Адукацыйны курс «Варушы мазгамі хутка!» Аналітычная журналістыка ў сеціўную эпоху» (заяўкі да 10 верасня)
Бясплатны адукацыйны курс для жадаючых навучыцца пісаць аналітычныя тэксты для вэб-рэсурсаў.
15.09.2018 — 27.10.2018. Мінск-Вільня
Інтэрнэт, сацыяльныя сеткі імгненна разносяць інфармацыю, зрываюць покрыва таямніцы з падзей, з’яў, персаналій. Здаецца, нікому і нідзе не схавацца. Але ці стаў свет болей зразумелым?
Плынь паведамленняў такая вірлівая ды пярэстая, што няпроста вылучыць галоўнае, а тым болей усвядоміць глыбінны сэнс, подбіўку, прычыны ды механізмы таго, што адбываецца.
На гэтым тле мы бачым росквіт фэйкаў, медыйных маніпуляцый, «постпраўды». Прапаганда, здаецца, перажывае рэнесанс, майстры інфармацыйных войнаў — на кані, узброеныя самымі сучаснымі тэхналогіямі. Прамыўка мазгоў квітнее.
Сёння, калі пад выглядам моднай «постпраўды» гоняць мегатоны лухты, асаблівую каштоўнасць набывае хуткі, сумленны, цвярозы аналіз, аператыўнае ды кампетэнтнае каментаванне навін, рэалій сённяшняга дня. Медыйныя аналітыкі — гэта журналісцкая эліта, на іх — вялікі попыт на прафесійным рынку працы.
Мэтрам аналітычнай журналістыкі адразу не станеш, але асновы яе майстэрства вам дапаможа засвоіць курс «Варушы мазгамі хутка!» Аналітычная журналістыка ў сеціўную эпоху». Галоўны акцэнт курса — як пісаць аналітыку для вэб-рэсурсаў. Што азначае — пісаць хутка, але разам з тым глыбока і без ляпаў.
У вас ёсць шанец навучыцца многаму:
-
знаходзіць тэму, фармуляваць праблему, выбудоўваць канцэпцыю матэрыялу;
-
абіраць той ці іншы жанр для найлепшага раскрыцця тэмы;
-
пісьменна працаваць з фактурай, экспертамі;
-
пераканаўча аргументаваць сваю пазіцыю;
-
раскусваць хітрыкі прапаганды, выкрываць фэйкі;
-
спалучаць аўтарскае «я» з рознабаковым асвятленнем праблемы;
-
трымаць фармат і пры гэтым пісаць выразна, цікава;
-
будаваць матэрыялы з улікам спецыфікі інтэрнэту, раскручваць сваю творчасць у сацыяльных сетках;
-
абыходзіць пасткі заканадаўства аб СМІ, трымацца прафесійнай этыкі.
Заняткі будуць ладзіцца ў рэжыме інтэрактыву, з акцэнтам на практыку. Вы будзеце не толькі слухаць, але і выконваць творчыя заданні, спаборнічаць.
Асноўны трэнер — кіраўнік аналітычных праектаў інфармацыйнай кампаніі БелаПАН Аляксандр Класкоўскі. Майстар-класы ў межах курса правядуць таксама палітолаг Валер Карбалевіч, аналітык «Либерального клуба» Вадзім Мажэйка, SMM-рэдактар «Зялёнага партала» Антон Сурапін.
ДА ЎДЗЕЛУ ЗАПРАШАЮЦЦА: журналісты з Мінска і рэгіёнаў, студэнты факультэтаў журналістыкі.
АПІСАННЕ КУРСА: Курс «Варушы мазгамі хутка!» Аналітычная журналістыка ў сеціўную эпоху» распачнецца 15.09.2018 і завершыцца 27.10.2018. У межах курса у Мінску па суботах пройдуць 7 заняткаў. Лепшыя з удзельнікаў пасля заканчэння курса змогуць патрапіць на майстар-клас замежнага трэнера ў Вільню.
Удзел у курсе бясплатны, але колькасць удзельнікаў абмежаваная.
Набор скончаны, усім накіраваныя лісты