Е‑Школа “МедыяМенеджментБеларусь”: стань часткай трэнерскай каманды! (да 2 лістапада)
Зрабіць свой унёсак у развіццё медыйнага рынку Беларусі і паляпшэнне якасці беларускіх журналісцкіх і грамадскіх медыяпраектаў, перадаваць свой досвед і самому вучыцца ў прафесіяналаў, авалодаць майстэрствам blended learning (“змяшанага навучання”) і ўсё гэта – у складзе цікавай і амбітнай трэнерскай каманды. Цікава? Заяўляйся!
Е‑Школа “МедыяМенеджментБеларусь” распачне сваю працу ў пачатку 2017 г. Яе ўдзельнікамі будуць 15 прадстаўнікоў беларускіх рэгіянальных журналісцкіх і грамадскіх медыярэсурсаў.
Да пачатку 2019 г. мы плануем арганізаваць чатыры Школы, кожная з якіх будзе складацца з 4 модуляў:
- Як развіваць стратэгію вашага медыя-рэсурса
- Як ствараць, прасоўваць, прадаваць ваш кантэнт
- Як зарабляць грошы стандартнымі і нестандартнымі спосабамі і як іх эканоміць
- Як стварыць эфектыўную каманду і кіраваць ёй.
Кожны модуць прадугледжвае правядзенне стацыянарнага ўводнага трэнінга, а таксама выкарыстанне платформы Moodle для дыстанцыйнага навучання ў перыяд паміж трэнінгамі.
Гэта азначае, што на працягу месяца пасля сканчэння трэнінга ў межах модуля Вам неабходна будзе даваць удзельнікам дыстанцыйныя заданні, а таксама зваротную сувязь па выкананых заданнях.
Перад пачаткам працы Школы адабраныя для яе правядзення трэнеры пройдуць тры трэнінгі для трэнераў (20–24 лістапада 2016 г., 27–29 студзеня 2017 г., 9–11 лютага 2017 г.), на якіх пазнаёмяцца з асновамі blended learning і рознымі метадамі навучання, сплануюць фінальную версію праграмы Школы, а таксама свае ролі ў межах праграмы Школы.
Трэнінгі для трэнераў будуць праводзіць дасведчаныя эксперты з Германіі, Славакіі і Беларусі.
Арганізатарамі першай Школы з’яўляюцца Школа журналістыкі Мінскага міжнароднага адукацыйнага цэнтра і ўстанова “Цэнтр дадатковай адукацыі дарослых “Студыя карысных кампетэнцый” (Гродна).
Каб заявіцца на ўдзел у трэнерскай камандзе, запоўніце да 2 лістапада электронную анкету-заяўку.
Затым вам будзе прапанавана прайсці кароткую скайп-суразмову, па выніках якой будзе канчаткова зацверджаны спіс трэнераў, якія будуць запрошаныя на першы трэнінг для трэнераў (20–24 лістапада 2016 г.).
У выпадку, калі ў вас ёсць пытанні, калі ласка, задавайце іх па адрасе mediamanagementbelarus@gmail.com