Анлайн-курс «Эфектыўныя камунікацыі для НДА і медыяў» (рэгістрацыя да 30 верасня)
Вашыя навіны не заўважаюць, але вы ўпэўненыя ў значнасці дзейнасці вашай арганізацыі ці ініцыятывы? Давайце разам разбярэмся, як пасябраваць з медыямі, дагрукацца да сваёй аўдыторыі і вынесці важную для НДА сацыяльную праблему ў эпіцэнтр увагі грамадства.
Беларуская асацыяцыя журналістаў сумесна з Фондам імя Фрыдрыха Эберта праводзіць курс па эфектыўных камунікацыях.
«Эфектыўныя камунікацыі для НДА і медыяў» — гэта бясплатны анлайн-курс для PR-спецыялістаў і супрацоўнікаў НДА, якія хочуць зрабіць сваю камунікацыю больш дзейснай, а таксама для ўсіх тых, хто займаецца прасоўваннем ініцыятыў, адвакатаваннем сацыяльных праблем і шукае дзейсныя спосабы зрабіць сваю працу прыкметнай.
Чаму варта прыйсці на курс?
Класічная камунікацыя без залішняга шуму. Даведаецеся, як выбудоўваць простыя, але дзейсныя PR-стратэгіі, каб вашы паведамленні не губляліся ў інфармацыйнай плыні, а ініцыятывы сталі заўважнымі.
Камунікацыйная стратэгія «па палічках». Высветліце, адказы на якія пытанні дае камунікацыйная стратэгія, чаму рана займацца кантэнтам або выбудоўваннем партнёрстваў і адносінаў з медыямі, калі гэтага базавага дакумента яшчэ няма, а таксама як яго стварыць.
Набор дзеянняў у адказ на негатыўныя падзеі. Зразумееце, як паводзіць сябе ў крызісных сітуацыях, як да іх рыхтавацца і як пазбягаць тыповых памылак.
Актыўная і лаяльная супольнасць вакол кантэнту ў сацсетках. Атрымаеце практычныя інструменты для ўзаемадзеяння з аўдыторыяй і развіцця кам’юніці, засвоіце метады ўцягвання і ўтрымання аўдыторыі ў Instagram і TikTok, даведаецеся, як выбудоўваць калабарацыі, партнёрствы і кааперацыі з блогерамі ды іншымі НДА, як далучаць актыўных удзельнікаў супольнасці да стварэння кантэнту.
Як НДА сябраваць з медыямі. Каму пісаць, як дагрукацца, як прасоўваць свае прадукты і праекты, як выбудоўваць нэтворкінг з улікам пытанняў бяспекі.
Як правесці маштабную медыякампанію. Даведаецеся, чаму для НДА недастаткова эпізадычна мець зносіны з журналістамі, а важна распланаваць сваю працу так, каб сацыяльная праблема, якую адвакатуе арганізацыя, пракраўшыся ў медыя, не знікла праз некаторы час з гарызонту. Азнаёміцеся з тэхналогіямі прасоўвання, якія дазваляюць тэме доўгі час заставацца ў эпіцэнтры ўвагі аўдыторыі.
Курс пройдзе з 3 кастрычніка да 21 лістапада 2024 года. Ён складаецца з шасці вэбінараў і двух ментарскіх сесій.
Анлайн-сустрэчы будуць праходзіць па чацвяргах з 18:00 да 20:30 па Вільні, 17:00 — 19:30 па Варшаве, 20:00 — 22:30 па Тбілісі.
Рэгістрацыя на анлайн-курс магчымая да 30 верасня, 18:00 па Вільні.
РЭГІСТРАЦЫЯ
Удзельнікі і ўдзельніцы, якія пройдуць конкурсны адбор, атрымаюць на e‑mail запрашэнне на курс не пазней за 1 кастрычніка. Першы вэбінар курса адбудзецца 3 кастрычніка.
Якая сітуацыя ў беларускіх медыйшчыкаў і медыйшчыц сёння? БАЖ просіць калег паўдзельнічаць у глабальным апытанні