Адукацыйны курс «Навіны па-новаму» (рэгістрацыя да 5 лютага)
ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» праводзіць цягам двух бліжэйшых месяцаў бясплатны курс, на якім прафесійныя рэпарцёры навучаць хутка ствараць такія навіны, якія абавязкова «выбухнуць».
Навіны застаюцца самым запатрабаваным «таварам» сродкаў масавай інфармацыі і ў эпоху Інтэрнэта.
Але гэта не так проста: зразумець, што хоча ведаць чытач, здабыць факты, якія не ляжаць на паверхні, выбраць адпаведны фармат і фокус падачы інфармацыі і пракласці ёй шлях да шырокай аўдыторыі.
Як зрабіць свой «тавар» унікальным, якраз і будзем вучыцца падчас арыентаванага на набыццё практычнага досведу курса «Навіны па-новаму».
Курс будзе карысны для тых, хто толькі пачынае працаваць журналістам, ці яшчэ вучыцца журналістыцы. А тым, хто працуе даўно, дае магчымасці рабіць сваю работу больш якасна, дзякуючы авалодванню сучаснымі інструментамі і тэхнікамі.
Цягам серыі майстар-класаў ад выбітных беларускіх рэпарцёраў мы распрацуем алгарытм дзеянняў, якія дазволяць хутка і якасна пісаць навіны на любыя тэмы.
Слухачы навучацца:
— знаходзіць навіны там, дзе іншыя іх не заўважаюць;
— здабываць эксклюзіў з прэс-рэлізаў і прэс-канферэнцый;
— распрацоўваць тэму пад адмысловым ракурсам;
— будаваць “перакуленую піраміду” па сучасных стандартах;
— пісаць лагічна, ясна, коратка.
Пасля заканчэння курса слухачы будуць умець:
- весці стрымы (наўпроставыя трансляцыі) падзей;
- прывабна запакоўваць навіны і эфектыўна карыстацца прынадамі: загалоўкам, тызерам, лідам;
- верыфікаваць інфармацыю і пазнаваць фэйкі;
- карыстацца сацсеткамі для пошуку інфармацыі, герояў і каментатараў, а таксама прасоўвання ўласных тэкстаў.
Сярод трэнераў Андрэй Махоўскі (Reuters), Ірына Леўшына (БелаПАН), Паўлюк Быкоўскі (DW), Алесь Залеўскі i Сяргей Кавалёў (Белсат, відэатрансляцыі) і іншыя.
ДА ЎДЗЕЛУ ЗАПРАШАЮЦЦА: журналісты, студэнты факультэтаў журналістыкі.
АПІСАННЕ КУРСА: Курс «Навіны па-новаму» распачнецца 10.02.2018 у Мінску і завершыцца 1.04.2018 майстар-класам замежнага трэнера ў Вільні. Паміж гэтымі датамі па суботах (з 14.00 да 18.00) пройдуць шэсць майстар-класаў ад журналістаў розных беларускіх СМІ.
Удзел у курсе бясплатны, але колькасць удзельнікаў абмежаваная.
Падаць заяўку на ўдзел можна да 5 лютага, 24:00.