Летняя школа Беларускага Калегіюма (2–3 верасьня, заяўкі да 12 жніўня)
Францішак Скарына і перарваная традыцыя беларускай эўрапейскасьці
Беларускі Калегіюм запрашае
студэнтаў, выпускнікоў, выкладчыкаў і сяброў супольнасьці да ўдзелу ў
Летняй школе 2017.
У 2017 годзе спаўняецца 500 гадоў беларускай друкаванай кнізе, беларускай Бібліі і, па вялікім рахунку, беларускай культурнай ідэнтычнасьці.
Францішак Скарына ўвёў беларускую культуру ў чацьвёрку першых, што здабылі друкаваную перакладную Бібліі да пачатку эўрапейскай Рэфармацыі. Рэфармацыя падштурхнула народы Эўропы да самаасэнсаваньня і спрычынілася да фармаваньня новых нацыянальных культур і ў выніку да нацыянальных дзяржаў. У 16 стагоддзі Беларусь была ў самым віры эўрапейскіх рухаў, а часам апыналася на самым фронце інтэлектуальных, культурных і палітычных падзей.
Што далі тыя працэсы нашай краіне з сёняшняга пункту гледжаньня?
Як паўплывала на беларускае мысьленьне і фармаваньне культурнай прасторы перарванасьць эўрапейскай тоеснасьці беларусаў?
У якіх інтэлектуальных і культурных кантэкстах знаходзіць сябе цяперашняя беларуская супольнасьць?
Што адбываецца ў Беларускай інтэлектуальнай прасторы?
Як можа фармавацца сучасная беларуская ідэнтычнасьць?
У якой ступені на гэты працэс робяць (ці мусяць рабіць) уплыў, з аднаго боку, асэнсаваньне сваіх здабыткаў і, з другога боку, памкненьне інтэгравацца ў сучасны зьменены сьвет?
Дзеля абмеркаваньня гэтых пытаньняў прапануецца тэма Летняй школы:
«Францішак Скарына і перарваная традыцыя беларускай эўрапейскасьці».
У Школе праца будзе адбывацца ў некалькіх фарматах:
- Выступы вядомых беларускіх інтэлектуалаў, творцаў і мэдыя-асобаў з развагамі на вострыя тэмы беларускай гісторыі, культуры, пісьменства, адукацыі, палітычнай думкі ды інш.
- Студэнцкая канфэрэнцыя, да ўдзелу ў якой запрашаюцца слухачы ўсіх аддзяленьняў Беларускага Калегіюму. На абмеркаваньне выносіцца праблема зьменаў беларускай ідэнтычнасьці ў яе гістарычным, культурным, сацыялягічным, камунікатыўна-інфармацыйным ды інш. аспэктах. Канфэрэнцыя дасьць магчымасьць паглыблена абмеркаваць канцэптуальныя (і ня толькі) пытаньні, важныя для маладых беларускіх творцаў і інтэлектуалаў.
- Культурная праграма, нефармальныя камунікацыі і добры супольны адпачынак ў спрыяльнай атмасфэры.
Да ўдзелу ў Школе запрашаюцца студэнты, выпускнікі, выкладчыкі Беларускага Калегіюму, а таксама сябры супольнасьці і сябры сяброў!
Летняя школа адбудзецца ў суботў і нядзелю 2–3 верасьня ў прывабнай мясцовасьці на Глыбоччыне.
Пражываньне ў камфортных дамках з усімі выгодамі.
Заяўкі на ўдзел у Школе і тэмы дакладаў можна дасылаць на адрас:
info@belcollegium.org
Тэрмін падачы заявак – да 12 жніўня.
Валанцёрская дапамога вітаецца.
Арганізацыйны ўнёсак 55 рублёў.
Па дадатковую інфармацыю зьвяртайцеся на info@belcollegium.org