Карэспандэнту «Раша Тудэй» пагражае да 10 гадоў турмы за ўдзел у масавых беспарадках у Вашынгтоне
На карэспандэнта тэлеканала RT America Аляксандра Рубінштэйна заведзеная справа аб удзеле ў масавых беспарадках. Рубінштэйн быў затрыманы ў Вашынгтоне 20 студзеня, калі ён рабіў рэпартаж пра акцыі пратэсту, якія суправаджалі інаўгурацыю прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, піша Медуза.
Фігурантам справы аб удзеле ў масавых беспарадках стаў і яшчэ адзін журналіст, затрыманы ў дзень інаўгурацыі Трампа ў сталіцы ЗША, — Эван Энджэл з амерыканскай медыякампаніі Vocativ.
Абвінавачванні ў здзяйсненні цяжкага злачынства другой ступені, выстаўленыя супраць Рубінштэйна і Энджел, прадугледжваюць максімальнае пакаранне аж да 10 гадоў турмы і штрафу да 25 тысяч даляраў. Абодва журналісты пасля затрымання былі адпушчаныя на свабоду.
Кампанія Vocativ назвала затрыманне свайго супрацоўніка «парушэннем Першай папраўкі да Канстытуцыі, якая парушае свабоду слова».
У сваю чаргу галоўны рэдактар RT Маргарыта Сіманьян напісала ў твітары, што па просьбе юрыстаў тэлеканал пакуль не каментуе справу ў дачыненні да Рубінштэйна.
Папярэдняе слуханне па справе Рубінштэйна прызначанае на 16 лютага.
У дзень уступлення Дональда Трампа на пасаду прэзідэнта ў Вашынгтоне ўдзельнікі акцый пратэсту разбілі некалькі аўтамабіляў і вітрын крам. Паліцыя была вымушана прымяніць спецсродкі для разгону дэманстрантаў. Больш за 200 удзельнікаў акцыі пратэсту былі затрыманыя.