Карэспандэнту “Газеты Слонімскай” Язэпу Палубятку вярнулі ў міліцыі забраную раней тэхніку
Карэспандэнт “ГС” на Мастоўшчыне Язэп Палубятка 6 красавіка забраў з Мастоўскага РАУС сістэмны блок камп'ютара, сканэр, фотаапарат і мабільны тэлефон, вынятыя міліцыяй падчас ператрусу ў сувязі з адмністрацыйнай справай.
— Сёння мне вярнулі забраную 22 сакавіка тэхніку, якая была гарантам аплаты мной штрафу. А вось астатняе не аддалі. Сцяг, партыйныя часопісы і дакументы, міліцэйскія шаўроны пачатку 1990‑х гадоў, дзве флэшкі з маімі літаратурнымі творамі і чарнавікамі, яшчэ нешта засталося ў міліцыі. Каб гэта ўсё вярнуць, цяпер патрэбна звяртацца з заявай у Гродзенскі абласны суд праз суд Мастоўскага раёна. Такая працэдура. Сёння спецыяліст праверыць, у якім стане вярнулі тэхніку, і можна будзе працаваць далей, — расказаў службе маніторынгу ГА “БАЖ” Язэп Палубятка.
Нагадаем, што суд Мастоўскага раёна 25 сакавіка аштрафаваў Язэпа Палубятку на 15 базавых велічынь за адзіночны пікет паводле артыкула 24.23 КаАП — за бел-чырвона-белы сцяг і ружу на падваконніку ў яго кватэры. Да суда Палубятку трое сутак трымалі ў міліцыі за кратамі.