• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Каранавірусныя грымасы або Па слядах адказу Гомельскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя

    Журналіст Анатоль Гатоўчыц піша пра ўладу, грамадства, інфармацыю ў часы пандэміі COVID-19. Накіпела.

    Яшчэ да пандэміі каранавіруса на долю майго пакалення выпала багата выпрабаванняў. Але новы вірус SARS-CoV­‑2, бадай, пераўзышоў усе ранейшыя немачы. Ён выклікае хваробу, паражаючы лёгкія чалавека. Б’е тут і цяпер, нярэдка — напавал.

    Натуральна, журналісцкая супольнасць кінулася да арганізатараў аховы здароўя. А тыя — нібы вады ў рот набралі. У Гомелі начальнік галоўнага ўпраўлення аховы здароўя аблвыканкама Мікалай Кудзянчук пазбягаў хоць якіх каментароў пра сітуацыю з распаўсюдам каранавіруса. Адмоўчваўся і абласны цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя.  Журналістаў, якія цікавіліся гэтай тэмай, сталі перанакіроўваць у прэс-службу аблвыканкама, куды згаданыя ведамствы сяды-тады скідвалі фрагментныя звесткі пра эпідэмію каранавіруса ў рэгіёне. З іх не зразумець, як і адкуль з’явіўся небяспечны вірус, у якіх населеных пунктах “атабарылася” інфекцыя.

    Трапляліся зрэдку кіраўнікі, якія па першым часе шчыра пацвярджалі інфармацыю пра ўспышкі каранавіруса. Прыкладам, галоўны санітарны ўрач Акцябрскага раёна Алег Лук’яненка не баяўся размаўляць з журналістамі. У сярэдзіне красавіка, паводле Лук’яненкі, у мястэчку тэсты на каранавірус аказаліся станоўчымі ў 17 мясцовых жыхароў. Іх адправілі лячацца ў Гомель. Успышка інфекцыі ў Акцябрскім пачалася сярод персанала раённай бальніцы. Мясцовы лекар ездзіў на вучобу ў Мінск і, праўдападобна, прывёз адтуль каранавірус, бо захварэў першым. На каранцін у райцэнтры адправілі адразу паўтара дзясятка медыцынскіх работнікаў.  Каб не спыняць кваліфікаваную дапамогу насельніцтву, у Акцябрскі камандзіравалі лекараў з Рэчыцы і Гомеля.

    Рудабельская адкрытасць (Рудабелка — старая назва пасёлка Акцябрскі) у нейкім сэнсе — выключны выпадак. У цэлым жа выглядала, што трымаць рот на замку кіраўнікам медыцынскіх і санітарных устаноў загадалі зверху. Аляксандр Лукашэнка  публічна заяўляў, што не бачыць таго віруса, што ўсё гэта «каранавірусны псіхоз», які для Беларусі  «не мае аніякага значэнння».

    У красавіку праз прэсавую службу Гомельскага аблвыканкама я, як журналіст “Народнай волі”, накіраваў зварот у галоўнае ўпраўленне аховы здароўя з просьбай паведаміць пра сітуацыю з каранавірусам у Лельчыцах, Мазыры, Буда-Кашалёве ды іншых гарадах. Запытваўся таксама пра забеспячэнне медыкаў ахоўнымі касцюмамі, а лячэбныя ўстановы — апаратамі штучнай вентыляцыі лёгкіх.

    Нікім не падпісаны і досыць скупы электронны ліст прыйшоў праз шэсць дзён. На некаторыя пастаўленыя пытанні адказу наогул не было. Прэс-сакратарка аблвыканкама Вольга Рабікава паведаміла, што атрымала такі ліст з абласнога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі. У лісце, у прыватнасці, паведамлялася, што ў Лельчыцах шпіталізаваны 167 чалавек як кантакты першага ўзроўню захварэлых на COVID-19. Яшчэ 276 чалавек, кантакты другога ўзроўню, узяты пад меднагляд. Аднак колькасць хворых на каранавірус абласны цэнтр гігіены не назваў, хоць з іншых крыніц было вядома, што з Лельчыц 22 мясцовых жыхароў накіравалі лячыцца ў інфекцыйную бальніцу Гомеля.

    «Небарака не вытрымаў»

    Што сітуацыя з каранавірусам складаная сведчылі факты, якія больш падобныя былі на франтавыя звесткі. А пачалося ўсё, бадай, з Віцебска, дзе ў апошнюю сакавіцкую ноч памёр заслужаны артыст Беларусі Віктар Дашкевіч. Акцёр быў інфікаваны каранавірусам.

    «Мы падазраем, што ў Віцебску гэты акцёр памёр, і ў яго таксама быў да пнеўманіі і іншага яшчэ і гэты вірус. Ну мы ж прасілі — яму заўтра 80 гадоў будзе… — чаго ты ходзіш па гэтай вуліцы, а тым больш працуеш?

    Жонка здаровая — яна ж з мужам жыла, — дачка здаровая. Таму што імунітэт моцны. А ён, небарака, не вытрымаў. Паступіў з цяжкай пнеўманіяй, на штучнай вентыляцыі лёгкіх ляжаў, ратавалі яго», — адазваўся на смерць заслужанага артыста Аляксандр Лукашэнка.

    Потым былі іншыя смерці.  А ў гэты час з самага верху трансляваліся парады, якія здзіўлялі і абуралі людзей: маўляў, ад каранавіруса ратуе гарэлка і праца ў полі на трактары. Ахоўная маска — гэта «наморднік». Урэшце  кіраўнік дзяржавы заявіў: «Ніхто ад каранавіруса ў нашай краіне не памрэ. Тое было 13 красавіка,  калі ўжо перадача каранавіруснай інфекцыі ва ўсю крочыла па краіне, а лік новых інфікаваных беларусаў штодня прырастаў сотнямі.

    На жаль, людзі паміралі, у тым ліку і медыкі. Беларусы ўзяліся  дапамагаць медыкам — паўставалі валанцёрскія ініцыятывы. Заварушыліся і ўлады. Сталі прыстасоўваць розныя лячэбныя ўстановы пад інфікаваных пацыентаў: радзільні, скура-венералагічныя дыспансеры, анкалагічныя аддзяленні, санаторыі. У Гомельскай абласной клінічнай бальніцы захварэлым на COVID-19 аддалі гастраэнтэралагічнае аддзяленне ў шматпавярховым корпусе, выдзеліўшы яго ў «чырвоную зону».

    А якую ж зваротную інфармацыю атрымлівала грамадства ад адміністратараў структур аховы здароўя і санітарнай бяспекі? Аніякай! У другой палове красавіка яны наогул замаўчалі. Іх сайты запоўнілі агульнымі рэкамендацыямі засцярогі ад COVID-19. Звесткі пра захварэўшых у гарадах і мястэчках наогул зніклі. Усе сталі ківаць на Міністэрства аховы здароўя Беларусі — там міністр Уладзімір Каранік са сваімі намеснікамі ўсё тлумачыць.

    На паверку ж аказалася, што міністэрства апошні раз называла звесткі пра захварэўшых па рэгіёнах 20 красавіка, калі ў Мінску было звыш трох тысяч хворых на каранавірус, у Віцебскай вобласці — паўтары тысячы, у Гомельскай — 322 чалавекі. У іншых рэгіёнах — і таго менш. А памерлых па ўсёй краіне — 51 пацыент, ды і тыя, сцвярджалася афіцыйна,  з «шэрагам хранічных захворванняў і выяўленай каранавіруснай інфекцыяй».

    Наш санітарна-эпідэміялагічны дабрабыт

    Не маючы афіцыйнага пацверджання, як запалалі ад віруса Светлагорск, Рагачоў, некаторыя іншыя райцэнтры, звярнуўся з электронным лістом у прэс-службу Гомельскага аблвыканкама,  якую абавязалі нібыта даваць інфармацыю пра пандэмію каранавіруса ў рэгіёне. А інфармацыі той усё няма і няма.

    «І не будзе, — дадае прэс-сакратарка Вольга Рабікава, — бо і мне яе не даюць».

    Пачытаў Закон Рэспублікі Беларусь «Аб санітарна-эпідэміялагічным дабрабыце насельніцтва», прыняты 7 студзеня 2012 г., №340‑З. І асабліва артыкул 27, паводле якога беларускім грамадзянам не толькі гарантуецца спрыяльнае асяроддзе пражывання, але і (цытата) «атрыманне поўнай, праўдзівай і своечасовай інфармацыі пра санітарна-эпідэміялагічнаую абстаноўку, стан асяроддзя пражывання чалавека, санітарна-эпідэміялагічныя мерапрыемствы, якія праводзяцца…».

    Спаслаўся на згаданы артыкул і наўпрост даслаў электронны зварот галоўнаму дзяржаўнаму санітарнаму ўрачу Гомельскай вобласці Аляксандру Тарасенку. Папрасіў паведаміць пра колькасць выяўленых хворых на СOVID-19 у абласным цэнтры, у раёнах,  а яшчэ адказаць, колькі чалавек памерлі ад каранавіруса ў рэгіёне і колькі вылечыліся?

    Адказ прыйшоў неўзабаве ад імя Тарасенкі, але за подпісам яго намесніка, відавочна, Расціслава Зіновіча. Сам Аляксандр Аляксандравіч на той час, як пісаў сайт «Сильные новости», нібыта захварэў на каранавірус, а можа і не захварэў — хто ж яго ведае, калі няма спраўджанай інфармацыі. 

    У нашым выпадку Тарасенка на мой запыт адказаў ветліва-культурна: «Усе дадзеныя па захворванні інфекцыяй COVID-19 па Рэспубліцы Беларусь, у тым ліку і па Гомельскай вобласці, размяшчаюцца на сайце Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь».  Спасылкі, канешне, не пакінуў, дзе гэтыя звесткі ў разрэзе па рэгіёнах пабачыць, каб, едучы ў Мазыр ці Светлагорск, ведаць, дзе асабліва трэба быць абярэжным.  Не толькі журналістам — усім і кожнаму.

    Цуд на ўвесь свет

    Што да агульных афіцыйных звестак, то так, мы іх ведаем. Па стану на 22 ліпеня пацверджаныя 66 521 выпадкаў COVID-19, памерлі 513 чалавек. Паводле колькасці выпадкаў на мільён насельніцтва, Беларусь на 17-ым месцы ў свеце і 5‑ым — у Еўропе. 55 799 суайчыннікаў паправіліся і выпісаныя пасля захворвання на COVID-19.

    Цяпер беларускае кіраўніцтва сцвярджае пра нейкую асаблівую стратэгію пераадолення пандэміі каранавіруса, якой свет не бачыў. 

    І сапраўды дзіва. У Швецыі, дзе як і ў Беларусі не ўводзілі жорсткіх каранцінных мер, але абмяжоўвалі збор людзей не больш за пяцьдзесят чалавек, уводзілі дыстанцыйнае навучанне, на 21 чэрвеня зарэгістравана 65 137 «кавідных» хворых, смяротных выпадкаў —  5 280. Гэта ў чатырнаццаць разоў больш смерцяў, чым у нас.

    Мне даводзілася тры разы бываць у Швецыі , бачыць іхнюю прыхільнасць да акуратнасці і парадку. Нам да іх, мякка кажучы, далекавата. Шведскае кіраўніцтва выбрала стратэгію «калектыўнага імунітэту» — і сумныя вынікі такога выбару пацверджаныя шведскай жа статыстыкай. 

    Беларускі рэжым таксама за выпрацоўку «калектыўнага імунітэту», але лічбы ў нас чамусці падаюцца «вясёлкавыя».

    Незалежныя медыі ўжо параўноўвалі нашы непрапарцыйныя лічбы распаўсюду каранавіруснай інфекцыі і летальнага сыходу з сусветнымі паказчыкамі і задаваліся пытаннем: у чым тут справа?  У лепшым здароўі беларусаў, лепшай сістэме аховы здароўя ці ўсё ж такі ў маніпуляцыі з лічбамі і запісамі ў медычных гісторыях захварэлых? І схіляліся да апошняй версіі, якая ва ўмовах адсутнасці інфармацыі выглядае цалкам верагоднай і здольнай пацвяджаць словы кіраўніка дзяржавы, што ў Беларусі «ніхто ад каранавіруса не памрэ».

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці