Карлюкевіч можа быць прыкметай здаровага нацыяналізму — што думаюць у медыйнай сферы наконт прызначэння новага міністра
Міністэрства інфармацыі ад сёння ўзначальвае Аляксандр Карлюкевіч. Ён мае вялікі досвед працы ў рэдакцыях розных выданняў, адпаведна, не адарваны ад прафесіі і добра ведае чым і як жывуць журналісты. Ці паўплывае новае прызначэнне на сферу інфармацыі, дзе добра "зацягнулі" гайкі папярэднія кіраўнікі міністэрства, прэс-служба ГА "БАЖ" спытала ў прадстаўнікоў медыйнага поля.
Аляксей Мінчонак, прадстаўнік “Белсата” ў Беларусі
— Мы не маем дачынення да Мінінфарма, бо падкантрольныя іншаму ведамству — МЗС. Але генеральна няма чаканняў, што нешта істотна зменіцца, бо, які б міністр не быў прызначаны, ён нічога не вырашае, а толькі праводзіць палітыку вышэйшага кіраўніцтва. Гэта не той выпадак, калі асоба нешта значыць. Гэта ж не першы раз, калі мяняецца міністр, але нічога не змяняецца ў сферы. Можа быць, будуць перамены ў самім міністэрстве, але гэта іх кулуарныя справы. У інфармацыйным полі ў нас ад гэтага нічога не змяняецца.
Медыяэксперт Паўлюк Быкоўскі
— Я не думаю, што ў галіне медыя будзе адбывацца лібералізацыя. Мы ведаем, што гэта залежыць не ад асобы міністра. Інфармацыйная прастора кантралюецца сістэмна з захаваннем умоў бяспекі для палітычнай сістэмы.
Але Аляксандр Карлюкевіч быў беларускамоўным журналістам. Таму, магчыма, гэта прызначэнне можа паўплываць на змену сітуацыі, калі дзве траціны кантэнту ў нас на тэлебачанні паходзяць з Расіі.
Карлюкевіч яшчэ не зрабіў нейкіх крокаў на новай пасадзе, зрэшты гэта не надта і залежыць ад асобы. Але былы міністр Лілія Ананіч выказвалася з сімпатыямі да Расіі, Карлюкевіч жа больш беларусацэнтрычны чалавек. Нельга сказаць што ён нелаяльны рэжыму, але і рэжым цяпер зацікаўлены ў захаванні незалежнасці, пэўным здаровым нацыяналізме. Аляксандр Карлюкевіч можа і быць прыкметай здаровага нацыяналізму.
Паўлюк Быкоўскі: Медыя будуць зарабляць не рэкламай, а падпіскай
Андрэй Бастунец, старшыня ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”
— Я асабіста не знаёмы з новым міністрам, але тое, што Карлюкевіч доўгі час працаваў на розных пасадах у журналістыцы, дае пэўныя спадзевы на паразуменне. Прынамсі, гэты чалавек ведае знутры праблемы медыя.
Думаю, пасля таго як міністр увойдзе ў курс справаў, запішуся да яго на сустрэчу, каб абмеркаваць тыя праблемы, якія ў нас ёсць. Мы паспрабуем зрабіць нармальнымі ўзаемаадносіны паміж дзяржорганамі, якія працуюць у сферы рэгулявання медыя, і буйнейшай журналісцкай арганіацыяй краіны.
Іосіф Сярэдзіч, галоўны рэдактар газеты “Народная Воля”
Не скажу, што мы блізка знаёмыя з Аляксандрам Карлюкевічам, але сустракаліся шмат разоў, хоць пуд солі і не з’елі разам.
Ён быў рэдактарам адзінай дзяржаўнай беларускамоўнай газеты “Звязда”, ён лаўрэат шматлікіх прэмій. Магчыма, вяртаецца практыка (не самая горшая) далёкіх савецкіх часоў, калі рэдактары рэспубліканскіх газет вылучаліся на пасаду міністра інфармацыі. А калі на пасаду міністра вылучаецца чалавек, які прайшоў вялікую журналіскую школу, то гэта можна толькі вітаць.
Задача новага міністра палепшыць сітуацыю ў медыйнай сферы, хаця не ўсё ад яго залежыць. Важна, як ён зможа сябе “паставіць”, якую пазіцыю зойме, як будзе глядзець на рэчаіснасць, захаванне законнасці. І наогул, мне здаецца, што ён сёння павінен заняць дзяржаўную, але разам з тым і карпаратыўную пазіцыю.