• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Калядны падарунак — веды! Бясплатныя курсы ад экспертаў праграмы “Культура і Крэатыўнасць”

    Ці разглядаем мы «медыя» як бізнес? Не заўсёды. Ці бачым бізнес-патэнцыял у творчасці, напісанні кнігаў, стварэнні фільмаў? Рэдка. Усё яшчэ прынята лічыць, што творчая прафесія — гэта “ад душы”, ці “для душы”, а значыць не за грошы. Спрацоўваюць стэрэатыпы: “творчасць і бізнес — розныя рэчы” і “адзін у полі не змагар…”, так “шмат грошай не заробіш” і г.д..

    Ці так на самой справе? Вопыт паспяховага крэатыўнага прадпрымальніцтва сведчыць, што не. Камбінацыя крэатыўнага таленту і прагматычнага бізнес-мыслення — магчымая! І прыносіць свой вынік. Што для гэтага трэба? Даследаваць вопыт і пераняць яго. Паспрабаваць на практыцы схемы, якія далі плён. Ці спрацуюць бізнес формулы на беларускай крэатыўнай глебе? А чаму не?

    Пераняць вопыт  паспяховага крэатыўнага прадпрымальніцтва можна скарыстаўшыся магчымасцямі праграмы ЕС “Культура і крэатыўнасць”, якая ўжо год працуе для краінаў Усходняга Партнёрства. Адной з мэтаў праграмы з’яўляецца распаўсюд і ўкараненне паспяховых прыкладаў, схемаў працы ў сферы культуры, творчасці, медыяў. Дзеля гэтага эксперты Праграмы “Культура і Крэатыўнасць” распрацавалі спецыяльны набор курсаў, якія дасяжныя ан-лайн і бясплатныя для ўсіх.

    Ідэя, план, стратэгія

    Я выбрала курс па стратэгічнаму планаванню, аўтарам якога выступіў брытанскі кансультант па развіцці творчага і крэатыўнага бізнеса Дэвід Пэррыш. Некалькі месяцаў таму Дэвід прыязджаў у Беларусь, каб навучаць культурных менеджараў. Беларускае тэлебачанне зрабіла з экспертам вялікае інтэрв’ю. Ён аўтар лекцыяў, курсаў і бэстсэллера “Кашулі і Гарнітуры”, якую можна замовіць на Ama­zon, вядзе групу крэатыўнага прадпрымальніцтва ў Face­book. Хутка кніга “Кашулі і Гарнітуры” з’явіцца па-беларуску.  

    Стратэгічнае планаванне” — што яно дае творчаму чалавеку? Ці патрэбна планаваць у журналісцкай працы наогул? Для мяне найбольш змястоўнымі падаліся наступныя ідэі Дэвіда Пэррыша.

    1. Лепш дамінаваць на маленькім рынку, чым прайграваць на вялікім. Не трэба канкураваць там, дзе няма шанцаў на перавагу. Кожнаму прафесіяналу, ці невялікаму творчаму калектыву варта вылучыць свой невялікі рынак і прапанаваць на ім паслугу найвышэйшай якасці. Не распыляцца, і — наперад.

    2. Камбінацыя крэатыўнага таленту і прагматычнага бізнес-мыслення. Ёсць людзі якія спалучаюць абедзве гэтыя якасці ў сабе. Але, часцей за ўсё, творчая асоба робіць выбар — альбо на карысць таленту, альбо на карысць прагматызму. Што рабіць? Шукаць партнёра, ці партнёраў. Як бы класна не было працаваць “у адзіночку”, іншы чалавек — гэта рост. Як у творчасці, так і ў бізнесе. Умова паспяховай працы ў партнёрстве — падзяляць адно бачанне.

    3. Что такое бачанне? Д. Пэррыш лічыць , што адно бачанне — гэта аднолькавы адказ розных людзей на пытанне “куды мы рухаемся?”. І, як вынік, аднолькавае вызначэнне слова “поспех”.

    “Для адных поспех — гэта больш людзей у камандзе, для іншых — больш прыбытку, для трэціх — уздзеянне на грамадства, — кажа Дэвід Пэррыш у сваім курсе. — Важна, каб для ўсіх, хто з вамі працуе, вызначэнне поспеху было аднолькавым. Інакш вы не зможаце яго дасягнуць».

    4. Каштоўнасці. Місія і філасофія (а зусім не грошы, аказваецца) — ключавыя паняткі ў бізнесе. Вобраз думак і разуменне агульнай мэты вызначаюць этыку і стыль працы розных людзей. Эксперт лічыць, што надаваць увагу “агульным” і нематэрыяльным рэчам, варта. Бо ідэі — тое, што вызначае будучыню. Філасофія дапамагае крэатыўным бізнесам распрацаваць сваю ўнікальную бізнес-формулу. Што такое бізнес-формула? Пра гэта ідзе асобная гаворка ў курсе “Стратэгічнае планаванне”.

    5. Аналіз. Эксперт раіць праводзіць пастаянны знешні і ўнутраны аналіз творчага бізнесу. Унутраны аналіз — гэта аналіз якасцяў і здольнасцяў людзей у камандзе, якія можна выкарыстаць у агульнай справе. Знешні аналіз — гэта аналіз асяроддзя, зменлівага свету, у якім дзейнічае медыя ці крэатыўная група. “Магчымасці і пагрозы, палітычны, эканамічны, сацыяльны і тэхналагічны кантэкст, права і дэмаграфія, — усе гэтыя фактары ўплываюць на ваш бізнес і могуць нашкодзіць альбо дапамагчы,” — кажа Дэвід Пэрріш.

    Як рабіць гэты аналіз найбольш эфектыўна? Эксперт прапаноўвае свой метад: «Хутка натаваць усе думкі, якія прыходзяць у галаву,  групіруючы іх. Не разважаць над імі дэтальна і не сумнявацца на іх конт”. Аналіз — гэта штодзённая праца. “Тады “правіла 95:5”, згодна якому, 5 % магчымасцяў ці пагрозаў могуць займець 95 % станоўчага альбо адмоўнага ўплыву на бізнес, спрацуе на карысць творчай справе,” — кажа Дэвід Пэррыш.

    Кажуць, што шлях да поспеху пачынаецца з канца, — з уяўлення таго месца, да якога мы хочам дайсці. Творчыя ідэі паглынаюць тых, хто імі жыве. Парады экспертаў, кароткія сціслыя адукацыйныя курсы дапамагаюць захаваць творчасць думкі і не згубіць сувязь з жорсткай рынкавай рэчаіснасцю. Шмат хто пра гэтыя прынцыпы гаворыць і піша. Але згадаць ніколі не зашкодзіць. Бо кантэкст, у якім рэалізуецца ідэя, — не менш важны, чым яна сама. Гэта таксама адзін з законаў бізнеса. Курс па стратэгічнаму планаванню ад Дэвіда Пэррыша дасяжны тут.

    Праграма “Культура і Крэатыўнасць” дае магчымасць атрымаць веды ад экспертаў у галіне напісання праектных заявак і прапановаў для фінансавання, адвакацыі культуных праектаў, а таксама аб удзеле ў праграме Еўрапейскага саюза “Крэтыўная Еўропа” (курс ад літоўскага эксперта Эгле Далтувайтэ).

    Сэртыфікат праграмы “Культура і Крэатыўнасць” можа атрымаць любы, хто адкажа на 10 пытанняў тэста. Пасведчанне, дарэчы, вельмі файна глядзіцца ў сацыяльных сетках і можа надаць дадатковы прафесійны “бал” профілю яго ўладальніка/цы.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці