Караткевіч, Давыдзька і Казіятка абмеркавалі ў Лондане свабоду беларускіх СМІ
Экс-кандыдат у прэзідэнты, адна з лідараў кампаніі «Гавары праўду» Таццяна Караткевіч выступіла на канферэнцыі Рады Еўропы ў Лондане. Тэма — роля парламентаў у паляпшэнні становішча ў галіне свабоды СМІ. Акрамя палітыка, ад Беларусі туды паехалі кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька і гендырэктар СТБ Юрый Казіятка.
— У мяне была магчымасць расказаць, што ў нас ёсць цяжкасці са свабодай медыя, іх празрыстасцю, а таксама — прэзентаваць сваю арганізацыю, — распавяла TUT.BY Караткевіч. — Нам патрэбен шырокі грамадскі дыялог, які без медыя не арганізаваць.
Караткевіч заявіла, што працы незалежных СМІ ў Беларусі перашкаджаюць «разнастайныя, часцей надуманыя, абмежаванні з боку ўлады». Палітык падкрэсліла, што міжнародная супольнасць магла б садзейнічаць вырашэнню такіх даўно наспелых праблем, як, напрыклад, акрэдытацыя радыё «Рацыя» і тэлеканала «Белсат», допуск ў падпіску штотыднёвіка «Свободные новості-плюс» і пераслед уладамі фрылансераў.
— Публічных дыскусій з Давыдзькам і Казіяткам у мяне не было, яны з дакладамі не выступалі. Адзінае, Давыдзька выказаў афіцыйную пазіцыю, якую шмат разоў ужо агучвала і [міністр інфармацыі Лілія] Ананіч, што ў нас шмат прыватных зарэгістраваных медыя.
Караткевіч ўдалося пагутарыць з кіраўнікамі БТ і СТВ у перапынку.
— Яны прызналі тыя праблемы, якія прагучалі падчас канферэнцыі, у прыватнасці, што няма разумення і празрыстасці ў фінансаванні дзяржаўных СМІ. У іх пытанне ўзнікла, а хто фінансуе незалежныя СМІ.
Палітык таксама спытала кіраўнікоў дзяржаўнага ТБ, якім будзе асвятленне парламенцкай кампаніі.
— Яны сказалі, што ў іх усё будзе ў рамках заканадаўства і што тэлеканалы рыхтуюць нейкія дыскусійныя праекты, магчыма, будуць пашыраць колькасць выступоўцаў.
Акрамя канферэнцыі Рады Еўропы, Караткевіч правяла сустрэчы ў МЗС, з прадстаўнікамі Лейбарысцкай партыі і беларускай дыяспары ў Лондане.
Абмяркоўвайце ў каментах!