Чацвёрты набор у Школу медыяменеджмента (заяўкі да 1 жніўня)
За 5 месяцаў навучання удзельнікі Школы паглыбяць свае веды і ўменні ў галіне стратэгічнага планавання, кіравання кантэнтам, арганізацыі працы рэдакцыі, навучацца працаваць з вэб-аналітыкай і SEO, распрацоўваць уласную бізнес-канцэпцыю развіцця медыяпраекта, засвояць розныя інструменты манетызацыі.
Выпускнікамі гэтага курсу для медыяменеджэраў ужо сталі прадстаўнікі такіх выданняў, як CityDog, TUT.BY, “Наша Ніва“, “Имена”, “Віцебскі кур’ер“, Intex-press, HrodnaLife, S13, “Вечерний Гродно“, “Твой город Гродно”, экалагічны партал Ecoidea.by, фінансавы партал Myfin.by і цэлы шэраг іншых медыяпраектаў з розных рэгіёнаў краіны.
Школа медыяменеджмэнта працуе ў Беларусі з вясны 2017 года. Праграма Школы распрацаваная прадстаўнікамі грамадскага аб’яднання “Цэнтр “Трэці сектар”, установы “Цэнтр дадатковай адукацыі дарослых “Студыя карысных кампетэнцый“, Магістэрскай праграмы па медыякамунікацыях Украінскага каталіцкага ўніверсітэту (Львоў) і Мінскага міжнароднага адукацыйнага цэнтру імя Ё. Раў пры падтрымцы Deutsche Welle Akademie.
Заняткі ў Школе арганізаваныя ў фармаце “змяшанага навучання”: удзельнікі бяруць удзел у чатырох стацыянарных трэнінгах, а таксама выконваюць дыстанцыйна індывідуальныя і групавыя заданні, бяруць удзел у вэбінарах.
Сёлета заняткі Школы пройдуць у Віцебску і Брэсце.
Графік правядзення трэнінгаў:
7–9 верасня
5–7 кастрычніка
2–4 лістапада
30 лістапада – 2 снежня.
Удзел ва ўсіх трэнінгах абавязковы!
Трэнерская каманда Школы складаецца з дасведчаных медыяменеджэраў-практыкаў з Беларусі і Славакіі, якія прайшлі грунтоўную падрыхтоўку па выкарыстанні інтэрактыўных метадаў навучання, а таксама па дыстанцыйным навучанні асновам медыяменеджмента.
Заяўкі на ўдзел у Школе прымаюцца да 1 жніўня.
Заявіцца на ўдзел у курсе могуць прадстаўнікі СМІ, іншых медыяпраектаў (у тым ліку медыяпраектаў грамадскіх ініцыятываў), скіраваных на асвятленне важных грамадскіх пытанняў. Перавагу пры адборы будуць мець прадстаўнікі рэгіянальных выданняў.
Звярніце ўвагу, што гэта курс для медыяменеджэраў (заснавальнікаў, галоўных рэдактароў, намеснікаў галоўных рэдактароў, кіраўнікоў аддзелаў і іншых асобаў, якія маюць кім кіраваць у межах свайго выдання).
Заяўкі ад журналістаў, студэнтаў і іншых асобаў, якія на момант падачы заявак не займаюць кіруючых пасад, разглядацца не будуць.
Сачыць за інфармацыяй пра Школу і пра іншыя цікавыя факты і падзеі ў галіне медыяменеджменту можна ў групе “Медыяменджмент Беларусь” у ФБ.
На здымку ўверсе: выпускнікі трэцяга набору Школы медыяменеджменту (чэрвень, 2018)