Конкурс на падтрымку міні-праектаў, накіраваных на супольную дзейнасць
Беларускі дом правоў чалавека імя Б. Звозскава сумесна з партнёрскімі арганізацыямі абвяшчае конкурс на падтрымку сумеснай дзейнасці, накіраванай на абарону грамадскіх інтарэсаў на мясцовым, рэгіянальным або нацыянальным узроўні; абарону правоў чалавека, у тым ліку грамадзянскіх, палітычных, сацыяльных, эканамічных, культурных і іншых правоў, а таксама на садзейнічанне магчымасці ўразлівых груп карыстацца сваiмі правамі.
Калі: панядзелак, 17 кастрычніка 2016 — нядзеля, 15 студзеня 2017
Арганізатар: Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава
Конкурс на падтрымку міні-праектаў, накіраваных на супольную дзейнасць ў абарону грамадскіх інтарэсаў на мясцовым, рэгіянальным або нацыянальным узроўні.
Асноўнай мэтай конкурсу з’яўляецца ўзмацненне патэнцыялу мясцовых НДА, ініцыятыў (у тым ліку — праваабарончых) і/ці асобных грамадскіх актывістаў, журналістаў і праваабаронцаў для спрыяння станоўчым доўгатэрміновым і ўстойлівым зменам у сітуацыі з правамі чалавека і працэсам удзелу ў прыняцці рашэнняў у краіне.
Удзел у конкурсе могуць прымаць зарэгістраваныя або незарэгістраваныя беларускія НДА і ініцыятывы. Прыярытэтнымі з’яўляюцца праекты, якія будуць рэалізоўвацца дзвюма ці болей НДА і/ці ініцыятывамі, якія працуюць у Беларусі.
Прыярытэтнымі з’яўляюцца заяўкі, пададзеныя рэгіянальнымі або мясцовымі арганізацыямі ці ініцыятывамі. Асабліва вітаецца ўдзел актывістаў, журналістаў і праваабаронцаў, якія падвяргаліся пераследу з боку ўладаў у сувязі з негвалтоўнай дзейнасцю ў абарону грамадскіх інтарэсаў і цяпер гатовыя да ўдзелу ў жыцці грамадзянскай супольнасці.
У рамках конкурса могуць быць падтрыманыя праекты, якія прадугледжваюць дзейнасць, накіраваную на абарону грамадскіх інтарэсаў на мясцовым, рэгіянальным або нацыянальным узроўні, у тым ліку:
- Ініцыятывы, накіраваныя на прасоўванне дэмакратыі, правоў чалавека і вяршэнства права праз вырашэнне такіх праблем, як дыскрымінацыя, сістэматычныя парушэнні правоў чалавека, парушэнні правоў людзей з інваліднасцю, абарона праваабаронцаў, або праз павышэнне інфармаванасці насельніцтва ў цэлым аб праблемах, існуючых у грамадстве;
- Праекты, накіраваныя на павышэнне патэнцыялу грамадзянскай супольнасці Беларусі ў цэлым і арганізацый грамадзянскай супольнасці ў прыватнасці, у тым ліку на падтрыманне і развіццё здольнасці арганізацый і ініцыятыў дзейнічаць у абарону дэмакратыі, правоў чалавека і вяршэнства закона на працягу доўгага перыяду рэпрэсій, і на развіццё беларускай грамадзянскай супольнасці ў цэлым.
Прыярытэтнымі для падтрымкі з’яўляюцца праекты, якія маюць на мэце атрымаць доўгатэрміновыя пазітыўныя вынікі ці ўносяць станоўчыя змены ў агульную сітуацыю з правамі чалавека ў краіне.
Не могуць прымаць удзел у конкурсе камерцыйныя і рэлігійныя арганізацыі, палітычныя партыі і палітычныя ініцыятывы.
Прапанаваная праектная дзейнасць павінна адпавядаць мэтам дадзенага конкурсу.
Тэрміны правядзення праекта: ад 6 да 12 месяцаў. Пачатак праекта з 15 сакавіка 2017 года.
Пры разглядзе заявак будуць улічвацца:
- наяўнасць рэалістычнай і дасягальнай мэты міні-праекта;
- устойлівасць дзейнасці пасля заканчэння фінансавання;
- рэалістычнасць, абгрунтаванасць бюджэту;
- прыцягненне мясцовых праваабарончых арганізацый;
- наяўнасць сафінансавання ў памеры не менш за 5 % ад бюджэту.
Сума фінансавання міні-праекта — ад 1 000 да 4 000 еўра. Сродкі, якія прадастаўляюцца на рэалізацыю міні-праектаў, не могуць выкарыстоўвацца:
- на закупку рухомай або нерухомай маёмасці;
- на ажыццяўленне дзейнасці, не звязанай з прадстаўленым на конкурс праектам;
- на вядзенне камерцыйнай або палітычнай дзейнасці;
- на аказанне гуманітарнай і/або сацыяльнай дапамогі асобным асобам;
- на аплату лячэння, адукацыі, адпачынку.
- на аплату непрадбачаных выдаткаў.
Аб’ём выдаткаў на заробкі найманых супрацоўнікаў не павінен перавышаць 30 % бюджэту міні-праекта.
Фінансаванне можа прадастаўляцца як для новага, асобнага праекта, так і для часткі праекта, які ўжо ажыццяўляецца. Абавязковай умовай з’яўляецца наяўнасць сафінансавання з іншых крыніцаў у памеры не менш за 5% ад бюджэту праекта.
У конкурсную прапанову неабходна ўключыць наступную інфармацыю:
1) Запоўненую па прапанаванай форме заяўку;
2) Дэталёвы бюджэт па прапанаванай форме.
Будуць разгледжаныя толькі тыя заяўкі, якія адпавядаюць прыкладзенай форме i iншым умовам конкурсу.
Беларускі дом правоў чалавека імя Б. Звозскава плануе правядзенне семінара-трэнінгу «Распрацоўка праектных заявак і асноўныя аспекты праектнага менеджменту», у рамках якога ўдзельнікі змогуць азнаёміцца з правіламі дадзенага конкурсу міні-праектаў, абмеркаваць іх і атрымаць адказы на ўзніклыя пытанні; азнаёміцца з правіламі складання якаснай праектнай заяўкі, атрымаць растлумачэнне адносна важных дэталяў пры складанні праектнай заяўкі; набыць навыкі складання праектнай заяўкі, атрымаць каштоўныя каментары і парады з боку экспертаў.
Адбор удзельнікаў дадзенага семінара-трэнінгу будзе праходзіць на конкурснай аснове. Жадаючым прыняць удзел у трэнінгу неабходна запоўніць анкету па спасылцы не пазней за 06 лістапада 2016 года.
Конкурсную прапанову неабходна даслаць на электронную скрыню grants.belarus@humanrightshouse.org не пазней за 15 студзеня 2017 года з пазнакай «Заяўка на конкурс супольных праектаў».
Конкурсная прапанова можа быць пададзеная на беларускай або рускай мовах у электронным выглядзе.
Вынікі конкурсу будуць абвешчаныя да 15 лютага 2017 года.
З пераможцамі конкурсу будуць заключаныя грантавыя пагадненні да 15 сакавіка 2017 года. Пагадненнем будзе вызначаны парадак і тэрміны фінансавання, пры гэтым першы транш у пачатку рэалізацыі складзе 80%, другі транш пасля заканчэння праекта і справаздачнасці — 20%.
Калі Вам неабходная дапамога пры падрыхтоўцы праекта, тлумачэнне або ўдакладненне якой-небудзь інфармацыі, якая тычыцца мэтаў, задачаў і зместу конкурсу, Вы можаце атрымаць інфармацыю па адрасе: grants.belarus@humanrightshouse.org.