Конкурс маладых журналістаў імя Аляксея Караля (да 20 мая)
Працягваецца прыём матэрыялаў на ІІІ Конкурс маладых журналістаў імя Аляксея Караля.
Вы любіце Беларусь, яе гісторыю і культуру, валодаеце беларускай мовай? Вы лічыце, што Беларусь павінна быць вольнай і дэмакратычнай краінай, дзе выконваюцца законы і паважаюцца правы чалавека? Вы ўпэўненыя, што вам ёсць што сказаць людзям? Вы думаеце, што ваша пакліканне — журналістыка? Але вы не ведаеце, з чаго пачаць? «Новы Час» запрашае вас прыняць удзел у конкурсе імя нашага галоўнага рэдактара Аляксея Караля.
ХТО МОЖА ПРЫНЯЦЬ УДЗЕЛ У КОНКУРСЕ?
Для таго, каб прыняць удзел у конкурсе, не абавязкова мець журналісцкую адукацыю ці досвед журналісцкай працы. Патрэбныя толькі жаданне пісаць, валоданне словам і цікавая тэма. Ваш узрост не павінен быць больш за 30 гадоў.
Калі вы адпавядаеце гэтым крытэрам, чакаем на вашы матэрыялы. Улічыце, калі ласка, што да ўдзелу ў конкурсе прымаюцца толькі арыгінальныя артыкулы на беларускай мове, якія раней нідзе не публікаваліся.
Артыкулы павінны быць праілюстраваныя ўласнымі (вітаецца) ці пазычанымі (з пазначэннем крыніцы) фота.
Калі вы жадаеце падзяліцца аўдыё- ці відэасюжэтам альбо нават уласным дакументальным фільмам, калі ласка, дасылайце вашы мультымедыйныя матэрыялы. Мы будзем рады пазнаёміць з вашай творчасцю шырокую аўдыторыю і даць карысныя парады.
КОНКУРСНЫЯ ПРАЦЫ БУДУЦЬ АЦЭНЬВАЦЦА Ў ЧАТЫРОХ НАМІНАЦЫЯХ:
-
найлепшы грамадска-палітычны матэрыял
-
найлепшы сацыяльна-эканамічны матэрыял
-
найлепшы культурна-гістарычны матэрыял
-
найлепшы літаратурна-крытычны матэрыял
Матэрыялы прымаюцца да 20 мая 2019 года. Вынікі конкурсу будуць падведзены 29 мая 2019 года — у Дзень нараджэння Аляксея Караля.
Усе матэрыялы, якія пройдуць папярэдні адбор у рэдакцыі «Новага Часу», будуць размешчаныя ў адмысловым раздзеле конкурсу на нашым сайце novychas.by, а некаторыя з іх будуць надрукаваныя ў газеце «Новы Час» і на галоўнай старонцы сайту (удзел у конкурсе азначае згоду на выкарыстанне твора на сайце novychas.by і/ці ў газеце «Новы Час»).
Трох лаўрэатаў конкурсу імя Аляксея Караля назаве рэдакцыя «Новага часу». Яшчэ трох пераможцаў вызначаць чытачы «Новага часу», шляхам галасавання на сайце novychas.by.
УВАГА!
На чацвёртую намінаю — найлепшы літаратурна-крытычны матэрыял — прымаюцца артыкулы, апублікаваны ў «Новым Часе» ў перыяд з 30 мая 2018 года па 20 мая 2019 года. Намінанты і пераможца будуць вызначаны сакратарыятам ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў».
Лаўрэатаў конкурсу чакаюць каштоўныя падарункі, неабходныя ў прафесійнай дзейнасці, і прапанова далейшай самарэалізацыі ў дружнай камандзе «Новага часу».
ПАТРАБАВАННІ ДА АФАРМЛЕННЯ МАТЭРЫЯЛАЎ
Усе тэкставыя матэрыялы дасылайце ў электронным выглядзе на пошту «Новага Часу»novychas@gmail.com з пазнакай «КОНКУРС». Адзін канкурсант можа дасылаць некалькі матэрыялаў.
Файл з конкурснай працай павінен утрымліваць назву артыкула і прозвішча аўтара.
Памер тэкстаў не павінен перавышаць 8000 знакаў (у рэдкіх выключэннях да 16000 знакаў) без прабелаў. Памер фота не менш за 800 на 600 і не больш за 2400 на 1800 пікселяў. Фотаздымкі, дасланыя ў якасці ілюстрацыі працы, павінны быць падпісаныя (пазначаны аўтар і крыніца).
Аўдыё і відэаматэрыялы дасылайце ў выглядзе спасылкі на файлы, размешчаныя ў электронным сховішчы (напрыклад, на гугл-дыск).
Таксама канкурсант мусіць напісаць кароткі аповед пра сябе (не больш за 500 знакаў) і даслаць свой фотаздымак.
Адбылася цырымонія ўганаравання пераможцаў журналісцкай прэміі імя Аляксея Караля
У Мінску названыя лаўрэаты журналісцкай прэміі імя Аляксея Караля (шмат фота)