• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Людзям стала важна разумець, як выжываць за кратамі». Як журналістам пісаць пра гісторыі палітвязняў — гавораць Доўгая і Судаленка

    Ці трэба пісаць пра палітзняволеных у медыя? Што рабіць, калі сам вязень хоча публічнасці, а яго сваякі супраць? Што думаюць былыя палітвязні пасля вызвалення, калі не бачаць пра сябе ніякай інфармацыі ў сеціве?

    29 кастрычніка пагутарылі з журналісткай і стваральніцай праекту «Палітвязынкі» Яўгеніяй Доўгай, а таксама з праваабаронцам і былым палітычным вязнем Леанідам Судаленкам на фестывалі PRADMOVA пра тое, як журналістам працаваць з тэмамі рэпрэсій.

    ПРЫ ПАДТРЫМЦЫ ЧЫТАЧОЎ | PATREON.

    ДАВЕДКА
    Яўгенія Доўгая – журналістка, стваральніца праекту «Палітвязынкі» пра жанчын-палітзняволеных.

    Леанід Судаленка – гомельскі праваабаронца, адсядзеў па 342‑м артыкуле Крымінальнага кодэкса, былы палітзняволены.

    Яўгенія: На днях да мяне звярнулася былая зняволеная і прасіла, каб мы напісалі пра адну дзяўчыну. У яе аўтызм, яна сядзіць па палітычным артыкуле. Хацела знайсці родных і фотаздымак, але не атрымалася. Тады тая былая зняволеная сказала, што раскажа, як дзяўчына выглядае, каб толькі пра яе стала вядома.

    Нядаўна яшчэ выйшла Людміла Рамановіч, якая напісала антываенны ліст да Лукашэнкі. Яна расказвала яшчэ пра адну дзяўчыну – Ганну Кандраценку. У той наогул няма ніякай падтрымкі, а ў жанчыны псарыяз ад нерваў. І так інфармацыі становіцца пра людзей усё больш, так мы можам дапамагаць тым, хто за кратамі, а часам – іх сваякам.

     

    Ці могуць публікацыя пра палітзняволеных нашкодзіць іх сваякам

    Яўгенія: У маёй практыцы такога не было. 

    Мы як журналісты павінны разумець яшчэ адну рэч. Ёсць палітвязні, пра якіх няма звестак, а ёсць палітвязні, пра якіх сваякі не хочуць расказваць – у такія ўмовы іх ставяць сілавікі. Як толькі звестка пра вязня з’яўляецца, вязням у турме ствараюць невыносныя ўмовы. Да прыкладу, садзяць у ШЫЗА.

    Леанід: Кожны палітычна зняволены павінны для сябе вырашыць, які ўзровень самацэнзуры ўводзіць. Ён потым скажа сваякам, ці могуць яны кантактаваць з журналістамі. У турме кіруюць аператыўнікі, і яны прыходзяць да палітычнага і кажуць: «Яшчэ раз пра цябе з’явіцца інфармацыя ў інтэрнэце – паедзеш у ШЫЗА». Яны могуць сказаць зняволенаму, каб той сваякам перадаў нічога не публічыць.

    Трэба ўлічваць інтарэс вязня. Можа ісці размова не толькі пра здароўе, а пра жыццё. Калі чалавека кідаюць у ШЫЗА, то там вельмі складана нават спаць. Ты спіш на кулаках, ныркі там адразу баляць, ніякіх лістоў і атаваркі. Я на шосты дзень пачаў ужо з павуком размаўляць, бо ёсць патрэба размаўляць. Трэба разумець, што ты жывы чалавек.

    Адміністрацыя калоніі робіць усё, каб палітычны зняволены адчуваў нікчэмнасць, што на яго ўсе забыліся і ніхто пра яго не ведае.

    Я быў маральна падрыхтаваны да турмы: паміж ператрусамі і затрыманнем прайшлі амаль два тыдні. Для мяне было бы страшней, калі б выйшаў і даведаўся, што пра мяне ніхто не пісаў.

     

    Што рабіць журналісту, калі родныя вязняў супраць публікацый у медыя

    Яўгенія: Гледзячы якая інфармацыя. Ёсць інфармацыя, якую мы маем у свабодным доступе. Напрыклад, была ў нас палітзняволеная, у якой быў свой сайт. Ты ўводзіш яе імя ў Google – і табе першым вылазіць гэты сайт. Маці гэтай дзяўчына была супраць, каб пра яе пісалі.

    Мы ходзім па такім тонкім лёдзе. Можам убіцца ў гэтай самацэнзуры – і нічога добрага не адбудзецца. У многіх зняволеных ёсць асабістыя старонкі ў Insta­gram ці Tik­Tok – гэта адкрытыя крыніцы. Мы можам браць адтуль інфармацыю. Іншыя справа пра дэзінфармацыю, якую мы наогул ніяк не можам праверыць.

    Да прыкладу, адна зняволеная расказала нашаму праекту, што палітвязынку збілі ў калоніі. Мы адмовіліся публікаваць гэту інфармацыю, бо яе нідзе нельга было праверыць, і пазней высветлілася, што гэта была няпраўда.

    Леанід: Пасля вызвалення працягнуў кансультаваць. І ў мяне ёсць такая сям’я: сына затрымалі, ён пад следствам. Маці кажа, сын перадаў, што хоча, каб яго прызналі палітзняволеным. А сама яна супраць такога прызнання. І што ў гэтай сітуацыі рабіць?

    Маці думае, што з яго як з палітычнага будуць здзекавацца ў турме. Але ён усё роўна сядзіць па «экстрэмісцкім» артыкуле, у яго ўсё роўна будзе тая жоўтая бірка. Да яго будуць усё роўна ставіцца як да палітычнага, не гледзячы на тое, ці прызнаюць яго праваабаронцы палітычным зняволеным. Пакуль я гэту жанчыну не пераканаў.

     

    Былыя вязні часта расказваюць пра тых, з кім сядзелі. Ці маюць права існаваць такія артыкулы ў медыя?

    Леанід: Я адзін з такіх, хто вырашыў быць публічным чалавекам пасля вызвалення. Шмат каго сустрэў у турме і багата каго ведаю. Я не буду расказваць пра гэтых людзей. Калі яны выйдуць, самі вырашаць, што могуць і хочуць казаць пра свой досвед. Па-першае, не расказваю інфармацыю, каб не нашкодзіць гэтым людзям. Журналістам трэба ставіцца з павагай да выбару кожнага вязня. Людзям за кратамі трэба захаваць здароўе і жыццё.

    Яўгенія: Мы разам з каляжанкай пісалі артыкул пра дзяўчыну, якую затрымалі пасля таго, як вылічылі па фотаздымку са счэпкі. Яе бацькі былі супраць любой публікацыі. Яна была адзінай палітзняволенай у камеры. Бацькі змясцілі яе ў ізаляцыю, нават сябрам не расказвалі, што з ёй адбываецца. На судзе была яна і некалькі сваякоў. Я лічу, гэта жорстка.

    Мы напісалі артыкул пра дзяўчыну, пагутарылі з людзьмі, якія яе ведаюць. Сваякі пасля пісалі мне, было шмат абурэння. Зусім нядаўна гэта дзяўчына падзякавала. Яе ўпэўнілі, у тым ліку оперы, што яна адна. Выйшла з турмы, а пра яе нават сябры нічога не напісалі.

    Я думаю, усё залежыць ад сітуацыі. Ты можаш гутарыць з былымі вязнямі і браць у іх інфармацыю. Напрыклад, пра тую ж Ганну Кандраценку: дзякуючы таму, што мы пра яе расказалі, змаглі сабраць ёй на лекі. Гэта тычыцца здароўя чалавека.

    Яшчэ адзін палітзняволены, якому далі двухзначны тэрмін, думаў, што пра яго забылі. Даведаўся, што пра яго памятаюць, толькі пасля таго, як у камеру пасадзілі сілавіка, які ўдзельнічаў у затрыманні Зельцэра. Яго ўзялі за хабар і той пачаў шантажыраваць начальства, кшталту, я раскажу, як сапраўды было там з Зельцэрам. Пазней высветлілася, што з той групы затрымання яшчэ аднаго за хабар пасадзілі. У выніку з тых пяці, хто затрымліваў Андрэя Зельцэра, адзін забіты, а двое за кратамі.

    Што пісаць пра палітзняволеных

    Яўгенія: Вельмі складана цяпер зрабіць цікавай тэму пра турму – гэта вельмі спецыфічная тэма. У нас так шмат вайны і турмы. Людзі не вельмі чытаюць гісторыі пра затрыманні, такія зводкі. Людзям стала важна разумець, як выжываць за кратамі. Напрыклад, як жанчыны робяць сабе завушніцы-цвічкі. Я паглядзела, што менавіта такі фармат важны, гэта адклікаецца. Не вельмі шмат людзей ведае, што можна адсылаць людзям за краты, пра гэта варта расказваць.

    Леанід: Кожны кейс індывідуальны. У некаторых могуць узнікнуць праблемы з‑за публікацый, таму трэба кантактаваць з блізкімі.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці