FBB працягвае прыём прац на конкурс для фрылансераў “Свабодны палёт-2015” (да 25 снежня)
Конкурс “Свабодны палёт-2015” раздае прызы за працы, якія стануць лепшымі ў дзвюх намінацыях. Прыём творчых конкурсных прац ідзе з 1 лістапада 2015 па 25 снежня 2015 года.
“Свабодны палёт” — гэта літаральны пераклад тэрміну “фрыланс”. Гэтая ідэя свабоды і пакладзеная ў аснову конкурсу. Яго арганізатары адмаўляюць традыцыйныя рамкі ды абмежаванні. На конкурс прымаюцца работы, незалежна ад жанру, даты ды месца апублікавання, і нават сам факт апублікавання не такі ўжо істотны. Галоўнае — каб гэта было пра беларускі фрыланс. Конкурс праводзіцца з 2012 года.
На конкурс прымаюцца
У 2015 годзе мы шукаем пераможцаў у дзвюх намінацыях. Першая намінацыя з аднайменнай назвай “Свабодны палёт” створаная для найлепшай фрыланс-гісторыі, прэзентацыі сябе або калегаў у якасці фрылансераў. Тэматычная прастора неабсяжная: вы можаце распавесці пра свой шлях у фрыланс-журналістыку, расказаць выключную гісторыю, што здарылася ў вашай прафесійнай дзейнасці, а таксама паспрабаваць раскрыць фрыланс-дзейнасць з даследчыцкай пазіцыі.
Дасылайце і праблемныя артыкулы пра становішча фрыланс-журналістаў у нашай краіне, і парады пачаткоўцам, і разважанні пра прафесію, допісы ў блогах з фантазіямі пра будучыню фрылансу… Усё гэта заслугоўвае ўвагі журы конкурсу пра фрыланс “Свабодны палёт”. Галоўнае — каб гэта было пра беларускіх журналістаў-фрылансераў.
Партнёры FBB — правабарончыя арганізацыі — абвяшчаюць пошук пераможцаў у намінацыі “Свабоднае права”. На конкурс прымаюцца работы на тэму правоў чалавека ў самым шырокім разуменні. Адзіная ўмова — каб аўтарам работы быў журналіст, які працуе ў рэжыме фрыланс.
Вітаюцца розныя формы выказвання журналісцкай ідэі: тэкст, фота, відэа, аўдыё, графіка і нават малюнкі.
Пераможцаў чакае
Аўтары найцікавейшых прац будуць запрошаныя на цырымонію ўзнагароджання ў Мінску. Аўтар найлепшай работы ў намінацыі “Свабодны палёт” атрымае падарунак — прыладу, незаменную ў сучаснай журналісцкай прафесіі. Пераможца ў намінацыі “Свабоднае права” атрымае спецыяльны прыз ад нашых партнёраў.
Крытэры ацэнкі
Работы будуць ацэньвацца па 10-бальнай шкале паводле двух суб’ектыўных крытэраў: цікавасць і арыгінальнасць зместу. Пра найлепшыя работы журы мусіць сказаць “ваў!” і праз іх адкрыць для сябе штосьці новае ў беларускім фрылансе.
Журы конкурсу
У склад журы ўваходзіць 10 чалавек з ліку беларускіх прафесійных журналістаў і праваабаронцаў. Гэта прадстаўнікі розных рэдакцый, розных рэгіёнаў, у тым ліку журналісты-фрылансеры. Галасаванне за найлепшыя працы будзе празрыстым, за атрыманымі баламі можна будзе сачыць у інтэрнэце.
Як удзельнічаць
Дасылайце свае працы з пазнакай “Свабодны палёт” на адрас freelance@baj.by да 25 снежня (да 24:00) 2015 года ўключна. У лісце таксама пакіньце сваё імя і прозвішча, кантактныя дадзеныя. Будзем рады, калі дадасцё кароткі расповед пра сваю прафесійную дзейнасць і дачыненні з фрыланс-журналістыкай.
З пажаданнямі натхнення і плёну запрашаем да “Свабоднага палёту”!