Карэспандэнт завадской газеты БМЗ назвала сябе «няправільным ідэолагам» і звольнілася на знак салідарнасці
На Беларускім металургічным заводзе ў Жлобіне карэспандэнтка аддзела інфармацыі, ідэалогіі і развіцця персанала Сняжана Пагодзіна, якая працавала ў шматтыражнай газеце "Металург", прызнала сябе "няправільным ідэолагам". У заяве на звальненне на імя намесніка генеральнага дырэктара Андрэя Кулакоўскага яна напісала, што "не згодная з кадравай палітыкай наймальніка, трактоўкай ідэалагічнай працы на прадпрыемстве, а таксама на знак салідарнасці з усімі звольненымі працаўнікамі з прычыны іх палітычных перакананняў".
У відэазвароце карэспандэнтка «Металурга» адкрыта выказала сваю грамадзянскую пазіцыю: «Перажываю за ўсіх пацярпелых ад палітрэпрэсій хлапцоў, страйкую і, о Госпадзе, лайкаю і каментую «апазіцыйную інфармацыю».
Сваю грамадзянскую пазіцыю Сняжана не збіраецца мяняць, як і не збіраецца мірыцца з кадравай палітыкай наймальніка, які выстаўляе за прахадную працаўнікоў за іх палітычныя перакананні.
«Цяжка глядзець на ўсё, што адбываецца ў нашай краіне, але яшчэ цяжэй — гэтага не бачыць. Гэты летаргічны сон мусіць хутка скончыцца, і мы ўсе прачнемся ў новай і свабоднай Беларусі. Я веру, што ўсе нашы ахвяры не дарэмныя, я веру, што ўжо зусім хутка мы зможам смела і адкрыта пісаць праўду, я веру, што ў нашай краіне ўсталююцца мір і справядлівасць. Жыве Беларусь!», — зазначае ў сваім відэазвароце на YouTube Сняжана Пагодзіна.