Карэспандэнт “Газеты Слонімскай” Язэп Палубятка выйшаў на волю ў Дзень Волі — са штрафам
Сёння ў Мастах судзілі карэспандэнта “Газеты Слонімскай” Язэпа Палубятку. На падставе міліцэйскага пратакола суд прызнаў яго вінаватым у парушэнні парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў (арт. 23.34 КаАП) і пакараў штрафам памерам 15 базавых велічынь. Тры дні да суда журналіста ўтрымлівалі за кратамі — пасля затрыманага на допыце ў мастоўскай міліцыі 22 сакавіка.
Такім чынам Язэп Палубятка выйшаў на волю з‑пад варты ў Дзень Волі крыху менш як праз 72 гадзіны пасля затрымання. Увесь гэты час родныя і калегі не маглі атрымаць інфармацыю, пра лёс спадара Язэпа і чаму яго затрымалі.
Палубятку судзілі за адзіночны пікет: пікетам суд палічыў выяву на падваконніку яго кватэры бел-чырвона-белага сцяга і ружы.
Журналіст прызнаў, што выява сцяга і ружа сапраўды былі на падваконніку яго кватэры. У гэтай частцы Палубятка пайшоў на супрацоўніцтва з судом і прызнаў наяўнасць парушэння заканадаўства з яго боку.
— Абскарджваць судовае рашэнне не буду. Я пайшоў на супрацоўніцтва з судом і пагадзіўся з парушэннем. Сёння крыху адпачну і пайду аплачу штраф. Заўтра планую забраць з міліцыі адабраную тэхніку, літаратуру і рэчы. Потым буду вырашаць, што рабіць з тымі, хто ўчыніў гэты незаконны вынятак, — распавёў пра свае бліжэйшыя планы Язэп Палубятка.
У панядзелак, 22 сакавіка, аб 11-ай раніцы ўласны карэспандэнт “Газеты Слонімскай” у Мастах Язэп Палубятка пайшоў па позве на допыт у міліцыю. Дамоў у той дзень ён не вярнуўся. Да яго дадому прыйшлі з вобшукам. Паводле слоў жонкі журналіста, міліцыянты праглядзелі паперы, кнігі, часопісы. У выніку забралі сістэмны блок камп’ютара, мабільны тэлефон, які муж пакінуў дома, сканер, фотаапарат.