• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Конкурс эсэ “Інтэлектуальная спадчына Беларусі: постаці, ідэі і кантэксты” (да 15 жніўня)

    Беларускае мысленне – неад'емная частка нашай культуры і ідэнтычнасці. Ідэі, канцэпты і ўяўленні, што нараджаліся на гэтай зямлі з’яўляюцца падмуркам і крыніцай для разумення культурай самой сябе, спробамі ўгледзецца ў свае мінулае і будучыню, складнікам самастойнага еўрапейскага мыслення, умовай самаасэнсавання і развіцця. Але на жаль імёны мысляроў, іх ідэі і канцэпты вельмі слаба ўсвядомлены і “ўзяты” ў культуру і ідэнтычнасць беларусаў.

    Цягам апошняга году ў межах  кампаніі “Цытуй сваё” шэраг грамадскіх арганізацый і ініцыятываў намагаліся звярнуць увагу шырокага кола беларусаў на той скарб, які мы ўсе разам маем – беларускае мысленне. Дзякуючы супольным намаганням з’явіўся “Цытатнік беларускага мыслення”, думкі беларускіх мысляроў ўвасобіліся ў арыгінальныя выявы для саколак, адбылася серыя публічных лекцый і дыскусій “Спадчына Ігната Абдзіраловіча”.

    Працягваючы гэты шлях у пазнанне і разуменне саміх сябе мы прапануем новы творчы  крок – конкурс эсэ, прысвечаных постацям, ідэям і кантэкстам паўставання беларускай інтелектуальнай традыцыі.

    Мэта конкурсу – узбуджэнне цікавасці да інтэлектуальнай спадчыны, творчае і рэфлексіўнае пераасэнсаванне і прысваенне традыцыі беларускага мыслення, стварэнне галерэі тэкстаў, якія разгортваюць разуменне беларускай культуры і ідэнтычнасці.

    Мы прапануем звярнуцца да самых розных гістарычных перыядаў і культурных кантэкстаў паўставання беларускага мыслення: ад самых далёкіх часоў да нашых сучаснікаў, якія рабілі свой унёсак у традыцыю апошнія дзесяцігодзі.

    Да разгляду прымаюцца арыгінальныя аўтарскія эсэ, ў якіх праводзіцца аналіз, рэфлексія, канцэптуалізацыя ці робіцца працяг самых розных аспектаў беларускага мыслення. Працы павінны быць напісаны ў межах наступных тэматычных накірункаў:

    1. Уяўляючы Беларусь. Ідэі і канцэпты ў беларускай традыцыі, праз якія ішло асэнсаванне Беларусі, грамадства, культуры, нацыі, яе мінуўшчыны і будучыні.

    2. Унікальныя ідэі, тэорыі і падыходы як беларускі ўнёсак у еўрапейcкую і сусветную думку.

    3. Паўставанне і выбудова традыцыі: пераемнасць, разгортванне думак і ідэяў ад мінулага ў будучыню.

    4. Шлях і лёс інтэлектуала: постаці беларускай інтэлектуальнай традыцыі. Гістарычны, культурны і палітычны кантэксты інтэлектуальнай працы, выклікі і адказы, індывідуальныя траекторыі і творчасць.

    5. Гісторыя беларускай інтэлектуальнай традыцыі: культурны кантэкст, абставіны і інстытуты развіцця мыслення.

    6. Асобны накірунак! Асэнсаванне інтэлектуальнай спадчыны Ігната Абдзіраловіча.

    У склад журы конкурсу ўваходзяць:

    Уладзімір Мацкевіч, філосаф, метадолаг, заснавальнік Лятучага ўніверсітэта

    Ірына Дубянецкая, бібліст, багаслоў і філосаф, акадэмічны дырэктар Беларускага калегіюма

    Міхаіл Баярын, філосаф, лінгвіст, санскрытолаг, перакладчык, паэт

    Віталь Рыжкоў, літаратар, перакладчык, лаўрэат літаратурных прэмій «Дэбют» і «Залаты апостраф»

    Лідзія Міхеева, сацыёлаг, рэдактар аддзела культуры “Беларусского Журнала”

    Да ўдзелу запрашаюцца як сталыя навукоўцы, даследчыкі, літаратары, так і студэнты і пачаткоўцы, якія цікавяцца беларускай інтэлектуальнай спадчынай, шукаюць сваё месца ў традыцыі мыслення, прагнуць разумення і развіцця беларускай культуры і ідэнтычнасці.

    Тэксты павінны быць раней не публікаваныя і напісаныя на беларускай альбо рускай мове. Памер тэкстаў ад 10 да 25 тысяч знакаў.

    Дасылаць свае працы трэба ў электронным выглядзе з пазнакай “На конкурс” на адрас: cytuj.svajo@gmail.com да 15 жніўня 2016 г. Таксама абавязкова пазначце ў лісце сваё імя і прозвішча, кантактныя дадзеныя (пошта, тэлефон), сферу дзейнасці.

    10 верасня 2016 года будзе абвешчаны шорт-ліст удзельнікаў. Пераможцы будуць абвешчаны падчас Тыдня беларускага мыслення на адмысловай імпрэзе.

    Пераможцы атрымаюць каштоўныя ўзнагароды (электронныя кнігі), а ўсе аўтары эсэ з шорт-ліста прыемныя падарункі. Найлепшыя працы ўдзельнікаў будуць апублікаваныя на сайтах Будзьма, Беларусский журнал, Лятучы ўніверсітэт, а таксама войдуць у Альманах, які будзе выдадзены напрыканцы 2016 года.

    У арганізацыйны камітэт конкурсы ўваходзяць: Міжнародны кансорцыум “ЕўраБеларусь“, Лятучы ўніверсітэт, грамадская кампанія “Будзьма беларусамі!”, Беларускі Калегіум, “Мова Нанова”, “Беларусский журнал”, кнігарня “ЛогвінаЎ”.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці