Міжнародная медыяканферэнцыя ў Варшаве. Заяўкі на ўдзел, на пітчынг праекта і паездку ва Украіну (да 16 кастрычніка)
Медыямэйкеры з усёй Еўропы збяруцца 14-16 лістапада ў Варшаве на медыяканферэнцыю-2022 «Па-за межамі першых старонак. Салідарнасць і справаздача падчас вайны». Дэдлайн прыёма: 16 кастрычніка 2022 года.
Сёлета асаблівая ўвага надаецца вайне ва Украіне. Калегі атрымаюць магчымасць пачуць украінскія галасы.
Падчас пленарных пасяджэнняў будзе забяспечаны сінхронны пераклад на англійскую і ўкраінскую мовы. Семінары будуць праводзіцца або цалкам на англійскай, або цалкам на ўкраінскай мовах. Тым не менш, пры неабходнасці арганізатары пастараюцца забяспечыць пераклад на англійскую/ўкраінскую/беларускую мовы.
Дэдлайн прыёма заявак: 16 кастрычніка 2022 года.
Магчымасці для ўдзельнікаў
Усе ўдзельнікі канферэнцыі маюць магчымасць прыняць удзел у пітчынгу і атрымаць фінансавую падтрымку для публікацый па тэме «Еўрапейская трансфармацыя падчас вайны». Арганізатары падтрымаюць каля 40 праектаў/гісторый, прыкладна па 500 еўра на аўтара.
Для гэтага неабходна даслаць сваю тэму/ідэю ўжо зараз. Тэмы/ідэі, якія ўвайшлі ў шорт-ліст, будуць абмяркоўвацца ў рамках пітчынгу ў апошні дзень канферэнцыі. Дадатковая інфармацыя, у тым ліку план выдаткаў, будзе запытана ў аўтараў толькі ў выпадку, калі яны дойдуць да фінальнага раунда. Арганізатары рэкамендуюць ствараць сумесныя праекты, але таксама вітаюцца асобныя гісторыі.
Навучальная паездка ва Украіну
Напярэдадні канферэнцыі арганізатары запрашаюць 10 еўрапейскіх рэдактараў у паездку ва Украіну. У суправаджэнні ўкраінскіх калегаў на працягу трох дзён група наведае населеныя пункты Кіеўскай вобласці, якія былі занятыя расейскімі ваеннымі ў сакавіку 2022 года. У праграме сустрэчы з мясцовымі журналістамі, якія працавалі на месцы пасля вызвалення рэгіёну. Выдаткі на праезд будуць пакрытыя.
Фота на вокладцы: n‑ost.org