбор, вынікі якога будуць абвешчаныя да 10 чэрвеня.
Арганізатары бяруць на сябе аплату праезду, пражывання (для усіх узроўняў школаў) і дапамогу ў візавай падтрымцы (для тых, хто пройдзе адбор на варшаўскую Школу).
Узроставыя абмежаванні ўдзельнікаў: 18–30 год.
Гэта восьмая па ліку школа, якую штогод ладзіць Рух «За Свабоду». Першая была праведзеная ў ліпені 2011 году ў Варшаве, другая — у Вільні, трэцяя — на Беласточчыне, чацвёртая і пятая — пад Трокамі, шостая — пад Мінскам, сёмая ў Беластоку.