Караеў: Я чытаю каментары ў незалежных СМІ і спрабую зразумець настроі грамадства
«Палачную сістэму трэба мяняць, бо за палкамі і за птушачкамі не бачна людзей», — пра гэта расказаў карэспандэнту «Нашай Нівы» міністр унутраных спраў Юрый Караеў падчас адкрыцця помніка загінулым у вайне воінам чырвонай арміі пад Мінскам.
Па словах міністра, асноўная праблема ў тым, як выпрацаваць новы крытэр.
«Любы чалавек мусіць быць ацэнены за сваю работу. Калі ідзе размова пра якасць працы, то за кожнай крымінальнай справай, за кожным зваротам — чалавечы лёс, а гэта важней за любыя палкі», — мяркуе Юрый Караеў.
Міністр прывёў паралель: на заводзе ад работнікаў патрабуюць, каб ён зрабіў пэўную колькасць дэталяў. У міліцыі часам аналагічна: патрабуюць і раскрыцця пэўнай колькасці злачынстваў, і разгляду зваротаў грамадзян. Але гэта не галоўнае.
Ён спадзяецца, што будзе ўведзена бальная сістэма — калі за раскрыццё значнага карупцыйнага злачынства, якое нанесла вялікую шкоду грамадству, гэтых балаў налічыцца больш.
Па словах Караева, існуюць сотні дробных і лёгкадасягальных спраў з нейкай побытавай драбязой: доктару далі пляшку кан’яка ці настаўніку торт. «Але не варта ганяцца за такімі паказчыкамі», — падкрэсліў міністр.
«Не можа такога быць: што ты зрабіў адну вялікую справу, засталося шмат свабоднага часу, а ты сядзіш і думаеш, нічога не робіш. Галоўнае — і якасць адпрацоўкі матэрыялу, і каб людзі не засталіся пакрыўджанымі», — мяркуе Караеў.
«Не толькі я, але і кіраўнік дзяржавы, і людзі даюць нам такі пасыл! Усё тое, што ёсць ў каментарах, у тым ліку на незалежных выданнях ці нават на апазіцыйных, я ўважліва чытаю, спрабую зразумець і прапусціць праз сябе градус настрояў людзей і грамадства», — тлумачыць Юрый Караеў.
«Я ніколі не кажу «ай, там пішуць пакрыўджаныя ці каму няма чаго рабіць. Ці «канапавыя войскі» — я ніколі так людзей не называю, — рэзюмуе міністр. — Там пішуць даволі пісьменныя людзі. Іх ацэнка для мяне вельмі шмат значыць, і я да яе прыслухоўваюся».