Майстар-клас ад «Радыё Свабода»: Сацыяльнае відэа — вялікая гісторыя ў дзесяці сказах
Падчас Медыяменеджмент форуму журналісты “Радыё Свабода” Настасся Шамрэй і Юлія Коцкая распавялі, як ствараць відэа для сацыяльных сетак. І што ні ў якім разе нельга рабіць у працэсе вытворчасці ролікаў.
Сацыяльнае відэа, то бок ролікі, зробленыя адмыслова для сацыяльных сетак, цяпер даволі папулярнае. Статыстыка наведвальнасці “Радыё Свабода” паказвае, што відэа ў Facebook набірае больш клікаў і лайкаў, чым любы тэкст. Разам з тым для стварэння сацыяльнага відэа не трэба вялікай каманды. Дастаткова аднаго чалавека, які валодае тэхнічнымі кампетэнцыямі і мае журналісцкі досвед.
Каб стварыць кароткае відэа, трэба гісторыю распавесці літаральна ў дзесяці радках тэксту. Але важна, каб аўтару сапраўды было што сказаць.
«Пасля стварэння відэа задайце сабе пытанне, ці хочаце вы ім падзяліцца? Калі адказ станоўчы, праца зробленая добра», — гаворыць журналістка «Радыё Свабода» Юлія Коцкая.
Калі ствараеш відэаролікі, абавязкова спатрэбіцца музыка, дадатковае відэа ці фотаздымкі. Іх варта браць у бясплатных базах, або звяртацца да непасрэдных аўтараў з запытам. І заўсёды пазначаць аўтарства.
— Не крадзіце, бо не ўсё ў нас “сацыяльная з’ява”! — заклікае Юлія Коцкая.
Юлія сказала, што за ўвесь час яе працы пасля звароту да аўтара ніхто не адмовіў ў магчымасці скарыстаць прадукт.
Відэаролік не варта пачынаць з архіва. Усе любяць свежае і сучаснае. У вас ёсць адна секунда, каб зацікавіць чытача, калі ён прагортвае сваю стужку ў сацсетцы. Таму на першы кадр трэба шукаць самую яркую выяву.
«Калі ў вас будзе фота Лукашэнкі, асабліва яго даўні здымак, то нікому гэта не цікава», — папярэджвае Настасся Шамрэй.
Працягласць відэа таксама важная, як бы аўтару не было шкада свайго матэрыялу. Адна хвіліна 40 секунд — стандарт у «Радыё Свабоды». Таксама часта робяць відэа працягласцю 40 секунд.
«Апускайце дэталі. Іх людзі змогуць прачытаць у разгорнутым артыкуле. Шукайце самае важнае для вашага відэароліка. Адно відэа — адна гісторыя. Асабліва людзі любяць натхняльныя і пазітыўныя гісторыі. Напрыклад, многа праглядаў сабрала відэагісторыя пра тое, як хлопец самастойна зрабіў свайму бацьку электронны пратэз», — гаворыць Настасся.
Сучасныя тэлефоны, асабліва калі падлучыць мікрафон для запісу гука, дазваляюць зняць нармальнае сеткавае відэа.
Падчас здымак не вадзіце камерай, што любяць рабіць аматары мабільнага відэа. Зафіксуйце камеру на нейкай кропцы і здыміце па 5 секунд агульнага плану, сярэдняга і буйнога. І некалькі дадатковых планаў для “перабівак”.
Напрыканцы відэароліка важна змяшчаць заклік да дзеяння, кшталту “падзяліся відэа”, “пакінь каментар”, «пастаў лайк”. Стварыце адзін раз такі тытр і заўсёды яго выкарыстоўвайце.
Відэа таксама добра “працуе”, калі людзі посцяць яго на сваю старонку. Натуральна, «затэганыя» асобы таксама дадаюць ахопу аўдыторыі.
Можна ўзяць чужое відэа і на яго аснове распавесці сваю гісторыю, але абвязкова пазначайце першакрыніцу.
З дапамогай слайд-шоў таксама можна распавесці нейкую гісторыю, вам спатрэбяцца фота, музыка і тэкст.
“Падчас Алімпіяды ў нас быў малы доступ да відэаматэрыялаў на той час. І мы змаглі з дапамогай фота скласці сваю відэагісторыю. Гэта добры і не складаны спосаб прапіярыць нейкага чалавека”, — гаворыць Юлія Коцкая.
Для сацыяльных відэа добра ўсе словы дубляваць тытрамі, бо людзі не заўсёды могуць уключыць гук. Напрыклад, чалавек едзе ў транспарце і гартае сваю фрэнд-стужку. З тытрамі ён зможа цалкам зразумець гісторыю, а не толькі паглядзець кадры. Да таго ж гэта робіць відэа зручным для людзей, якія маюць праблемы са слыхам.
Праект “Настоящее время” размяжоўвае відэа для Facebook і Youtube. У першым выпадку гэта — кароткія ролікі, у другім — відэасюжэты.
«На жаль, колькасць пакуль не перарастае ў якасць. Але менавіта якасныя відэа, а не “дзесяць лукашэнак” у дзень прыцягваюць аўдыторыю», — папярэджвае Юлія Коцкая тых, хто збіраецца закідаць увесь інтэрнэт сваімі відэаролікамі.
Яшчэ адзін прыклад, калі відэа было зроблена з мінімальнымі высілкамі. Дастаткова было сабраць статыстыку пра гвалт ды зняць Нацыянальную бібліятэку, якую падсвяцілі аранжавым колерам у знак барацьбы супраць гвалту ў адносінах да жанчын і дзяўчынак.
А вось варыянт, у якой форме можна зрабіць відэаапытанку.
Не варта думаць, што жыццё ў вашага роліка такое ж кароткае, як ён сам, ды шкадаваць сваю працу, што згіне ў нетрах інтэрнэту.
«Калі ёсць развіццё падзей, то ва ўсе артыкулы па тэме дадаюцца гэтыя ролікі. Бывае, што гісторыя мае працяг. Адпаведна, можа дадавацца новая інфармацыя, старое відэа таксама “падымаецца”. Можна зняць гісторыю на 30 хвілін, але яна пражыве зусім мала, а маленькі ролік можа доўга быць цікавым», — гаворыць Настасся Шамрэй.
Журналісткі «Радыё Свабода» раяць глядзець як відэаролікі робяць іншыя выданні ды не баяцца вучыцца новаму.
Карысныя праграмы:
Quik — бясплатны мабільны дадатак, які дазваляе ствараць відэа.
animoto.com — анлайн-сэрвіс, які дапамагае ствараць відэа.
vmix.com — праграма для Live-трансляцый.
Bumbuser — дадатак для прамой трансляцыі відэа.