• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Ігара Карнея ўключылі ў спіс «экстрэмістаў» МУС

    28 чэрвеня імя Ігара Карнея з’явілася на сайце Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі ў абноўленым Пераліку грамадзян Беларусі, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці. Тыдзень таму журналіста этапавалі адбываць тэрмін зняволення ў шклоўскую ПК-17.

    Ігар Карней журналісты палітвязні

    Ігар Карней. Фота: Радыё Свабода

    22 сакавіка 2024 года Ігара Карнея асудзілі да трох гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі агульнага рэжыму і штрафу памерам 20 тысяч рублёў. Такое рашэнне прыняў суддзя Мінскага гарадскога суда Сяргей Кацэр. Ён прызнаў журналіста вінаватым паводле часткі 3 артыкула 361–1 Крымінальнага кодэкса (удзел у экстрэмісцкім фармаванні).

    У віну асуджанаму было пастаўлена супрацоўніцтва з сайтам «экстрэмісцкай арганізацыі» БАЖ. З фармулёўкамі абвінавачання пра тое, што ў сваіх артыкулах ён нібыта «даваў ілжывую карціну пра эканамічнае, сацыяльнае, ваеннае і міжнароднае становішча Рэспублікі Беларусь», Ігар Карней не пагадзіўся.

    Рашэнне суда першай інстанцыі ён спрабаваў аспрэчыць у Вярхоўным судзе. Аднак 7 чэрвеня суддзя Аляксандр Саўчук пакінуў вердыкт Мінскага гарадскога суда без зменаў, а скаргу журналіста — без задавальнення.

    Незадоўга да разгляду апеляцыйнай скаргі ў Вярхоўным судзе Ігара Карнея перавялі з мінскага СІЗА ў Магілёў. Яго адправілі ў следчы ізалятар, які месціцца пры турме № 4.   

    Журналіст-фрылансер знаходзіцца за кратамі ўжо амаль 11 месяцаў. Ігара Карнея  затрымалі 17 ліпеня 2023 года пасля ператрусу ў ягонай кватэры. Адтуль сілавікі забралі камп’ютар і іншыя лічбавыя носьбіты інфармацыі. Спачатку сваякамі паведамілі, што ён затрыманы на 10 сутак. Некалькі дзён Карней знаходзіўся ў ізалятары часовага ўтрымання на Акрэсціна. Пасля прад’яўлення крамінальнага абвінавачання яго перавялі ў СІЗА‑1 на вуліцы Валадарскага.

    Што здарылася з Ігарам Карнеем?

    Пра тое, што стала нагодай для затрымання і ў чым канкрэтна звінавацілі журналіста, стала вядома толькі пасля пачатку судовага разбіральніцтва з афіцыйных СМІ. Яны напісалі, што прычынай крымінальнай справы, распачатай супраць Ігара Карнея, стала яго супрацоўніцтва з грамадскай арганізацыяй «Беларуская асацыяцыя журналістаў». Праваабарончая журналісцкая арганізацыя ў 2021 годзе была пазбаўленая юрыдычнага статусу Вярхоўным судом на патрабаванне Мінюста, а на пачатку 2023 года абвешчаная рашэннем КДБ «экстрэмісцкім фармаваннем».

    Па версіі абвінавачання, Ігар Карней нібыта па матывах ідэалагічнай і палітычнай варожасці працягваў супрацоўнічаць з «экстрэмісцкай арганізацыяй» БАЖ. Быццам ён ствараў для яе інфармацыйных рэсурсаў «негатыўныя матэрыялы з абразамі кіраўніка дзяржавы, прадстаўнікоў улады, журналістаў і грамадзян, якія не падтрымліваюць неканстытуцыйную змену ўлады».

    У сваім апошнім слове напрыканцы разбіральніцтва ў Мінскім гарадскім судзе Ігар Карней чарговы раз заявіў пра тое, што не лічыць сябе вінаватым:

    «Адрозна ад шэрагу калегаў, я не з’ехаў з Беларусі з пачатку пераследу незалежных журналістаў. Бо не лічыў такі крок ратавальным, мэтазгодным. Пры тым, што магчымасці былі, не скарыстаўся імі цалкам асэнсавана. Гэта мая зямля, дзе нарадзіліся мае дзяды і бацькі, я сам і мае дзеці. Ніколі не збіраўся быць ворагам сваёй радзімы. Наадварот, заўсёды ў прафесійнай дзейнасці на першым месцы быў дыялог».

    25 сакавіка 2024 года, пасля абвяшчэння судовага выраку пра трохгадовае зняволенне, беларуская праваабарончая супольнасць прызнала асуджанага журналіста палітычным вязнем.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці