«Капай глыбей!» На Глыбоччыне прайшлі «БАЖынкі-2015»
Сёлетні карпаратыўны фэст сабраў больш за 40 удзельнікаў і пакінуў след не толькі ў іх памяці ды на флэшках фотаапаратаў, але і ў Вікіпедыі.
7–8 жніўня Глыбоцкая суполка ГА «БАЖ» прымала гасцей. Гаспадары на чале з Таццянай Смоткінай старанна рыхтаваліся паказаць свой улюбёны горад найлепшым чынам, і знаёмства з ім атрымалася сапраўды ўсебаковым: і зверху, і знізу, і знутры.
Мясцовыя краязнаўцы Уладзімір Скрабатун і Юрый Каўбасіч правялі групу БАЖаўцаў па цэнтры горада, распавёўшы пра яго гісторыю і пра сваіх выбітных землякоў. А ў царкве Раства Прасвятой Багародзіцы (першапачаткова – касцёл ордэна кармелітаў) гасцям дазволілі нават спусціцца ў старажытныя сутарэнні і падняцца на званніцу.
Самае прахалоднае месца за два дні…
Лозунг сёлетняга фэсту «Капай глыбей» аказаўся дарэчы ад самага пачатку.
На званніцы.
Знаёмства з Глыбоччынай працягнулася і падчас працы ў камандах – кожная з іх атрымала заданне напісаць для Вікіпедыі артыкул на пэўную тэму: пра “Вішнёвы фэст” і селекцыянера Баляслава Лапыра, пра магілу і помнік Мюнхгаўзену, пра Напалеона ў Глыбокім, пра мясцовы дэндрапарк і пра газету “Вольнае Глыбокае”.
Трэнер Святлана Ермаковіч. Ёй дапамагаў вікі-рэдактар Юрый Кундрат.
Напачатку адбыўся майстар-клас ад арганізацыі “Фаланстэр”: трэнеры патлумачылі тэхнічны бок справы і расказалі, па якіх крытэрах будуць ацэньваць працы “вучняў”. Журналісты адказна падышлі да справы і сапраўды “капалі глыбей”, пакінуўшы ў Вікіпедыі шэсць паўнавартасных артыкулаў – найлепшую падзяку глыбачанам за гасціннасць.
Старшыня ГА «БАЖ» Андрэй Бастунец з салодкім сюрпрызам ад глыбачан у часе кава-паўзы.
Увечары госці пераехалі на аграсядзібу ў вёсцы Валодзькава, дзе іх чакала прахалоднае возера, а потым – вячэра, вогнішча, рамантычны Зміцер Вайцюшкевіч, танцавальны майстар-клас пад дуду і скрыпку і безліч зораў на чыстым жнівеньскім небе.
Зміцер спяваў пра беларускіх кабет, мужчын, каханне, аблокі, сны, месяц… А заадно рэпетаваў свой гіпатэтычны выступ на «Славянскім базары».
У пошуках страчанага Інтэрнэту.
На наступны дзень журналісты паснедалі, крыху падужаліся ў рыбалцы, дартсе і валейболе і перайшлі да падрыхтоўкі прэзентацый каманд.
Дзве рыбкі на дзве каманды за паўгадзіны ў маленькай сажалцы — нядрэнны вынік. (У выніку «БАЖынак» ніводная рыбка не пацярпела, бо абедзвюх выпусцілі).
Нягледзячы на анамальную спёку, многія прэзентацыі атрымаліся надзвычай крэатыўнымі і энергічнымі.
Каманда Алега Агеева і маладзечанскіх дзяўчат называлася “Піражок з вішнямі”.
Каманда “Скрабатуны” пад кіраваннем Змітра Саўкі нават падрыхтавала спецвыпуск газеты “Вольнае Глыбокае” і атрымала прыз глядацкіх сімпатый.
Шляхам апытання, як заўсёды, выбралі «Містэра БАЖынкі» і «Міс БАЖынкі». Кандыдатаў, што характэрна, было шмат… Але перамаглі Алег Агееў і Таццяна Цыуля.
Шчыра дзякуем усім за добрую кампанію! Да новых сустрэч на «БАЖынках»!
Калі ў вас ёсць удалыя фотаздымкі з мерапрыемства, якімі вы хацелі б падзяліцца з сайтам baj.by, калі ласка, дасылайце іх на press@baj.by
ФОТАГАЛЕРЭЯ
На гэтую ж тэму: